Ноч Цмока
- Автор: Гапеев Валерий Николаевич
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Жанр: Детективная фантастика
Электронная книга - «Ноч Цмока». Краткое содержание книги:
Гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…
— Ад круга не зелле трэба…
— А што? — Надзея падалася наперад, голас яе задрыжэў: яна адчувала, што прайграла. — Кажы!
Зміцер глядзеў на яе, скасіўшы вочы. Не, ён не ўсміхаўся пераможна, але не казаў ні слова.
— Добра, дзед Зміцер, — выгаворваючы кожнае слова паасобку, пачала сцішана Надзея. — Я прапаную табе людскую смерць. Я вазьму тваё.
— Вой, дзетачка, нашто табе, родная? — войкнула баба Марылька, перажагналася. — Табе ж жыць…
— Мне жыць, я адмалю, — адмахнулася Надзея, не паварочваючы галавы да старой. — Дзед! Ты згодзен? Я дам табе па-людску сканаць, — паўтарыла яна. — Ты не будзеш у пакутах маліць смерць прыйсці за табой. Ты ведаеш, які канец цябе чакае. Кажы мне!
— Вазьмі мяне за руку, — нарэшце папрасіў стары.
— Не бярыся, дзетачка, адумайся! З гэтай навукі адныя мукі, — зноў паспрабавала спыніць Надзею баба Марылька. Але тая бы не чула папярэджання, зрабіла крок да старога, узяла схуднелую руку, сціснула ў сваёй.
— Бяры, — выдыхнуў Зміцер, і Надзея ўздрыгнула ў наступны момант, па целе яе прайшлася кароткая хваля дрыжыкаў. Яна выпусціла старэчую руку, з хвіліну стаяла, заплюшчыўшы вочы, быццам прыслухоўвалася да сябе.
— Цяпер кажы, — нечакана знясіленым голасам папрасіла яна.
— На ваду пашапчы. Ты цяпер ведаеш, як шаптаць. З сабой пакладзі яго. Ваду з цыцкі дай, хопіць, каб толькі вусны памачыў. Няхай засне…
— Бывай, дзед Зміцер, — цяпер ужо спакойна, нават лагодна, развіталася Надзея, азірнулася да старой: — Добра начаваць, баба Марылька.
Мне здавалася, я бачу, адчуваю і разумею ўсё. І ўсё ўспрымаю з неверагодным спакоем, абыякавасцю нават, быццам нішто вакол не датычылася мяне. Дакладней, датычылася, але ж я ні пры чым, я — маленькі хлопчык, хіба можна мяне ў нечым абвінаваціць і потым пакараць? Не, гэта вышы дарослыя справы, дзікунскія справы…
Мы ехалі ў горад, я сядзеў на заднім сядзенні, мне было ўтульна і хораша. Так хораша… Нічога не турбавала, не было ні холадна, ні спякотна, не хацелася ні піць, ні есці. Адзінага жадалася: каб вось так ехаць праз ноч доўга-доўга, бясконца ехаць…
І зноў Надзея распранала мяне, мне зноў было пакутліва-сорамна стаяць пад струменьчыкамі вады ў дуты, а потым яшчэ вытрываць выціранне сухім мяккім ручніком. І толькі пах ручніка — тонкі, валошкавы, прыцярушваў, размываў вострыя абрысы сораму ў свядомасці.
Нарэшце я быў у ложку, і зямля зноў загайдалася, але цяпер лагодна, павольна, мяне закалыхвала. Я адчуў голае цела Надзеі побач са сваім, памкнуўся адсунуцца, але яна прыціснулася настойліва, паклала сваю руку мне пад галаву. Чуў яе шэпт, хуткі, гарачы, а потым ля майго рота апынуліся яе грудзі, да вуснаў дакрануўся халодны мокры смочак. Я яшчэ паспрабаваў абурыцца: як мне, такому даросламу ўжо, які разумее, што аголенага цела трэба саромецца, даюць смактаць цыцку? Ды нейкі непадуладны розуму інстынкт прымусіў схапіць вуснамі смочак — і на гэтым свет знік.
14.
У навальнічнай ночы ёсць глыбокая спрадвечная інтымнасць.
У памяць мне надоўга запала першая ў маім жыцці навальнічная ноч. Я быў тады ў бабулі Леаніды, Лёні, як клікалі яе вяскоўцы. Быў жывы і дзед Юзік. Адной ноччу мяне разбудзіў гром. Жыгалі маланкі, якія ўспыхвалі ў вачах нават праз прыплюшчаныя павекі. Было страшна расплюшчваць вочы, але яшчэ страшней было заставацца аднаму ў цемры, якая, гэта адчувалася, яшчэ больш гусцела пасля сполахаў маланак.
Я пабачыў маленькі кволы агеньчык свечкі, якая стаяла ў шклянцы з зернем на стале. На ўслоне сядзеў дзед Юзік у пінжаку, але ў сподніх нагавіцах, побач з ім у доўгай начной сарочцы — баба Лёня. Яны маўчалі. Дзед пазіраў за вакно, і я дзівіўся: нават ніводная жылка не ўздрыгвала на яго твары, калі бухаў пярун. А баба. Баба даверліва нахілілася да яго пляча, і вусны яе варушыліся: яна нешта хутка, але бязгучна прамаўляла.
Я першы раз пабачыў, як дзед і баба, ды яшчэ ў такой во адзежы, сядзяць побач. Так, я бачыў, як мама часам сядзела ля бацькі, схіліўшы яму галаву на плячо, але тут. У постацях бабы і дзеда было нешта большае за даверлівасць, непадуладнае майму дзіцячаму разумению, але тым не менш яскравае сваёй даросласцю, асаблівай пяшчотай, такой, якая мне і ў той час падалася асаблівай, якую трэба хаваць ад чужых вачэй, няхай сабе і вачэй унука.
Мабыць, баба адчула тады мой позірк, бо страпянулася, вызваліла сябе са свайго засяроджвання і падышла да мне.
— Спі, унучак, навальніца ўжо сціхае.
— А чаму вы не спіцё? — спытаў я шэптам.
— То дарослым нельга спаць у навальніцу, унучак, такое правіла. А ты спі, дзіцятка, ужо сціхае.