Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 162
Перейти на страницу:

— Ведаеце, — казаў Анатоль, шырокімі ўзмахамі ручніка выціраючы грудзі і шыю, — чакаў водпуску, як свята якога. А прыехаў, паверце, занудзіўся. Без працы занудзіўся. А там хлопцы ўжо, пэўна, Вургунскі тунель канчаюць. Прыеду, калі ўсё скончана будзе.

Вадзім няўцямна перасмыкнуў плячыма — дзівак, маўляў, чалавек, а Ірынцы раптам здалося, што ў гэтага русавалосага, смяшлівага хлопца ёсць нешта ад таго далёкага зацятага Мексіканца. Не, знешне ён, вядома, зусім не падобны на агнявокага, адзінокага Рыверу — ён зусім іншы, ды і іншых часоў чалавек. Але, як і ў тым фанатычным змагары, адчувалася ў ім нешта неспатольна ўпартае, выразнае, раз і назаўсёды вызначанае і нязменнае — мабыць, гэтая бескарыслівая самаадданасць, улюбёнасць да сваёй, відаць, неверагодна цяжкай працы. Ірынка зноў, як і там, над катлаванам, шырока расплюшчыла вочы, поўныя невыказнага захаплення, і, не міргаючы, здзіўлена глядзела на Анатоля.

Невядома, што думаў Вадзім і ці заўважыў ён што, толькі раптам нейкі чужы яго голас ураз парушыў Ірынчыны зданімары. Яна азірнулася з болем на разгубленым здзіўленым твары.

— Ірынка, ты ж пляму пасадзіла. Глядзі, во, во, ля кішэні, — з прытоенай прыкрасцю казаў Вадзім. Яна слаба павярнулася, спрабуючы зазірнуць на свой бок, а муж ужо ўкленчыў побач і цёр насоўкай заплямленае месца.

— Чорт вазьмі, — вось сюрпрыз. Першы раз гарнітур адзела — і на табе. Трэба ж глядзець… — стрымана папракаў ён жонку. Анатоль, закінуўшы ручнік за плячо, таксама стаяў побач і зазіраў на палу сапсаванай адзежыны.

— Пэўна, гудрон ці мо’ дзе-небудзь каля ізаляцыі. Трэба бензін. Пайду, спытаю ў бабкі.

— Ды не трэба, што вы, — знарок весела ўсміхнулася Ірынка. — Адчысцім, глупства.

— Бензінам нельга, бензін паліць, — заклапочана сказаў Вадзім. — Вось эфір у роўнай дозе з хлараформам — другая справа. Гэта найлепшы сродак.

— Ды ну, хай, даволі, даволі… — слаба адгаворвалася Ірынка, вызваляючы ў мужа палу. Яна ўжо ледзь стрымлівала крыўду, што падступіла да горла. Анатоль выпрастаўся, змахнуў з пляча ручнік і, цвёрда стоячы на шырока расстаўленых нагах, усміхнуўся, упершыню зазірнуўшы ў самыя вочы дзяўчыны.

— Ну, нічога. Падумаеш, вялікая справа — пляма. Праўда, Ірына Пятроўна? Было б клопату…

І тады нешта не вытрымала ў Ірынцы, яна скаланулася, хліпнула, і з яе вачэй паліліся роспачныя слёзы. Ірынка затуліла твар далонямі, але слёзы ўсё цяклі — па шчоках, між пальцаў, і яна, ужо не маючы сілы стрымаць сябе, адкінулася на спінку крэсла і ўздрыгвала ўсім целам. Вадзім з жахам на твары кінуўся да яе, абхапіў за вузкія худыя плечы і пытаў усё:

— Ірынка! Ірынка! Чаго ты? Я ж нічога… Я так…

Анатоль, здзівіўшыся ад такога здарэння, пабег у пакой паваду. Над нізкім плотам ад суседняга двара з’явіліся тры дзіцячыя галоўкі — сур’ёзныя наіўныя вачаняты ўстрывожана глядзелі на Ірынку.

Яна плакала нядоўга, але гэтулькі застарэлай горычы вылілася з яе душы, што яна спалохалася потым, каб не нарабіць чаго горшага. Ей не шкада ўжо было сваёй маладосці, толькі нясцерпна балела ад вялікага расчаравання, якое цяпер выразна адчула яна. Аднак яна нічога нікому не сказала, толькі раптам змоўкла, выцерла твар і ўзнялася. Вадзім з вінаватым выглядам усё таптаўся ля яе; збянтэжана чухаў патыліцу слаўны, нечакана такі блізкі і дарагі Анатоль. Яна трохі вінаваціла сябе ў душы, што патурбавала і засмуціла сваёй нястрыманасцю гэтага чалавека, і ціха сказала яму:

— Даруйце мне.

Пасля яны з Вадзімам выйшлі на вуліцу. Маўклівы, насцярожаны Анатоль праводзіў іх крыху — відаць, яму было чагосьці няёмка, ён ужо не смяяўся і ад рогу вярнуўся назад.

Пакуль яны ішлі ціхай, цяністай вуліцай, Ірынка паспакайнела трохі, але ўсё не адважвалася ўзняць заплаканых вачэй, не адказвала на бясконцыя Вадзімавы пытанні — ціха ішла яна са сваёй тугой, адзінокая і панылая. Напружанне і трывога, якія ўсё тамілі яе, пакрысе аслабелі, але па — ранейшаму было горка і цяжка. А Вадзім, неяк фальшыва нервуючыся ад таго, што здарылася, усё туліў да сябе яе локаць і неадчэпна ўгаворваў жонку:

— Ну чаго ты? Ну што за натура! Нельга ж так. Падумаеш, пляма! Чорт з ёй, урэшце. Другі купім, лепшы…

Наўкола ўсё лескаталі лісцем дрэвы і мітусіліся, ляцелі кудысьці пушынкі таполяў. Дзяўчына няўцямна глядзела на іх бясконцы лёт і выразна адчувала, што назаўсёды згубіла спакой, што жыццё неўпрыцям абмінула яе і бязлітасна адпомсціла за здраду дзявочым марам. Яшчэ яна думала, што так трываць нельга, трэба нешта рабіць, нешта перайначыць — інакш яна ўзненавідзіць сябе.

1 ... 59 60 61 62 63 64 65 66 67 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)