Мінскі напрамак. Том ІІ
- Автор: Мележ Иван Павлович
- Год: 1958
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай лiтаратуры
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мінскі напрамак. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Убегшы ў асіннік, ён адчуў, што задыхаецца, і пайшоў цішэй. У полі стрэлы сціхлі, чулася толькі фырканне матораў, ляскат гусеніц ды загадныя воклічы.
Ён знайшоў.лагчынку, зарослую зеллем і маладымі дрэўцамі, між якіх было многа густалістага арэшніку. Клямт упоўз у гэтую навісь цяністай зеляніны і лёг, прыслухоўваючыся да гукаў з поля. Непадалёку ад лейтэнанта хаваліся салдаты з яго ж палка.
Неўзабаве Клямт заўважыў, што рускія сталі прачосваць лес. «Праз гэтых нягоднікаў і мяне могуць знайсці!» — падумаў пра салдат устрывожана Клямт.
Ён стаў шукаць больш надзейнага месца. Калі лейтэнант прабіраўся праз гушчар, то наткнуўся на свайго салдата Трэйдэ, але Клямт зрабіў выгляд, што не пазнаў яго, і хутчэй вільнуў убок.
Ён зашыўся ў такі зараснік, што здавалася, быццам надышоў вечар. Было сыра і моцна пахла прэллю.
Да Клямта даходзілі галасы і зрэдку чэргі аўтаматчыкаў, якія ўсё набліжаліся. Раптам лейтэнант праз бязладную вязь галля ўбачыў рускіх зусім блізка. Іх было тут трое. Адзін з іх, наставіўшы аўтамат, па-нямецку скамандаваў камусьці ўстаць.
Побач з імі падняўся салдат у нямецкім мундзіры: гэта быў даўгарукі Трэйдэ. Калі ён сюды забраўся, Клямт не заўважыў, — мусіць, непрыкметна перапоўз. Трэйдэ стаў нешта даводзіць рускаму, і раптам Клямт пачуў — «лейтэнант... батальён», з чаго Клямт здагадаўся, што Трэйдэ гаворыць пра яго. Трэйдэ паказаў кудысьці рукою, і лейтэнант улавіў словы:
— ...павінен быць там...
Яны адразу падаліся туды... Клямт цяпер іх не бачыў; прытаіўшыся, ён уважліва прыслухоўваўся да галасоў. Галасы даходзілі зблізку і чуліся то справа, то ззаду... «Шукаюць. Мяне шукаюць...» — здагадаўся Клямт. Ён стаў на коленцы і пачаў сачыць за байцамі, як толькі было можна, бо лісце і галлё зарасніку перашкаджалі назіраць.
Клямт адшпіліў кабуру, выняў пісталет і паставіў на баявы ўзвод. Ён жывым не дасца. Перш чым памрэ, ён заб'е іх, — раней за ўсё таго чарнявага порсткага сержанта...
— Ён недзе тут, — сказаў Трэйдэ.
«Дрэнь, — падумаў з грэблівасцю Клямт. — Афіцэра выдае, каб выратаваць сябе». Клямт мімаволі стаў націскаць спускавы кручок пісталета — хацелася прадзіравіць гэтаму нягодніку галаву.
— Ён тут... Я ўпэўнен, ён тут, — даводзіў Трэйдэ.
Але рускі сержант рэзка махнуў рукой.
— Чорт з ім! Пойдзем, хлопцы.
Адзін аўтаматчык пусціў наўгад па хмызняку нізкую чаргу.
Яны пайшлі.
ЧАСТКА ПЯТАЯ
Раздзел І
1...
Дарога, дарога.
Дрыжыць, млее ў далечыні лёгкая, як муслін, блакітная смуга. Яна вабіць, цягне да сябе. Смуга ахінае далёкія вёскі, узгоркі, палі, пералескі. Хочацца хутчэй дайсці да іх, убачыць усё вачыма так, як яно ёсць.
Дарога хутка прыводзіць туды. Але — смуга зноў далей мігціць. І зноў далячынь наперадзе, якая вабіць і кліча. Прырода адкрывалася танкістам вялікім прасторам, вечна зменнаю, рухомаю,— кожную хвіліну паўставала ўсё новае...
Яна таксама нібы святкавала з людзьмі. Лясы, лугі квітнелі, як ніколі, буйна і радасна.
Ва ўсёй зялёнай красе стаялі дубы, раскінуўшы шырока галлё з лапчатым густым лісцем, радасна трымалі свае вяршыні-кудзеркі з меднымі галінамі-жыламі сосны, ірвалася на святло, на дарогі розная лясная драбната, ад якой было аж цёмна ў лесе, — рабіны, арэшнік, беразнячок.
Спела азіміна. Пачынала выганяць вострыя трубкі яравая пшаніца, аўсы...
Калі танкі ішлі па лясной дарозе, то дрэвы сваімі галінкамі і лістамі-далонямі дакраналіся да брані, гладзілі запыленых аўтаматчыкаў і чорных танкістаў, якія сядзелі на вежах. Пагладзіўшы, дрэвы потым доўга ківалі ім услед галінамі, быццам развітваліся.
— Глядзі, як прырода радуецца нам! — сказаў аднойчы Колышаву зачаравана Гогабярыдзе. — Прыбралася, як дзяўчына.
— Не, таварыш лейтэнант. Лепш, — як маці, якая сустракае сыноў...
Сандро ўспамінаўся першы год вайны. Тады таксама буялі лясы, але ў той час бачыць усё гэта было горка. Ведаць, што яно дастанецца заклятаму чужынцу...
А цяпер — як не радавацца цяпер гэтаму хараству, багаццю гэтаму: яно зноў нашае!..
У ціхай, амаль пустой вёсцы, дзе танкі прыпыніліся, да лейтэнанта Гогабярыдзе нясмела падышоў белабровы босы хлопчык у зрэбным.
— Дзядзечка, вы, кажуць, тут начальнік...
— Калі кажуць, то, відаць, так і ёсць, — адказаў Сандро, расчэсваючы каштанавыя валасы, падстрыжаныя пад «паўбокс». — Начальнік, хоць і малы... А што такое, герой?