Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
Вялікія надзеі ўскладаліся на зямельную рэформу на тэрыторыі, што належала СССР да 17.9.1939 г. У дэкрэце Розэнбэрга ад 15.2.1942 г. на гэты конт прадугледжвалася ператварыць калгасы ў супольныя гаспадаркі, а пазьней падзяліць зямлю і інвэнтар і стварыць індывідуальныя гаспадаркі, якія аб’ядноўваліся б у т. зв. сялянскія каапэратывы. Гэтая кампанія была разьлічана ня толькі на рост прадукцыйнасьці працы і харчовых паставаў, але і на здабыцьцё прыхільнасьці сялянства і таму мела важнае палітычнае значэньне. Аднак супраціў Коха прывёў да таго, што на Украіне да канца 1942 г. пад рэформу падпала толькі 10 % калгасаў. Значна лепшыя вынікі былі дасягнутыя на Беларусі (гл. далей). Ня мелі істотнага значэньня і дэкрэты Розэнбэрга наконт самакіраваньня ў прыбалтыйскіх краінах: фактычна яны ўзаконілі сытуацыю, якая ўжо існавала зь лета 1941 г.
Такія захады, па сутнасьці — паўзахады, не прывялі да жаданых вынікаў і не аказалі аніякага ўплыву на разьвіцьцё партызанскага руху, асабліва на Беларусі. Здаецца, што толькі восеньню 1942 г. Розэнбэрг зразумеў бескарыснасьць гэтых уяўных саступак і пачаў дзейнічаць ужо не ў кірунку зьмены тактыкі, а палітычнай стратэгіі ўсходняй кампаніі. У верасьні 1942 г. ён выступіў на старонках «Фёлькішэр Бэобахтэр» зь сьмелым пастулятам:
…самы час на тое, каб уся гэтая праблема прызначэньня (усходніх народаў. — Ю. Т.) знайшла зразуменьне ўва ўсіх, хто хоць у нейкай ступені нясе адказнасьць у краінах на акупаванай тэрыторыі.
Ясна, што гэтае патрабаваньне датычыла ня толькі райхскамісараў на ўсходзе, асабліва Коха, але і мясцовых паліцыйных і вайсковых уладаў, а таксама найвышэйшых дзяржаўных устаноў.
У гэтай новай сытуацыі 25.10.1942 г. Бройтыгам, кіраўнік палітычнага аддзелу ў міністэрстве Розэнбэрга, падаў вялікі мэмарыял, у якім пацьвердзіў, што захады, разьлічаныя на тое, каб выклікаць прыхільнасьць насельніцтва ўсходніх земляў (зямельная рэформа і інш.), не далі вынікаў і не загладзілі ў людзкой сьвядомасьці такіх злачынстваў, як вынішчэньне соцень тысяч савецкіх ваеннапалонных, альбо такіх мэтадаў вэрбоўкі на працу ў Нямеччыну, якія больш «нагадвалі паляваньне на людзей у найчарнейшыя часы гандлю нявольнікамі». Таму, — працягваў Бройтыгам, — лёзунг «вызваленьня ад бальшавізму» стаў у вачох тутэйшага жыхарства проста шырмай, за якой занадта яскрава прасьвечваўся намер немцаў накінуць яму на шыю ярмо. Ад гэтага ўзрос супраціў Чырвонай Арміі і мясцовага насельніцтва. Вынікі гэтага працэсу для Райху Бройтыгам акрэсьліў вельмі трапна. Ён прызнаў банкруцтва ранейшай нямецкай усходняй палітыкі і «ў гэтую апошнюю хвіліну» патрабаваў яе зьмяніць, прычым дамагаўся ня толькі гуманнага абыходжаньня з насельніцтвам, але і прапановы канкрэтнай пазытыўнай палітычнай праграмы жыхарам гэтых земляў. Дадам, што гэты мэмарыял быў сфармуляваны ў той момант, калі сьцяг з свастыкай лунаў над Эльбрусам, а нямецкія войскі дайшлі да Волгі.
Згодна з прапановамі, высунутымі ў мэмарыяле Бройтыгама, неўзабаве была зроблена сур’ёзная спроба зьмяніць напрамак нямецкай усходняй палітыкі. Такое рашэньне прысьпешвалі падзеі на фронце — у лістападзе Чырвоная Армія перайшла ў контранаступ і абкружыла войскі фэльдмаршала Паўлюса. З ініцыятывы Розэнбэрга 18.12.1942 г. у міністэрстве акупаваных усходніх земляў адбылася палітычная нарада, у якой разам з вышэйшымі чынамі (Розэнбэрг, Маер, Ляйбрант, Бройтыгам, Кляйст, Мэндэ і інш.) удзельнічалі зацікаўленыя военачальнікі Вэрмахту, між іншым — камандзір тылу групы армій «Цэнтар» генэрал фон Шэнкендорф.
На нарадзе прадстаўнікі Вэрмахту адзначылі пагаршэньне настрояў насельніцтва і рост партызанскага руху. На іх думку, гэта было вынікам харчовага крызісу, кепскага абыходжаньня зь людзьмі, забароны і абмежаваньняў у галіне асьветы і культуры і — самае галоўнае — адсутнасьці пазытыўнай палітычнай праграмы. Пры гэтым былі сказаны сымбалічныя словы: «Расею змогуць перамагчы толькі расейцы». А ў сувязі з тым абавязковай умовай посьпеху ў такой вайне быў прызнаны ўдзел насельніцтва ў барацьбе на баку Нямеччыны. Таму гаворка вялася ня толькі пра саступкі ў гаспадарчай і культурна-асьветнай галіне, але ў першую чаргу пра тое, каб абазначыць палітычную мэту, якая стварала б падставы і надавала сэнс супрацоўніцтву мясцовага насельніцтва з акупантамі. Цікава, што яшчэ ў сьнежні 1942 г. генэралы лічылі, што