Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
І гэта не мы спыніліся ўслед за сціханнем навальніцы ў сваёй празе насычэння адно адным, у імкненні даць адно аднаму максімум, на які здольны цалкам свабодны ў сваіх жаданнях чалавек, вызвалены ад сарамяжлівасці і штучнай прыстойнасці, гэта само неба, чуйнае і глыбокае, раптоўна апала ў сваім шаленстве ўслед за намі, і апошнія хвалі дрыжыкаў аргазму на целе Надзеі адгукаліся лагодным вуркатаннем грому, што не быў далёка, а проста над намі — невядомая істота, якая жыла, сілкавалася нашым шаленствам і піла з нашай жарсці.
Мы ляжалі колькі хвілін моўчкі, астываючы і супакойваючыся, не кажучы ні слова, бо яны ў гэты момант былі не проста непатрэбнымі — любое з іх было б фальшывым, бо язык чалавечы раптам апынуўся бясконца бедным, каб выказаць хоць малую кроплю ўдзячнасці і пяшчоты адно аднаму за гэтае бязмежжа шчырай жарсці.
Урэшце Надзея, мякка паціснуўшы мае пальцы сваёй рукой, слізганула з канапы, шчоўкнула свяцільняй. Узняла рукі ўгару, сплёўшы пальцы, пацягнулася і закружылася.
Першы раз яна так адкрыта, без аніякай сарамлівасці, дэманстравала перада мной сваё насычанае ласкай аголенае цела, менавіта дэманстравала, паварочваючыся павольна, гледзячы на мяне сваім мілым гарэзлівым позіркам.
— Я шчаслівая. Я самая шчаслівая. — Я самая-самая шчаслівая. — напявала яна.
Адчыніла шафу, дастала першую, якая патрапілася на вочы, маю кашулю, надзела, падкасала рукавы, зашпіліла гузік. Толькі адзін. Чацвёрты зверху. Стала, адставіўшы крыху адну нагу, уперла левую руку ў бок, правую закінула за шыю і схіліла галаву, прымружыла вочы:
— Я табе падабаюся? Кажы, я буду гатаваць табе каву!
— У кашулі маёй, адно на чацвёрты гузік зашпіленай, ты гатуеш мне каву, — прадэкламаваў я з нечаканым хваляваннем. — Людзі забываюць многае. Я не змагу цябе ніколі забыць у маёй кашулі.
— Паверу! Але праверу! — Надзея прайшла на «кухню».
Мы пілі каву на верандзе, адчыніўшы дзверы ў ноч, дзе шапатаў па лісці сцішаны дождж.
— Надзюш.
— Чую.
— Я пра круг хачу спытаць.
— Пытайся.
— Дык праўда?
— А чым гэта можа быць? — Надзея адставіла кубак, хітра прымружылася, нахілілася да мяне і загаварыла таямнічым шэптам: — Усё было не так! Я згаварылася, каб цябе спаілі наркатычным настоем на мухаморах, украла ў Падлужнага плуг, дзеўкі за літр каньяку наладзілі інсцэніроўку старажытнага абраду. Урэшце, мэта была дасягнутая: я завалакла цябе ў свой ложак і сёння зацяжарала! Сёння была ноч Цмока! Цяпер ты будзеш ведаць, як зараджаюцца Цмокі! І я нараджу яго — ён прынясе мне шчасце, а цябе з’есць!
— Надзюш. Не прыдурвайся. Дык праўда?
— Праўда тое, у што верыш.
— А ты верыш? Скажы!
— Я ведаю.
— Што ты ведаеш? — не адставаў я.
Надзея маўчала, быццам раздумвала, казаць ці не, і пачала апавядаць такой інтанацыяй, бы малому дзіцяці казку:
— Ведзьмакі ведаюць шмат якіх страшных спраў. Але многія рэчы робяцца агулам, вядзьмак тут толькі дапамагае. Круг забыцця — страшны. Калі з яго выскачыш, страх пераадолеўшы, то страціш усю памяць, забудзеш, хто ты ёсць. А калі ранка дачакаешся, то дакладна не будзеш помніць апошніх дзён. Жанчыны аруць баразну, а вядзьмак у гэты час нагаворвае закляцце: на колькі дзён чалавека пазбавіць памяці.
— Навошта? Які сэнс у гэтым? Няўжо яны хацелі, каб я на нешта забыўся?
— Значыць, хацелі.
— Не дражніся, — я прыцягнуў яе да сябе, захапіў яе прыпухлыя і знясіленыя ад нядаўніх пацалункаў вусны сваімі, але адпусціў, абмяк: — Што ты ўзяла… ад Зміцера?
— Глупства, — яна адказала быццам са смехам, але ж я не змог не адчуць падману.
— Зміцеру была наканавана страшная смерць? Чаму?
— Бо вядзьмак, — не ўтрымала ўздыху Надзея. — Нямала зла нарабіў, хоць і дабра таксама. Каго лячыў, а каго калечыў. Яны, ведзьмакі, пакуль у сіле, не хочуць думаць пра нейкія маральныя нормы. Ім усё адно: ці даць маладзіцы адвару, каб мужыка чужога прысушыла навек, ці зелле прыгатаваць, каб дзіця ачуняла, ці мужчынскую сілу вярнуць або забраць. Ім няважна. пакуль маладыя. Бо яны над людзьмі.
— І ты. узяла грахі Зміцера на сябе?
— Не. Грахі яго я не брала: яму за іх самому адказваць. Сілу яго ўзяла. І памрэ ён простым чалавекам, не будзе пакутаваць месяцы. Іначай яны не паміраюць — толькі праз страшэнныя мучэнні. То ім тут, на зямлі, ці то адплата за зло, што людзям нарабілі, ці то пакаранне за тое, што сілу сваю не перадалі.
— Стой, стой, — я прыўзняўся, нават сеў. — Ты цяпер вядзьмарка?
— Канешне! Я ёй і была, я ж табе казала! Таму і змог Зміцер мне сілу перадаць, абы каму не перадасі.