Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 58 59 60 61 62 63 64 65 66 ... 162
Перейти на страницу:

Вербы і клёны слалі ў доле касыя частыя цені, парэзаныя палосамі сонца, у якіх мільгалі прахожыя. Цераз вуліцу важна і нетаропка прайшла белая рахманая каза, за ёй цягнулася доўгая вяроўка з калком на канцы. Від гэтай казы і ўвесь дрымотны малюнак ускраіннай вуліцы адгукнуліся ў сэрцы дзяўчыны новай горыччу, але яна ўсё маўчала, хаваючы ў сабе пакутлівыя перажыванні.

Вадзім далікатна прытрымліваў жонку, бы аберагаў ад якой небяспекі, Анатоль лёгка ішоў поруч. Плячысты, дужы, коратка падстрыжаны, патрэсваючы густой чупрынай, ён усё смяяўся і апавядаў пра далёкае, невядомае і зманлівае жыццё.

— Гэтую зіму здорава наляглі. Асабліва пад Усць-Ку-там. Тайга. Вы ведаеце, што такое тайга? — тоячы на пульхных вуснах радасную усмешку, пытаўся ён у Ірынкі. — Не, гэта не лес. Звычайны лес супраць тайгі — што сад супраць пушчы. Тайга — гэта падзі і сопкі і такі завал дрэў, што — ні на кані, ні пехатой. Чалавек там нішто — кузурка, але тэхніка — сіла. А гэтай тэхнікі там болей, чым яе было на фронце, на ўчастку прарыву. Яна ўсё крышыць — і лес, і горы, і скалы. А чалавек — толькі камандзір. Праўда, трэба 1 рукі, але болей галава і вочы. Ну, там ёсць на што паглядзець. Такі камень, як сёння, — ён махнуў рукой у бок Пусткі, — там глупства. Яго тры чалавекі прыбяруць. Пару тон аманіту — і чыста.

— А звяры? — ні то ўсур’ёз, ні то з прытоеным жартам спытаў Вадзім.

— Звяры? — перапытаў Анатоль, падкасваючы мокрыя рукавы на валасатых дужых руках. — Звяры, брат, уцякаюць у глухамань, у распадкі. Думаеш, тыгры, мядзведзі людзей дзяруць? Глупства, мінулі тыя часы. Хоць бывае, што з цікаўнасці падходзяць. Ад Тайшэта праклалі лінію сувязі. Ну, на доўгім перагоне засталіся лінейшчыкі, каб дарабіць што — кольвечы. Сядзяць хлопцы ў зямлянцы, і што такое? — кожнай ночы пад ранак — парыў. Пойдуць, злучаць — на другую ноч — зноў парыў. Думалі — шкоднікі якія. Рашылі падпільнаваць. Заселі ля расцяроба звечара, ружжы навялі, чакаюць. Аж пад ранак вылазіць з падзі касалапы Міхась, спыніўся, паветра нюхнуў і падыбаў да слупа. Залез, паглядзеў у адзін бок, у другі, лапай провад — капыш. Провад, вядома, тугі, ён дзынн-нн, а мядзведзь вуха прытуліў і слухае. І так давай Міхась музыкай забаўляцца. Хлопцы страляць хацелі, але цікава — чакаюць. А мядзведзь тромкаў, тромкаў, аж покуль не парваў, і ад таго, пэўна, сам спалохаўся, — саскочыў, ды наўцёк. Стрэльнулі хлопцы, не трапілі, вядома, але, відаць, напалохалі. Больш не пайшоў.

— Глядзі ты! — здзівіўся Вадзім. — Вось бы мядзведзя падстрэліць. Ты не прабаваў?

— Прабаваў, — усміхнуўся Анатоль, — ды няўдала.

— Ці не ад таго ў вас шрамы на шыі? — сур’ёзна запытала Ірынка.

— А, гэта, — Анатоль пацёр пад вухам сінія, ужо загоеныя, але, відаць, нядаўнія драпіны. — Не, гэта тросам. Паром праз раку хадзіў на сталёвым тросе, ды трос парваўся ў паводку. Ну, я паплыў, дастаў са дна канец, а хваля як рванула, дык мяне крыху драпнула. Але нічога — тыдзень у бальніцы паляжаў — і на працу. Час быў гарачы, людзей не хапала.

Яны падышлі да знаёмых весніц, у якія заходзілі нядаўна. Анатоль расчыніў іх насцеж і запрасіў гасцей.

— Дык ты што там — кіраўнік які? Спец? — усё захоўваючы свой тон перавагі, пытаўся Вадзім. Ён прапусціў Ірынку наперад, яна нясмела пайшла па двары, у яе шэрых сумных вачах трымцела трывога.

— Ды не, які там кіраўнік, — шчыра здзівіўся Анатоль. — Рабочы, радавы рабочы. — Ён памаўчаў крыху і пасля паўзы вытлумачыў: — Люблю, ведаеш, як след папрацаваць, добра пад’есці, адпачыць і зноў налегчы — ляпей учарашняга.

Энергічным рухам круглявых плячэй ён на хаду скінуў цераз галаву кашулю, пасля збегаў у пакой, вынес Ірынцы крэсла, а Вадзіма пасадзіў на лаўцы. Затым, перагаворваючыся з глухой бабкай у акне, пачаў мыцца, распырскваючы наўкола ваду, пырхаючы і ахаючы ад задавальнення. Ірынка неадступна сачыла за кожным яго рухам і кожным крокам. Яна маўчала, а незразумелая трывога ў яе душы ўсё расла і мацнела. Сама таго не жадаючы, яна раптам выразна ўбачыла іх побач — Вадзіма і Анатоля, убачыла аднекуль збоку, у жыцці, і ўсё тое, што раней падабалася ў акуратным, здатным да драбніц мужу, цяпер здалося мізэрным і фальшывым. Нават тое, як Вадзім заўжды мыўся над ракавінай у кухні, асцярожна беручы прыгаршчамі ваду і ні кропелькі не разліваючы на падлогу, здавалася цяпер нікчэмнай абмежаванасцю і толькі раздражняла дзяўчыну.

1 ... 58 59 60 61 62 63 64 65 66 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)