Беларусь пад нямецкай акупацыяй
- Автор: Туронок Юрий
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Краткое содержание книги:
няма ніякага сумненьня наконт яго гатоўнасьці да барацьбы з саветамі ў партызанскай вайне або на фронце з умоваю, што ўдасца пераканаць яго ў поўнай адмове (з нашага богу) ад ранейшых мэтадаў.
Гэтыя праблемы былі выразна акрэсьленыя ўва ўнутраным дадатковым пратаколе згаданай нарады і на дадатковых перамовах Розэнбэрга з генэраламі фон Рокам і Шэнкендорфам — прадстаўнікамі групаў армій «Поўнач» і «Цэнтар», а таксама з палкоўнікам Гільгаўзэнам з вайсковай зоны «В». Гэтая апошняя сустрэча адбылася 22.12.1942 г., у яе дакумэнтах значылася наступнае:
- Сумесны ўдзел насельніцтва і ваеннапалонных у вайсковых дзеяньнях — гэта катэгарычнае патрабаваньне арміі, яго выкананьне будзе мець вырашальнае значэньне для перамогі;
- Для рэалізацыі загаду фюрэра аб мабілізацыі больш за паўмільёна расейцаў, украінцаў і інш. у якасьці добраахвотных памочнікаў для войска неабходна прыняць адпаведныя палітычныя захады, якія мелі б беспасярэдні дадатны вынік;
- Для гэтага абшару прымальны толькі адзін лёзунг: яго народы — нашы саюзьнікі па барацьбе з саветамі, і трэба спагадліва дазволіць ім весьці ўласнае жыцьцё з усімі неабходнымі гаспадарчымі і палітычнымі вынікамі.
На пачатку лютага 1943 г. Розэнбэрг растлумачыў Гітлеру свае ідэі, ужо падтрыманыя Вэрмахтам і бэрлінскімі палітычнымі коламі. У прыватнасьці, ён прапанаваў ліквідаваць райхскамісарыят Остлянд, а замест яго ўтварыць у Літве, Латвіі і Эстоніі ўласныя ўрады і адміністрацыю. Беларусь як самастойная адміністрацыйная адзінка павінна была беспасярэдне падпарадкавацца ОМі. На землях, якія да 17.9.1939 г. уваходзілі ў склад СССР, Розэнбэрг меркаваў арганізаваць нацыянальныя прадстаўніцтвы (камітэты), якія зь цягам часу маглі б пераняць на сябе функцыі самакіраваньня. Пад беспасярэднім уражаньнем сталінградзкага разгрому, адступленьня з Каўказу і іншых паўднёвых тэрыторый СССР, росту партызанскага руху ў франтавых тылах Гітлер ня стаў прынцыпова пярэчыць прапановам Розэнбэрга і даручыў яму іх канкрэтную распрацоўку. У гэты час ён быў гатовы пагадзіцца на абмежаваную палітычную аўтаномію прыбалтыйскіх краін, а таксама на пэўнае палітычнае супрацоўніцтва і далейшыя гаспадарчыя саступкі на ўсходзе.
Гэта неабходна было зрабіць таксама ў сувязі з крытыкай, якая ўсё часьцей і гучней лілася ў адрас нямецкай усходняй палітыкі і нараджалася нават там, дзе менш за ўсё можна было яе чакаць, а менавіта — у кіраўніцкіх колах СС. 9.3.1943 г. Готлаб Бэргер, шэф Галоўнай управы СС, пісаў Гімлеру:
На маю думку, безумоўнай памылкаю як у Остляндзе, так і на Ўкраіне, было тое, што мы накінуліся на гэтыя народы, быццам галодныя і ўбогія жабракі. Было б цалкам дастаткова, каб мы адразу прызналі права на дробную і сярэднюю ўласнасьць, а пазьней, спраўдзіўшы вынікі, — і на буйную, і пры гэтым пазьбеглі б цяперашняй абыякавасьці і нават варожасьці народаў, якія некалі віталі нас як сваіх вызваліцеляў.
Бэргер пацэліў трапна — ён выкрыў самую сутнасьць гімлераўскай палітыкі анямечваньня, якая грунтавалася на засяленьні часткі акупаваных усходніх земляў асаднікамі — кроўнымі немцамі. Тут варта далучыць яшчэ адзін факт: у пачатку 1943 г. Гітлер выдаў дэкрэт, у якім было загадана цалкам адмовіцца ад падрыхтоўкі і плянаваньня «будучых мірных задач», асабліва — плянаў нямецкай калянізацыі на ўсходзе. У выніку, чарговы варыянт ГПО, распрацаваны Гетлінгам, аказаўся непатрэбным.[94]
Нямецкая прапаганда таксама загучала інакш. Згодна з дырэктывамі Гітлера, 15.2.1943 г. Гэбэльс накіраваў для ўсіх райхсьляйтэраў, гаўляйтэраў і прапагандысцкіх кіраўнікоў інструкцыю, дзе зазначалася, што ўсе краіны Эўропы, у тым ліку і ўсходнія, якія спрыялі перамозе Нямеччыны, павінны адчуваць у гэтым сваю зацікаўленасьць, таму забаранялася ў прамовах і ў друку гаварыць пра калянізацыю і эксплуатацыю ўсходніх тэрыторый і рэкамэндавалася замест гэтага вылучаць на першы плян пэрспэктывы іх адраджэньня пад нямецкім кіраўніцтвам.
Так, пад уплывам пагаршэньня ваеннага становішча Нямеччыны, а таксама пад націскам Розэнбэрга, Вэрмахту і іншых фактараў Гітлер вясною 1943 г. згадзіўся на пэўныя зьмены ўва ўсходняй палітыцы. «Новы курс», які так старанна пачала эксплуатаваць нямецкая прапаганда, выявіўся перш за ўсё ў тым, што пад наглядам СС было дазволена ствараць нацыянальныя вайсковыя часьці на Украіне (дывізія СС-Галіччына) і ў Літве і павялічыць ужо існыя ў Эстоніі і Латвіі. Тым ня менш Гітлер па-ранейшаму ня вельмі давяраў войскам Osttruppen, перш за ўсё з прычыны частага дэзерцірства ў іх шэрагах.
94
Новы варыянт ГПО быў перасланы Гімлеру 15.2.1943 г. Гімлер доўга не выказваў сваіх меркаваньняў наконт праекту, і таму Мэер-Гетлінг зьвярнуўся да яго з дадатковым запытаньнем у гэтай справе. У красавіку 1943 г. ён атрымаў наступны адказ Гімлера: «Так, я прыпамінаю сабе. Ён ляжыць на маім стале. Я ўжо мысьлю аб гэтай справе».