Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 221
Перейти на страницу:

На гэты раз яны спыніліся значна далей ад рова, на слуп ніхто ўжо з іх не палез, і лейтэнант зірнуў у процілеглы канец шашы — цяпер, мабыць, трэба было рашыцца.

Ён жвава споўз па адхоне на дно рова, павярэдзіўшы набалелае сваё сцягно. Півавараў ускочыў з наседжанага ў снезе месца, Іваноўскі моўчкі кіўнуў яму, і яны, прыціскаючыся да крутога боку адхону, хутка пайшлі па рове ўніз. Тут іх ужо лёгка маглі заўважыць з дарогі, лейтэнант упаў за снегавую хрыбціну, уціснуўся ў снег; побач спрытна закапаўся ў снег Півавараў. Апухлы ад сцюжы і бяссонніцы хлапечы твар байца знерухомеў у найбольшай увазе, час ад часу лейтэнант перахопліваў яго ўстрывожаныя запытальныя позіркі. Лежачы на дне рова, баец нічога не бачыў і ва ўсім спадзяваўся на камандзіра, які прымаў цяпер рашэнні, што так многа значылі для абодвух.

Але адсюль ужо і сам лейтэнант нічога не мог убачыць і змушаны быў спадзявацца на слых, якім старанна перабіраў усе разрозненыя зменлівыя гукі, што даляталі з дарогі. Ведама, гэта быў не самы надзейны спосаб з усіх магчымых для пераходу, але іншага ў яго не засталося. Дачакаўшыся, калі вуркотны гул дызеляў на шашы трохі аслабне, і не злавіўшы паблізу якіх новых гукаў, Іваноўскі сказаў сабе: «Давай!» — і ўскочыў на ногі.

Праз некалькі скачкоў па глыбокім снезе ён дасяг прыдарожнага канца рова, выглянуў з яго — на шашы сапраўды было пуста, хаця на дальні пагорак ён проста не паспеў глянуць. Ён з шалёным імпэтам выскачыў на наезджанае палатно шашы і размашыста саскочыў з яго ў снег на дно наступнага адрэзка рова. Бегучы, ён з задавальненнем учуў за сабой стомленае дыханне Піваварава і з усяе сілы кінуўся да ўжо недалёкага павароту рова. Праз некалькі крокаў, аднак, зноў пачуў напружанае завыванне матораў і ўнутрана сцяўся, чакаючы крыкаў або, можа, стрэлаў. Але ўсё ж ён паспеў схавацца за паваротам. Півавараў схаваўся трохі пазней, Іваноўскі, азірнуўшыся, згледзеў, што машыны паявіліся на секунду пасля таго, як баец упаў за паваротам. Машыны прамчаліся, не збаўляючы хуткасці, і ён упершыню за ранак уздыхнуў з палёгкай:

— Фу, чорт!

Абодва хвіліну аддыхваліся, пасля Іваноўскі прыўстаў на каленях і агледзеўся. Здаецца, паблізу быў нейкі хмызняк — рэдзенькае яго вяршалле месцамі тырчэла з-за высокага бруствера, і лейтэнант з байцом расслаблена пайшлі па рове. Далекавата ўжо адышоўшыся ад шашы, яны спрабавалі вылезці ў поле, і, на здзіўленне камандзіра, Півавараву гэта ўдалося хутчэй; лейтэнант жа з першай спробы дабраўся толькі да сярэдзіны адхону і, паслізнуўшыся на круцізне, споўз да самага нізу. Зноў вельмі забалела сцягно. На гэты раз ён не захацеў душыць у сабе стогн, і Півавараў азірнуўся на брустверы, кінуўшы ў яго бок востры, недаўменны позірк.

— Нічога. Усё ў парадку.

Іваноўскі сабраўся з духам, пераадолеў боль, баец падаў камандзіру лыжную палку, з яе дапамогай той нарэшце пераваліўся цераз бруствер.

— Так. Цяпер на лыжы.

Тут, напэўна, ужо можна было ісці каля рова, ад дарогі прыкрываў бруствер і няблага хаваў хмызняк. Справа і воддаль шарэла вяршалле хвойнічка, дзе іх сёння чакала ўдача або няшчасце, слава або, можа, смерць — іх лес.

7

Пакуль яны прадзіраліся на лыжах у кустоўі, Іваноўскі адчуў прыступ нейкага непрыемнага, амаль неадольнага ў сабе неспакою.

Было зусім невядома, чаму гэты неспакой менавіта цяпер так настойліва даняў лейтэнанта. Урэшце, усё складвалася больш-менш удала: яны перайшлі шашу, здаецца, іх не заўважылі, зусім ужо блізка была мэта іх труднага шматкіламетровага начнога шляху. Хаця і з непаладкамі, але набліжаўся фінал, пэўна, цяпер яны маглі ўжо што-небудзь зрабіць. Праўда, сілы іх зменшыліся — частку страцілі пры пераходзе лініі фронту, двое зніклі ўначы, трое засталіся па той бок шашы, і тут іх было толькі двое. Двое, вядома, не дзесяць. Але наўрад ці гэтая акалічнасць была прычынай яго невыразнага і такога неадольнага цяпер неспакою.

Чым бліжэй яны падыходзілі да хвойнічка, тым усё нецярплівей рабілася на душы ў лейтэнанта. Нецярпенне нарэшце ахапіла яго так моцна, што ён не мог дазволіць сабе спыніцца, каб паправіць на сцягне павязку, — здаецца, пачала крывяніць рана. Зрэшты, ён даўно ўжо стараўся не заўважаць свае раны, да яе збольшага прыцерпеўся за ноч, Цяпер ён нават не дужа азіраўся па баках — ён упарта імкнуўся да хвойніку, быццам там чакала яго самая вялікая ў яго жыцці ўзнагарода. Півавараў, мокры ад поту, які ён перастаў ужо выціраць з твару рукавом маскхалата, стараўся не адстаць, і яны задыхана, хуткім крокам шыбавалі ўскрайкам кустоўя. Ужо зусім добра развіднела, дзьмуў нямоцны марозны вецер, неба, завалочанае хмарамі, нізка навісла над шэрым, непраглядным, затуманеным марознай смугой прасторам.

1 ... 62 63 64 65 66 67 68 69 70 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)