Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Працяты трывогаю, я дабягаю да танка. Абсыпаны снегам, ён, аднак, цэлы. Зверху на ранейшым месцы раскінутыя ногі Юркі. «Нежывы!» — б’е ў голаў спалох. Я кідаюся да борта, каб узлезці наверх, і ледзьве не падаю, спатыкнуўшыся аб немца. Той курчыцца ў доле, прыціснуўшыся да апорных каткоў, абхапіўшы голаў рукамі. Нібы на мерцвяка, я прыступаю на яго спіну і ўзвальваюся грудзьмі на танк.
Зноў зверху абвальны грукат і віск. Але ў зорнай чарнаце не відаць нічога. Тады я зжахаюся, што не паспею, і недарэчна крычу немцу:
— Фрыц! Фрыц!..
Ён, відаць, разумее і зараз жа ўскідваецца да танка. Я хапаю за плечы Юрку. Немец, выцягшы знізу доўгія рукі, прымае на іх Юркава цела. Абодва яны зараз жа падаюць на снег. Ззаду, спераду і навокал расколваюць зямлю магутныя бомбавыя выбухі. Я не спраўляюся скульнуцца з танка, як самы бліжэйшы з іх праглынае мяне ў яркую, на паўнеба агняную прорву, і я з болем апынаюся дзесьці ў снезе. Аднак я цэлы. Я гэта адчуваю і зараз жа ўскокваю на чацвярэнькі. Толькі чамусьці я нічога не бачу — ні танка, ні Юркі. У вачах чырвонае ззянне, і ў ім чорны рой матылёў. На хвіліну я зусім бянтэжуся, не разумеючы, што са мной і дзе я?
Рукамі ў роспачы заграбаю снег, хапаюся за мёрзлы бадыль, кудысь паўзу. У рукавах да локцяў снег. Снег за каўняром, у вушах. А ў вачах — палыхае агняны змрок.
Новыя выбухі зноў кладуць мяне ніц. Пластам снегу завальвае спіну, галаву, ногі. Але я жывы і зноў ускокваю на калені. Нічога не бачачы, я ашалела кручуся на снезе, не разумеючы, куды падацца. I раптам непадалёк з цемры праразаецца штосьці яркае, нейкі агонь… Ага: гэта гарыць танк. Не, не наш, далей на дарозе. Спакваля зямля ў маіх вачах аддзяляецца ад неба. Змрок хутка радзее, я бачу закіданы зямлёй снег, чорнае неба і знаёмы сілуэт нашага танка. З раптоўнай палёгкай кідаюся да дзвюх недалёкіх постацей — немца і распластанага на дарозе Юркі.
Юрка ляжыць на баку. Я перш захінаю ягоныя полы і рыўком падсоўваю яго ацяжалелае цела бліжэй да гусеніцы. Пасля, прыпаўшы да яго, перажываю новую пакутна бясконцую серыю выбухаў. Яны цягнуцца вечнасць. Я чакаю, зацяўшы ў сабе ўсе эмоцыі — і страх і надзею, — намогшыся толькі на адно — стрываць. Выбухі, нават не верыцца, урэшце сціхаюць. Задыхаючыся ад трацілавай горычы, я некалькі секунд прагна хапаю ротам паветра і чакаю новага віску. Але яго нешта няма. Паўза зацішку ўсё большае, вісклівы звон у вушах мацнее. Невядома, ці гэта — цішыня, ці мо я аглох… Але вось наперадзе даносяцца невыразныя галасы, лаянка — здаецца, нешта крычаць ці, можа, камандуюць. Танк побач, нібы жывая істота, здрыгаецца ад матора. Няўжо ехаць?
Я нешта ўскрыкваю. Немец вёртка ўскоквае на танк. З усяе сілы напружыўшыся, я паднімаю Юрку. Немец з натугай узвалаквае яго за каўнер на браню.
I тут танк, люта зароўшы маторам, зрываецца з месца.
Крыўда і злосць, звіўшыся ў клубок, аднак, надаюць мне сілы. Танк мінае мяне, але я ў апошняе імгненне кідаюся ззаду ў гарачыя струмені яго выхлапаў. Лацвей пад рукі трапляе пятля троса. Я хапаюся за яе. Толькі яна нечакана падатна цягнецца, я грузна спаўзаю з брані і нейкі час роспачна валакуся ў дымнае гарачцы выхлапаў. Я хачу крыкнуць, ды ў грымоцці дызеля не чую свайго голасу. I раптам угары — сагнутая постаць немца. Ён нагінаецца і падхоплівае мяне пад паху. З яго дапамогай я ўзграбаюся на танк і знясілена распластваюся на жалюзях.
Немец моўчкі сігае да вежы, і я не дзякую яму. Мне, як ніколі за сённяшні дзень, хочацца крычаць, выць, лаяцца: што ж гэта робіцца? Але я маўчу. Побач ляжыць Юрка. Ягоная галава, матляючыся, б’ецца аб рог зацярушанай снегам скрынкі. Я адчуваю, як мной авалодвае абыякавасць. Да ўсяго. I так спакусліва ёй паддацца. Сахно, здаецца, ужо тут няма, мусіць, дастукаўся. Чорт з ім: у мяне ні радасці ад таго, ні смутку. Мне ўсе роўныя, нават немец. Толькі не Юрка. Крышачку аддыхаўшыся на брані, я з асаблівай вастрынёй адчуваю, што Юрка — мой вечны боль і мой непазбыўны клопат. Радней за яго ў мяне на свеце нікога няма. Устаўшы на калені, я падсоўваю сябра да вежы і тады ў нейкай незвычайна абвостранай да яго чуйнасці здагадваюся: ён стогне. Значыць, яшчэ жывы.
Гэта кранае мяне да слёз, акрыляе, як шчасце. Занадта вялікаю душэўнай цаной аплочана яго жыццё, каб цяпер пагадзіцца на яго пагібель. Я нахіляюся над Юркам, павекі яго ўздрыгваюць і шэры, васковы твар ажывае.
— Юрка!.. Юрачка!.. Юр!.. — крычу я, не ведаючы, што сказаць, чым суцешыць яго. Але я бачу, ён пазнае мяне. Толькі ён не ўсміхаецца, як раней, а скошвае позірк убок і секунд пяць, нібы напружана згадваючы штось, глядзіць угору на месяц. Відаць, ён толькі што апрытомнеў і яшчэ дужа знямоглы. Вусны яго, аднак, слаба варушацца, я нізка нахіляюся вухам, — здаецца, ён штосьці пытаецца.