Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
І — зноў. Спалучэнне патэтыкі з іроніяй, для польскай паэзіі ўвогуле, здаецца, характэрнае, згадаем хаця б Норвіда і Стафа. Дык вось, гаворка пра паэзію. Высокую паэзію. «Паэзія! Святло майстэрні! Ты светач мой лабараторны, і чарадзейны, і містэрны, як набажэнства, непаўторны!» Перакладчык вытрымлівае суцэльную аналогію з арыгіналам у гэтым месцы. Высокі стыль. Але памятае, што Тувім валодае віртуозным майстэрствам ажывіць агульныя і абстрактныя паняцці, сутыкнуць паняцці розных вобразных радоў, самы розны лексічны матэрыял. І разам з паэтам мяняе парадны алімпійскі крок на лёгкі шал подбегу іроніі. І тады свавольны Тувімавы Пегас прадстае такім у перакладзе Сёмухі: «Я ў школе —/конь у садзе/ школьным/ грабе ўжо пругкай/ ножкай глебу;/ я п'ю гарэлку — / конь свавольны/ гарцуе, /грывай чэша неба...»
Тут самая пара што-небудзь канкрэтнае давесці да параўнання. Радкоў, праўда, не лічыла, але ва ўсіх выпадках, калі нешта прасілася на параўнанне, відаць была эквілінеарпасць перакладу, адпаведны радок быў на месцы. Але галоўная вартасць і значнасць перакладу ў тым, што Васіль Сёмуха ідзе ў ім не ад абавязковай адпаведнасці слова слову, а ад думкі аўтара, ад настроенасці яго, ад мелодыкі і рытмікі верша, ад асаблівасцей беларускай і польскай моў. Імкнецца — і дасягае гэтага — не згубіць самай сутнасці паэмы, яе духоўнага настрою, яе стылю. Яе нацыянальнай своеасаблівасці.
Дарэчы, калі ў гаворцы пра «Польскія кветкі» па аналогіі заўсёды згадваюцца «Яўгеній Анегін» Пушкіна, «Донжуан» Байрана, «Бянеўскі» Славацкага, творчыя набыткі Каханоўскага, Норвіда, Міцкевіча, Стафа, дык, маючы на ўвазе пераклад Сёмухі, нельга не адчуць існаванне ў літаратуры «Новай зямлі» Якуба Коласа і «Тараса на Парнасе». І ў тым, і ў другім выпадку справа, канечне, не ў нейкіх канкрэтных паралелях, а ў нармальнай літаратурнай пераемнасці і ўзаемапранікненні, не ўплыве — а менавіта творчым наследаванні традыцый. Калі паэт, а за ім перакладчык-творца пішуць біяграфію краіны і біяграфію часу, біяграфію народа і біяграфію аўтара.
В. Сёмуха вельмі беражліва ставіцца да тэксту Тувіма, але не трымаецца за кожнае слова, як сляпы за штыкеціну ў плоце. Перакладчык адчувае размах крылаў творчай фантазіі Тувіма, стварае не зададзеную слоўную мадэль арыгінала, а паўнапраўны сатвор.
Часам, праўда, В. Сёмуха «заніжае» стыль аўтара: «На лежаках далей — іх пані у чортведама якім убранні». У арыгінале: «Далей на лежаках пані — каларытныя нечувана». («Opodal na leżakach panie/ Kolorystyczne neisłychanie».) Або наадварот. У Сёмухі — абстрагавана-вытанчанае: «князь белы статнасці і паху» (пра кветку нарцыс). У Юльяна Тувіма такой абстрагаванасці няма: «нарцыс, белы князь з казкі» («narcyz, biały książę z bajki»). Мы не знойдзем у Тувіма ні «шарагі», ні гешэфту, але вольны, раскаваны стыль Тувіма, што так шырока ўводзіў у свае вершы лексіку прадмесцяў Варшавы і Лодзі і выступаў супраць «містычнай задухі» дэкадансу, мабыць, без страт можа ўвабраць гэтыя фацэтныя слоўкі. Калі ў яго ёсць «фраераў», дык чаму б там не быць і «шаразе»?
В. Сёмуха не піша (ці не публікуе) уласных вершаў. Але ўсё, што ён перакладае, гаворыць пра яго як пра паэта, майстра слова. Ён з тых, хто ўмее перадаць чужое «я», надаўшы яму ўсё лепшае ад «я» ўласнага, а самае галоўнае, даносіць жывы водар арыгінала. Перакладаючы «не літару — літарай, а гумар — гумарам, прыгажосць — прыгажосцю» (К. Чукоўскі), адчуваючы гармонію створанай паэтам рэальнасці і ўмеючы праверыць гэтую гармонію алгебрай дакладна вывераных слоў.
«НЕ АБЫСЦІСЯ БЕЗ ДУШЫ...»
У сваім інтэрв'ю «Литературной Грузии» (1982, № 10) Надар Думбадзе згадвае словы Гётэ: «...таму, хто адкрывае новае, патрэбна шчасце, вынаходніку — мозг, але ні аднаму, ні другому не абысціся без душы...»
Апошнім часам, як бы наноў адчуўшы гэту ісціну і паспрабаваўшы яе ў сацыяльнай і індывідуальнай эмпірыцы, літаратуры ўсё больш настойліва спрабуюць усвядоміць духоўны вопыт, духоўны свет сучасніка ў непарыўнай іх сувязі, што існуе паміж канкрэтным сённяшнім днём, далёкім і менш далёкім мінулым і заўсёднымі законамі вечнасці.
Відавочна тэндэнцыйна вузкімі аказваюцца энергічныя прагматыкі Чашковы і мала падобныя на пераможцаў пераможцы Руслана Кірэева побач з героямі твораў Чынгіза Айтматава («І вякуе дзень даўжэй за век»), Данііла Граніна («Карціна»), Надара Думбадзе («Закон вечнасці»), Віктара Карамазава («Пушча»), Віктара Казько («Цвіце на Палессі груша...»). Гаворка тут не толькі пра канкрэтныя персанажы, а пра асноўную тэму, ідэю, настрой твора.