Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
На Беларусі існавалі вялікія абмежаваньні ў выдавецкай і журналісцкай дзейнасьці. У траўні 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі выходзілі толькі 4 беларускія часопісы, тады як у Літве — 11, Латвіі — 21, Эстоніі — 14. Больш суровыя ў параўнаньні з Прыбалтыкай абмежаваньні захоўваліся і ў галіне народнай асьветы. Аднак найважнейшым сярод усяго было прыняцьце ў канцы сакавіка 1942 г. пункту, які забараняў стварэньне цэнтральнага беларускага органа самакіраваньня. Розэнбэрг растлумачыў, што
у выніку 23-гадовага панаваньня бальшавікоў насельніцтва Беларусі да такой ступені аказалася заражана бальшавіцкім сьветапоглядам, што для стварэньня мясцовага самакіраваньня не стае арганізацыйных і пэрсанальных перадумоў.
Ён не прымаў пад увагу, што 4/5 падпарадкаванага яго кампэтэнцыі беларускага абшару займалі раёны, дзе савецкая ўлада дзейнічала толькі 20 месяцаў. Гэта была папросту яшчэ адна праява недаверу да беларусаў, якім Розэнбэрг па сутнасьці няшмат мог абяцаць. Пра гэта можа сьведчыць наступны факт: у паперах ОМі захаваліся праекты адозваў да народаў усходу, якія Розэнбэрг паклаў Гітлеру на разгляд у студзені 1943 г. (фюрэрам яны не былі прынятыя). Сярод гэтых праектаў былі адозвы да расейцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў і народаў Каўказу, затое аніякай — да беларусаў.
Мэтады акупацыі на Беларусі
Розэнбэрг іначай ставіўся да Беларусі, чым да Ўкраіны — апошняй ён аддаваў перавагу. Затое падначаленыя Розэнбэрга — камісары Кох і Кубэ — не падзялялі сымпатыяў свайго шэфа і прытрымліваліся цалкам супрацьлеглых поглядаў. Сытуацыя выглядала парадаксальна: Кох, напрыклад, абмяжоўваўся амаль толькі голай эканамічнай эксплуатацыяй сваёй тэрыторыі і ўпарта адмаўляўся выконваць інструкцыі ОМі ў галіне школьніцтва і культурнага жыцьця. Між іншым, ён заваліў праект Розэнбэрга па адкрыцьці ўкраінскага ўнівэрсытэту ў Кіеве. Ён поўнасьцю ігнараваў сымпатыі і інтарэсы насельніцтва ў сваіх палітычных захадах. У адказ паўстала ўкраінская нацыянальная апазыцыя, а ўвосень 1942 г. зьявілася падпольная Ўкраінская паўстанцкая армія. Затое Кубэ дзейнічаў наадварот, ён імкнуўся дабіцца падтрымкі беларусаў і часта браў на сябе адказнасьць, парушаючы інструкцыі ОМі. Гэта прыводзіла да канфліктаў з Розэнбэргам.
На пачатку 1942 г. Кубэ рашуча падтрымаў зямельную рэформу, у адрозьненьне ад Кола ён палічыў яе за вельмі важны сродак для здабыцьця прыхільнасьці і гаспадарчай актывізацыі беларускага сялянства. У выніку, вясною 1942 г. усе калгасы былі распарцэляваны, а іх зямля і інвэнтар перайшлі ў сямейны ўжытак сялян у рамках т. зв. зямельных каапэратываў. Такім чынам, Кубэ пайшоў далей за інструкцыі Розэнбэрга: паводле міністэрскага дэкрэту, у першай фазе рэформы калгасы павінны былі ператварыцца ў супольныя гаспадаркі, а іх парцэляцыя павінна была пачацца толькі на другім этапе.
Адначасова Кубэ распачаў беларусізацыю царкоўнага жыцьця. Ён імкнуўся да стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай нацыянальнай царквы, незалежнай ад расейскіх уплываў. Вясною 1942 г. ён узаконіў дзейнасьць беларускага экзархату Грэка-каталіцкай царквы, які існаваў падпольна з таго моманту, як яго стварыў мітрапаліт Шаптыцкі (кастрычнік 1939 г.). Падтрымаў Кубэ і пачынальнікаў паступовай беларусізацыі Рыма-каталіцкай царквы.
Гэтым бадай што і абмяжоўваліся захады Кубэ, скіраваныя ў першай палове 1942 г. на здабыцьцё прыхільнасьці сярод насельніцтва. Асабліва вялікі супраціў Розэнбэрга выклікалі спробы па стварэньні ў Менску цэнтральнага органа беларускага самакіраваньня. Усе адміністрацыннна-гаспадарчыя заданьні павінны былі выконваць нямецкія чыноўнікі. Беларускія дзеячы балесна ўспрынялі забарону на стварэньне ўласнага кіраўнічага органа. Яны палічылі гэта за ігнараваньне справы беларускай дзяржаўнасьці. Кубэ спрабаваў загладзіць гэтае ўражаньне з дапамогай уласных ініцыятыў: ён меў паўнамоцтвы на тое, каб прыстасоўваць прысланыя зьверху дырэктывы да мясцовых спэцыфічных умоў. На практыцы гэта давала яму немалую свабоду дзеяньня. У сваю чаргу гэткія самыя правамоцтвы ён перадаў сваім падначаленым — акруговым камісарам. Адной з найважнейшых ініцыятыў Кубэ ў гэтай галіне было стварэньне т. зв. мяшанай адміністрацыі, што азначала спалучэньне нямецкай кіраўнічай улады і беларускай выканаўчай у акруговых і генэральным камісарыятах. Такая сыстэма давала магчымасьць беларускім, а часам і польскім службоўцам прымаць удзел у працы гэтых устаноў. З другога боку, гэта часта ўскладняла дзейнасьць органаў мясцовай адміністрацыі.