Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
26
Заліты месяцам стэп, грымоцце танкаў, смурод газойлі, калючы вецер у твар і цяпло. Так, цяпло. Праўда, толькі ля ног, дзе густа паддзьмувае нафтавым духам праз жалюзі. I ўсё ж рай! Адно трэба трымацца, каб не скульнуцца ад мяккай, але разгоністай танкавай гойданкі.
I мы трымаемся за вежу, учапіўшыся рукамі за яе настылыя поручні. На маіх каленях ляжыць галава Юркі, я адною рукою прытрымліваю яе; немец жа, седзячы збоку, відаць, заняты ўласным клопатам і абыякавы да ўсіх нас. Ля яго, прыхінуўшыся да вежы, стаіць Сахно. На бакавінах і закрылках танка нейкія скрынкі (мабыць, снарады), ля мяне побач слізкае абкоранае бервяно. Следам грукоча другі танк. Там Каця. Яе кароценькая постаць невысока вытыркаецца з-за вежы. Здаецца, нам урэшце пашанцавала — цяпер мы ўжо вырвемся.
Але мы адсталі ад галоўнай калоны і, спяшаючыся, наганяем яе. Марозны вецер пякуча б’е ў твары. Неба ўгары ярка мігаціць мірыядамі зор, і сярод іх гушчару ярка ззяе месяц. Рэзкія сінія цені ад прыдарожных слупоў цягнуцца да самых каляін. Навокал відаць далёка-далёка. У гэтай далечы ззаду засталіся немцы — бачна, як на краявідзе сыплюцца ў ночы імклівыя бліскавіцы трас. Там бой. Там тыя, што па загаду палкоўніка засталіся на прыгорку за сялом, каб даць нам магчымасць вырвацца з бяды. Толькі куды? Здаецца, мы едзем далей на захад, значыць, не ў свой тыл, а туды, глыбей у нямецкі. Гэта не радуе і, вядома, нясе з сабой новы клопат. Але я не хачу думаць кепска: там войска, там сіла баявых часцей, там начальства і арганізацыя, там не дадуць прапасці. Праўда, ззаду, мусіць, не адстануць ад нас немцы. Ім, акружаным, таксама трэба прарвацца туды, на захад.
Я адварочваюся ад сустрэчнага ветру, глыбей у каўнер уцягваю настылую, у бінтах галаву. Але ў такім стане замінае за спіной карабін. Я знімаю яго і з тугою ў душы ўзіраюся ў далёкія адзнакі бою, што бліскаюць у начным мроіве. Толькі мы ўсё ж аддаляемся ад таго злапамятнага сяла. Магутна равучы на пад’ёме, танкі мінаюць стэпавую балку, праскокваюць клін палеглага, няўбранага ўвосень сланечніку. Іскры-трасёры ўдалечыні паступова знікаюць, толькі часам рэдкая чарга невысока ўзлятае над краявідам і гасне. Навокал жа спакойна, і ўсё было б добра, калі б не Юрка. Ён непрытомны. Я шчыльней захутваю на ім паўшубак. Цела яго выдае тут доўгім і няўклюдным, боты ледзьве не дастаюць да выхлапных труб. У гойданцы толькі і чакай, можа спаўзці ў снег. Хоць бы жывым давезці яго да якога санбата. Хоць бы паспець… Наш танк даганяе заднія ў калоне машыны, гойданне і штуршкі робяцца меншыя. Нечакана да мяне нагінаецца і гамоніць Сахно.
— Што?
— Кажу, прыедзем, пойдзеце са мной! — гучней крычыць ён проста ў твар.
— Куды?
— Няважна. Куды загадаю.
Ну вось табе і радасць! Не паспелі вырвацца з аднаго ліха, як наперадзе з’яўляецца новае. I, дзіўная справа, гэтыя скупыя словы Сахно ўражваюць тут куды больш, чым усе ягоныя пагрозы там, пад носам у немцаў. Тут ён — сіла, а я — слабак, тут ужо не пашлеш яго куды не трэба — мусіш падпарадкавацца.
Апанураны, я сяджу, прыхіліўшыся плячом да шархоткага боку вежы, і пазіраю ў хмыззё сланечніку, што зноў абступае дарогу. Напружанне мае волі спадае, я зусім абнядужаў за гэтыя суткі. Здаецца нават, што я адчуваю, як тоненька і балюча трымцяць, прагнучы якой-ніякой перадышкі, мае растузаныя нервы.
Ногі, аднак, угрэліся, і ў параненай ступні нібы мітусяцца мурашкі — зайшлася ці адыходзіць, не зразумееш. Затое мерзне рука на вежы. Я хачу пагрэць яе, і толькі расшпільваю кручкі шыняля, каб сунуць за пазуху, як грымотны перуновы выбух расколвае свет. Танк усхопліваецца на дыбкі і на момант нібы завісае ў паветры. Нейкая шалёная сіла адрывае мяне ад брані і шпурляе ў снегавое прадонне.
У першую секунду я не разумею, што здарылася, і, толькі адчуўшы пад сабой дол, няпэўна здагадваюся: міна?! Затым, выплюнуўшы з рота парушысты пякоткі снег, ускокваю сярод бадылёў на калені і зноў падаю. На дарозе, збоч ад яе і яшчэ недзе наперадзе начное сутонне рвуць агняна-чырвоныя выбухі.
— Гр-р-р-р-рах! Гр-рах! Грах-х-х-х…
Не, гэта не міна… Але тады што? Адкуль? У гарачцы я ніяк не магу ўцяміць. Я толькі адчуваю: мы папаліся! У тое ж імгненне мяне пранізвае спалох за Юрку. Спатыкаючыся аб гузакі, я кідаюся да танка. Ён стаіць наўскасяк дарогі. На вежы вёртка мільгае нечая постаць — хтось нібы выскоквае праз люк. I раптам сярод секунднае вусцішнасці да майго слыху даносіцца цяжкі, густа замешаны ў небе гул.
Бамбёжка…
Гэта жахліва! Такая светлая ноч. У стэпе хоць ты збірай іголкі, а тут, на дарозе, танкі. Ну ведама ж, чаго было чакаць? На што спадзявацца? Усё вельмі звычайна, інакш і не магло здарыцца…