Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Мне тамашняя цётка Сонька казала, нібыта Зміцер перадаў сілу дачцэ, Насці…
— Не, ён яе проста навучыў таму, чаму паспеў. Але цалкам сілу перадаць можна толькі перад смерцю.
— Слухаю цябе, і быццам я — не я. У мяне — законы, а я тут распытваю пра вядзьмарства, быццам пра апошнія змяненні ў крымінальным кодэксе… І ты зараз усё можаш, як ведзьма? І што можаш?
— Дзівак ты, Васілька, дзівак дурненькі, — Надзея пацягнулася і ўскудлаціла мне валасы. — Вядзьмарская сіла — той жа талент ад прыроды. Вось нарадзіўся таленавіты мастак. Але ж можа так і памерці, працуючы бухгалтарам. Разумеет? Талент — усяго толькі здольнасць. Але не ўменне. Трэба вучыцца, працаваць нястомна…
— А ты. ты будзеш вучыцца?
— Не! — жорстка адказала Надзея. — Не хачу. Ведаю, што ў экстрэмальных сітуацыях умение падсвядома прыйдзе. Як тое веданне прыйшло, каб цябе адшаптаць ад круга забыцця. Вось зараз я і паўтарыць не змагу. І не трэба. Калі лёсу будзе патрэбна — ён пакліча маю сілу. І я яе скарыстаю. Але ведаю дакладна: на зло не буду..
— Зло — не браць чужога, не браць лішняга… — успомніў я словы бабулькі Марылі.
— А ты — мой! Мой! — Надзея глядзела на мяне без усмешкі, адкрыта і неяк безабаронна. — Нікому не аддам. І мне цябе ніколі не будзе многа. Але. трымаць цябе сілай не буду. Захочаш пайсці — ідзі.
— Дык. няма куды, — няўклюдна аджартаваўся я.
— А да Зіначкі?
Рэўнасць, самая звычайная, жаночая, разанула ў Надзеіных словах, і я вінавацячыся, выдыхнуў:
— Даруй мне, калі ласка. Не за тое, што было ці магло быць. За тое, што пайшоў.
— І ты мне даруй. за тое пытанне. Так нельга было.
— Я праваліў тэст? — успомніў я словы Тамары.
— Ты нічога не правальваў. Так нельга было, я дурніца, — паўтарыла Надзея. — Пойдзем спаць? Нядзеля. Нікуды не трэба, мы будзем спаць доўга-доўга.
— А я. не засну.
— Я цябе прысплю, — паабяцала Надзея. — Буду спяваць табе калыханку.
Я памыліўся — заснуў адразу, бы праваліўся ў мяккую цёплую цемру, толькі дакрануўся да падушкі і пачакаў, пакуль Надзея пакладзе галаву на маю руку.
Мы і прачнуліся гэтак жа, не зварухнуўшыся за кароткі час сну. Здавалася, прайшло не больш за пяць-дзесяць хвілін, але ў пакоі было светла, а мая «кухня», акно якой выходзіла на ўсход, нязвычна ззяла ад сонечнага святла. На падлозе ля канапы вібрыраваў тэлефон Надзеі.
— Не буду браць, — не расплюшчваючы вачэй, прагаварыла Надзея.
— Не бяры, — падтрымаў яе я, абхапіў другой рукой, пацягнуў да сябе — цёплую, мяккую.
Тэлефон змоўк і адразу ж зноў пачаў гудзець.
— Выкінь яго!
— А гэта… гэта Сяргей, — усміхнулася Надзея, расплюшчыла вочы. — Мы збіраліся на досвітку на рыбу.
— Я сваю злавіў, хай едзе і ловіць сабе, — я прыціснуў Надзею да сябе.
— Задушыш! — яна вызвалілася з абдымкаў, села на канапе, падняла тэлефон.
— Усё, гатуй сняданак! — без лішніх слоў загадала яна, паслухала і дадала: — Табе няхай і абед, а нам — снеданне… Устаём, сорам які! — павярнулася да мяне, усміхнулася разгублена: — Ужо дзевяць! Пагавораць суседачкі…
Мы і сапраўды ўчора, пакуль майстравалі новыя вароты ў Надзеін двор, дамовіліся пра ранішнюю рыбалку сёння. Сяргей юнаком часта прыязджаў да сваёй цёткі, Надзеінай маці, і любіў тут хадзіць на рыбу. У яго на радзіме не было ні ракі, ні больш-менш добрай азярыны — адно копанкі, у якія дзятва запускала карасёў. Тыя пладзіліся і праз гадоў пяць выводзіліся — не раслі вялікімі, хіба на паўдалоні. А з заходняга боку нашага райцэнтра пачыналіся асушаныя балоты, цэлая сістэма каналаў і канаў. Рыбе хапала месца і ежы, то вяліся тут і паўсюдныя карасі, і ліні, і плоткі з акунямі. І шчупакі, канешне. Пра ўсё гэта мне расказваў Сяргей, смакуючы будучую рыбалку.
Аказваецца, у юнацтве Надзея была яго спадарожніцай па канавах, любіла не менш за свайго стрыечнага брата вудзіць рыбу, пры гэтым шанцавала ёй не меней за яго, хіба што бракавала спрыту і вытрымкі. Я напачатку здзівіўся, калі Надзея прызналася, што адну нядзелю ахвяруе рыбалцы з задавальненнем. А потым самому стала непрыемна ад свайго здзіўлення. Было прыкра з-за сваёй немагчымасці канчаткова вызваліцца ад свайго стэрэатыпу ўспрымання Надзеі як звычайнай гандляркі, для якой галоўнае ў жыцці — рынак і грошы. Добра хоць, устрымаўся, не паддаўся хвіліннаму здзіўленню, не выказаў яго ўголас, не лыпнуў вачамі…
Дарога, падалося, была вельмі доўгай. Пакінулі машыну і яшчэ ішлі ўздоўж адной канавы, зарослай па берагах густой ракітай, пераходзілі па даўно пакладзеным, але сёння патрэбным бадай адно вось такім рыбакам, як мы, мастку.