Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
Не тое каб вельмі ўжо хацелася адразу «класіфікаваць», пазначыць парафію і дастачыць да пэўнага літаратурнага рада аповесць Алеся Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля» (пра яе пойдзе размова). Але нельга не заўважыць, напрыклад, сугучнасці створанага Алесем Жуком відавочнаму ў літаратуры імкненню да спасціжэння вечных ісцін, абумоўленымі сацыяльнымі з'явамі часу, абавязковай супрычаснасцю чалавека да ўсяго, што адбываецца побач з ім. Пра той стрыжань асобы, без якога чалавек не можа быць чалавекам. І вось пра тое, што нідзе і ніяк «не абысціся без душы». І пра тое, што душа гэта ў вакууме і ўвогуле ў любым штучным асяроддзі жыць не можа. А за нармальную атмасферу існавання ў прамым і пераносным сэнсе гатова і прывыкла змагацца. Таму што пачатак усяго існага — у прыродзе. Трэба быць гаспадаром, гаспадаром на зямлі. Права на гэта ў нашай краіне ёсць у кожнага. Але пра абавязак не кожны памятае.
Сцяпан Дзямідчык, герой аповесці «Паляванне па Апошняга Жураўля», памятае заўсёды. Жывая яго душа чалавечая не можа спакойна глядзець, як гіне ўраджай, як часовы чалавек у вёсцы, толькі дзякуючы выпадку старшыня калгаса, Прымачак, збіраецца пазбавіцца ад апошніх коней — план па мясу выканаць. А Сцяпан разумее — «вёска без каня як не сапраўдная. Як без душы...». Конь, карова, сабака не проста частка гаспадаркі — частка жыцця. А ў жыцці патрэбны і дамавіты дымок над хатай, і туманы над родным полем, і перадранішняя цішыня, і жураўліны кліч, калі бліжэй да тэксту, «кліч Апошняга Жураўля».
Пра Апошняга Жураўля Сцяпан заўсёды ўспамінае ў тыя хвіліны, калі застаецца сам-насам: толькі маўклівая мудрасць поля; ці ў крайнім выпадку — паважлівая ўвага ўнука. Унуку ён і расказвае легенду пра Апошняга Жураўля. Перадаючы чутае ад дзеда. Даючы новае жыццё легендзе. Пра тое, як прыйшоў у сям'ю людзей Журавель, як, засумаваўшы па родным небе, вярнуўся да сваіх крылатых сародзічаў, а песню, душу сваю, тут, у людзей, пакінуў. Дамовіўшыся — «будзе ён кожнае восені прылятаць, будзе душу сваю гукаць. І пакуль душа тая будзе, пакуль ён па яе прылятаць будзе, датуль род наш чалавечы на зямлі будзе».
Сама легенда згадваецца недзе бліжэй да канца аповесці, а думае Сцяпан пра Апошняга Жураўля з першае да апошняе старонкі. І пасля смерці Сцяпана — як сведчанне вечнага жыцця душы народа, вечны жураўліны покліч — што абавязкова вяртаецца, абавязкова шукае водгуку.
Гэтая прытча-легенда пра Апошняга Жураўля і роздум пра адзінства вечнага і часавага, чалавека і прыроды, дзеянняў чалавечых і маральных законаў жыцця, што ў аповесці з'яўляюцца разам з думкамі пра Апошняга Жураўля, і абумоўліваюць у аповесці спалучэнне лірыка-філасофскага і сацыяльна-значнага, маральнага пачаткаў. Тут, у аповесці, дарэчы, ёсць уласцівы апошнім часам не толькі савецкай, але і сусветнай літаратуры зварот да міфалогіі, фальклору (Габрыэль Гарсіа Маркес, Алеха Карпенцьер, Лайаш Мештэрхазі, Кэндзабура Оэ, Айі Квейі Арма). І тая ж наяўнасць элементу фантастычнага — «метафары жыцця» (Ч. Айтматаў) — з'яўленне рэальнага Апошняга Жураўля, да каторага далятае, але не забівае, куля з ружжа, якое падае той, што пазней пацэліць у Сцяпана Дзямідчыка.
Гэтая легенда надае асаблівую глыбіню, важкасць задуме аповесці, яна і пазначае сувязь сучаснага з мінулым і будучым, канкрэтных падзей і ўсяго, «вечнага, што было і будзе».
Але сіла і своеасаблівасць празаіка Жука яшчэ і ў тым, што ён, тонкі лірык, пісьменнік, які ўмее мысліць глыбока, абстрагавана, яшчэ і пэўна стаіць па зямлі, дакладна ведае цану факту, асэнсоўвае актуальную сацыяльную праблему.
А сацыяльная праблема вострая. Тая, што балюча хвалюе Бялова, Абрамава, Распуціпа, настойліва гучыць у многіх беларускіх аўтараў. І жорстка, непрымірыма — тут, у аповесці Алеся Жука.
У аповесці ёсць калгас. Не з лепшых. Ёсць у ім брыгада — у вёсцы Альховыя Крыніцы. Вёсцы неперспектыўнай — з'явіўся такі ходкі тэрмін для вызначэння з'явы не проста сумнай, грознай.
У гэтых самых Альховых Крыніцах — «з трыццаці сямі двароў чатыры двары не пенсіянерскія». Значыць, рана ці позна застанецца чатыры двары. Вось якая яна, неперспектыва. А ўжо з гэтых трыццаці трох пенсіянерскіх адзін двор абязлюдзеў — памёр дзед Даніла, каваль. У Альховых Крыніцах «яшчэ на адным двары на наступнае лета бітая нагамі сцежка пачала зарастаць травою...».
Галоўны герой аповесці «Паляванне на Апошняга Жураўля» — Сцяпан Дзямідчык — у гэтай самай брыгадзе № 3, у неперспектыўнай вёсцы Альховыя Крыніцы, брыгадзірам. Як спрабуе акрэсліць сітуацыю старшыня калгаса Прымачак — неперспектыўны брыгадзір у неперспектыўнай брыгадзе. На самай справе — вельмі ж замінае Прымачаку ва ўсіх ягоных замахах. У старшыні перспектыва даляглядаў утылітарных, але простая і немудрагелістая, як моркаўка з гарода. Перспектыва ж гэтая выглядае так: татачка Прымачака ў райцэнтры майструе цагляны дамочак у два паверхі — з паравым абагрэвам і гаражом — арэчаўленае суцяшэнне на выпадак служэбнага краху. Крах гэты Прымачак, у нядаўнім мінулым інжынер, а зараз нікчэмны старшыня калгаса, прадчувае. Вымова ў яго ўжо ёсць.