Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Улетку 1942 г. становішча на Беларусі карэнным чынам зьмянілася. З аднаго боку, гэта было зьвязана з актывізацыяй савецкага партызанскага руху, а з другога — Галоўная ўправа бясьпекі Райху акурат тады ў надзеі вырашыць польскае пытаньне распачало т. зв. «польскую кампанію». І хаця галоўнай прычынай гэтай акцыі былі антынямецкія ўзброеныя выступленьні польскага падпольля ў Остляндзе і на Украіне і яго супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, удар быў скіраваны ўвогуле супраць палякаў, і ў першую чаргу — супраць інтэлігенцыі. Арышты, расстрэлы і вываз на працу ў Нямеччыну закранулі таксама і польскае насельніцтва на Беларусі. Паводле ацэнкі намесьніка генэральнага камісара Беларусі, гэтая кампанія набыла «катастрафічнае» разьвіцьцё, многіх палякаў яна прымусіла пакінуць ранейшыя месцы працы і шукаць прытулку ў партызанаў.
Савецкі партызанскі рух набываў пагрозьлівыя памеры. Вынішчэньне польскай інтэлігенцыі спустошыла адміністрацыю. На фоне такіх падзеяў Кубэ вырашыў актывізаваць сілы беларускага нацыяналізму. Яго ранейшая палітыка, хоць і непараўнальна адрозьнівалася ад украінскай сытуацыі, дзе зь мясцовым нацыянальным рухам вялася зацятая барацьба, да гэтага часу ўсё ж ня вельмі заахвочвала беларусаў да супрацоўніцтва. Адозва Кубэ «Да жыхароў Беларусі!», апублікаваная ў верасьні 1941 г., у якой дэкляравалася свабоднае разьвіцьцё краю, толькі кампрамэтавала ў вачох грамадзтва яе аўтара, бо, нягледзячы на ўплыў часу, рэальныя дзеяньні акупацыйных уладаў аніяк не пацьвердзілі дадзеных абяцаньняў. Таму Кубэ разумеў, што без дадатковых палітычных саступак ён ня зможа дабіцца падтрымкі беларускага нацыяналізму. Аднак дырэктывы бэрлінскага кіраўніцтва фармальна не давалі на гэта падстаў. Таму ён павёў гульню вельмі асьцярожна, верагодна, загадзя паразумеўшыся зь Лёзэ.
Арганізацыйнай апорай у ажыцьцяўленьні намераў Кубэ павінна была стаць БНС — зрэшты, адзіная, калі не лічыць рэлігійных суполак, легальная грамадзкая арганізацыя на Беларусі. Зь цягам часу гэтая арганізацыя здолела стварыць свой мясцовы апарат: акруговыя і раённыя аддзяленьні і валасныя гурткі. І хаця статутнай мэтай БНС лічылася толькі сацыяльнае забесьпячэньне і ахова здароўя, тым ня менш Кубэ пагадзіўся на яе ўдзел у арганізацыі школьніцтва і культурнай дзейнасьці, між іншым, на адкрыцьцё дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэньне аматарскіх драматычных гурткоў, курсаў, лекцыяў, распаўсюджаньне друкаваных выданьняў і г. д. Паступова дзейнасьць БНС пачала змыкацца з адміністрацыйным апаратам, у выніку ўдзельнікам гэтай арганізацыі сталі даручаць розныя службовыя абавязкі — пачынаючы з валасных упраў аж да генэральнага камісарыяту ўлучна. Тэндэнцыі да стварэньня Галоўнай рады БНС, паводле задумы — цэнтральнага кіраўнічага беларускага органа, таксама выявіліся даволі рана. Гэтая рада была абрана 26.1.1942 г., але Кубэ да пары пакінуў яе незацьверджанай.
Неўзабаве становішча БНС істотна зьмянілася. 29 чэрвеня Кубэ «дзеля забесьпячэньня плённага ўдзелу беларусаў у кіраваньні краем» надаў Ермачэнку, шэфу БНС, званьне дарадчыка і мужа даверу «беларускага народу, прадстаўніком якога ёсьць БНС». Ён абвясьціў, што прызаве яшчэ трох мужоў даверу на службу ў генэральным камісарыяце і па адным — на кожны акруговы камісарыят. Адначасова Кубэ абвясьціў стварэньне беларускага т. зв. Вольнага корпусу самааховы. Дзеячам БНС даручалася выдаць адозву да беларусаў з заклікам добраахвотна ўлівацца ў яе шэрагі. Праз два-тры тыдні на Беларусі быў створаны інстытут мужоў даверу пры органах акупацыйнай улады. У яго склад увайшлі:
Генэральны камісарыят
аддзелы:
- палітыкі — Іван Ермачэнка
- школьніцтва — Яўхім Скурат
- культуры — Іван Касяк
- прэсы і прапаганды — Антон Адамовіч
Акруговыя камісарыяты
Менск (акруга) — Юліян Саковіч
Баранавічы — Юры Сабалеўскі
Наваградак — Барыс Рагуля