Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 153
Перейти на страницу:

Умяшаўся пан Юры.

– Ён твой дзед, ён даў табе кроў. Самае дарагое, што ёсць у цябе. Ніхто яшчэ не казаў, што Загорскія не паважаюць продкаў.

– Я таксама Загорскі.

Бацька няшчыра ўздыхнуў:

– Не, брат, ты не Загорскі. Загорскія не баяліся самых цяжкіх людзей. Яны, – вось хаця б твой дзед, – з імператарамі не ладзілі, караля не паважалі, калі ён быў не варты таго.

Яшчэ раз уздыхнуў:

– Ты не з тых… А я думаў… Ёсць у Загорскіх звычай адзін… Ды ты да яго не дарос.

– Які?

– Калі ўсе бачаць, што хлопец стаў зусім дарослы, ён ідзе вандраваць. Зусім адзін. Сам едзе, сам начуе, дзе хоча. Па корчмах ці проста ля вогнішча. І гэтым даводзіць, што ён дарослы. Вось я і думаў, што такой вандроўкай табе будзе дарога да дзеда. Паедзеш сам, адзін, узброены… Урга конь далікатны, яму догляд патрэбен, дык ты ўзяў бы Касюньку… І паехаў. А я, ведаючы дзеда, які можа любога затрымаць на колькі захоча…

– Як гэта?

– Ён ведае, што двараніну пешшу хадзіць ганьба. Вось і замкне каня. І чалавек сядзіць… Дык я, ведаючы гэта, да Доўгай Кручы, якая недалёка ад маёнтка, потым даслаў бы Логвіна і загадаў бы яму два дні чакаць. Калі бы ты не захацеў заставацца – дайшоў бы якую вярсту ды і вярнуўся дамоў. Тым больш што такога чакаць не даводзіцца: дзед запрашае на адзін дзень.

Ён гаварыў разважліва.

– Але ты, відаць, не дарос да такога падарожжа. Што ж, пачакаем.

У Алеся пачырванелі шчокі. З бліскучымі вачыма ён сказаў:

– Хацеў бы я паглядзець, як нехта мяне затрымае ці прагоніць. Я паеду. А калі яму цяжка бачыць новых людзей, дык я яму прывязу новага сабаку… Алму з сабою вазьму.

– Як? Ты ж верхам паедзеш?

– Я прывучыў яе сядзець на луцэ… І калі ён толькі словам мяне закране, нагі маёй больш у яго не будзе. Еду на адзін дзень.

Бацька адвярнуўся. Вочы яго смяяліся.

…Алесь выехаў досвіткам другога дня, каб на яго схіле дабрацца да дзедавай вёскі.

Ніхто не выйшаў яго праводзіць. Бацька растлумачыў яму дарогу і загадаў Логвіну набіць саквы і скачаць хусту. Потым выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак.

…Касюнька рахмана стаяла ля канавязі, дыхала ў рукі і твар хлопца цёплым і прыемным. Саквы былі ўкладзены добра, стрэльба і корд прытарочаны да сядла. Алма, уся дрыжучы ад нецярплівасці, круцілася пад нагамі.

– Заставайся дома, – з удаванай строгасцю сказаў Алесь.

Яна прыціснула доўгія, у завітках вушы, але тон гаспадара не пакідаў сумненняў, і тады сучка ўпала на жывот і, павіскваючы, папаўзла да ног хлопца.

– Ну, добра ўжо. Давай паедзем, – сказаў Алесь.

Кафейныя вочы загарэліся. Сабака падскочыў у паветры, і, падціснуўшы кароткі хвост, пачаў лётаць па крузе. Вушы луналі, як крылы. Алесь ускінуўся ў сядло.

– Вы ж глядзіце, княжыч, – сказаў Логвін. – Дарога простая, усё берагам. Паромам на той бок, там паплавамі, паплавамі. А потым, за Доўгай Кручай, яшчэ вярсту – і мост.

– Ведаю, – сказаў Алесь. – Заўтра пад’едзеш да Кручы.

– Добра.

Алесь нахіліўся і працягнуў руку:

– Гоп!

Сучка падскочыла, каб гаспадар змог спаймаць яе за каршэнь, і хутка ўжо сядзела на луцэ сядла, паважна гледзячы з вышыні на ўвесь астатні свет.

…Касюнька ступала акуратнымі капытамі. Алма спакойна сядзела на луцэ, часам дрыжучы, калі праязджалі паўз хмызы, – відаць, там астаяўся птушыны пах. А “рыцар” сядзеў спакойны, гатовы да ўсякіх нечаканасцей.

Палі. Палі. Палі. Безліч разоў амытыя сялянскім потам і мужыцкай крывёю. Няма на іх месца, на якім не ступіла б нага мужыка, над якім не прасвісцеў яго серп, не заспявала б каса, не сцёбнуў бізун. “А ў мяжу, жнейкі, у мяжу. А ў мяжы прыганяты”.

Жоўцю мужыцкай, злосцю мужыцкай дыхаеш ты, здранцвелы абшар палёў. Чаму гэта так? Хто закляў цябе? Дакуль будзеш ты рабыняй, зямля?!

Алесеў прадзед Акім Загорскі, той самы, пры якім адбылася гісторыя з лазняй Кагутоў, нарадзіўся ў тысяча семсот трыццаць дзевятым годзе і да Хрыстовых год пражыў “пры каралях”, спаўна зведаўшы і анархію апошніх год “кароны”, і шляхецкую “вольнасць”. Асабіста яму было не так ужо і дрэнна пры вольнасці: занадта быў багаты і моцны. Такога і кароль не зачэпіць, і суседзі пабаяцца не тое каб пакрыўдзіць, але і зірнуць коса.

Мог бы, здаецца, жыць і жыць, умешвацца ў палітыку, а з часам, магчыма, і ўплываць на яе. Але рабіць гэта яму было брыдка. Падпойваць шляхту, гарлаць на сейміках, глядзець, як потныя і ачмурэлыя людзі вырашаюць палітычныя пытанні бойкай і шалёна сякуцца на шаблях, ехаць на сейм.

Фу! Быццам ваду ў ступе таўчы. Ад усяго гэтага ў яго балела галава, а ад злосці на людское быдла бывалі прыступы антрапафобіі. Віна ён не любіў, тытуню цярпець не мог. Аставаліся да́мы, якімі ён і займаўся, бо быў надзвычай прыгожы. І пры гэтым выгляд меў аніяк не спешчанага прыдворнага, а хутчэй война і сакалятніка, небяспечнага для кожнай райскай птушкі, якую адзначыць сваім вокам.

1 ... 57 58 59 60 61 62 63 64 65 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)