Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 162
Перейти на страницу:

— Такі добры домік, сімпатычная бабка, чаго перціся немаведама куды, — казаў ён, заглядваючы ў шэрыя, задуменныя вочы жонкі. Ірынка патупілася, каб не глядзець на мужа, маўчала і бязвольна ішла за Вадзімам.

Ціхі зялёны свет абжытага людскога ўтулку хутка скончыўся, упёршыся ў так званую Пустку, дзе разлеглася самае сапраўднае царства хаоса. Здавалася, не было тут ніводнага кавалачка зямлі, які б не быў раскапаны экскаватарамі, здратаваны тугімі скатамі самазвалаў — усюды высіліся штабялі дошак, цэглы, ляжалі груды бетонных блокаў і горы ссунутай бульдозерамі зямлі. Крыху далей паважна і нетаропка паводзілі стрэламі вежавыя краны, а побач ужо бялелі фасадамі гатовыя будынкі. Ля нейкай, відаць, немалой выемкі тоўпіліся людзі, усе пазіралі ўніз, адкуль патыхала ў неба вялізнае полымя і клубамі валіў густы чорны дым.

Пералазячы цераз штабялі цэглы, кучы шпалбэлек, арматуры, пераскакваючы з перашкоды на перашкоду, абмінаючы ямы і скрыні з рошчынай, Вадзім з Ірынай прабіраліся да гэтага незвычайнага пажарышча. Такі цяжкі шлях неяк ажывіў дзяўчыну, надаў ёй рухавасці і сілы, яна разы два войкнула, баючыся страціць раўнавагу на бетоннай бэльцы, па якой пераходзіла выемку. Вадзім хацеў памагчы ёй, але і сам спатыкнуўся і ўдарыў калена. Ірына гучна рассмяялася.

— Ідзі, ідзі — я сама, — сказала яна, узмахнуўшы рукамі, і спрытна саскочыла з бэлькі. Ён паціраў далонню пабітае месца, нешта бурчаў, а яна ўсё гэтак жа лёгка ўзбегла на земляную горку ля абрыву, дзе тоўпіліся будаўнікі, і зазірнула ўніз.

І з той гіганцкай катлавіны-выемкі патыхнула на дзяўчыну ўладарным духам чалавечай сілы, якая пераўзыходзіла яе ўяўленне. Не верылася нават, што такую глыб і шыр зямных нетраў раскапалі тыя маленькія людскія постаці, што выглядалі цяпер мурашкамі ў гэтай яме-даліне. Такімі ж слабымі і нерэальнымі ля вынікаў свае працы здаваліся і два экскаватары, што ўжо нерухома стаялі на сярэдзіне катлавана, таксама як і скасабочаныя на адхоне некалькі самазвалаў.

У Ірынкі заўзятымі агеньчыкамі загарэліся яе сумныя вочы, заружавелі шчокі, вецер зацярушыў яе лоб заблытанымі кудзеркамі валасоў — яна стаяла тут трохі вышэй і ззаду іншых людзей і дзівілася, дзівілася з чалавечых сіл і магчымасцей.

— А што гэта там паляць? — запыталася Ірынка, пазіраючы на агромністыя клубы дыму і на людзей, што таўкліся ў адным куце катлавана. На яе пытанне азірнуўся нейкі чарнявы хлапец у запэцканым камбінезоне — узняўшы бровы, ён акінуў яе цікаўным позіркам.

— Скалу паляць. Скала ў грунце, экскаватары не бяруць, а рваць нельга — дамы блізка. Ну і паляць, каб трэснула, — вытлумачыў ён і, пакаўзнуўшыся на касагоры, падаўся назад, стаў побач з дзяўчынай.

Ірынка, бы зачараваная, стаяла і ўсё пазірала на гэтую будаўнічую веліч. Яна не чула, як ззаду падышоў Вадзім; на нейкі час ён перастаў існаваць для яе.

— Глядзі: ды гэта ж Анатоль, — паказаў Вадзім уніз. — Вунь у чырвонай рубашцы. Завіхаецца, як прараб. Глядзі ты!

— Той, без шапкі? — перапытаў будаўнік у камбінезоне. — Гэта ж ён надумаў — нагрэць, а пасля вадой. Нашы рваць хацелі, ды вокнаў шкада. Вунь ужо шланг цягнуць, — махнуў ён на выезд з катлавана.

Сапраўды, некалькі рабочых, згінаючыся ледзь не да зямлі, валаклі ў катлаван тоўсты брызентавы шланг. Ён, відаць, быў вельмі доўгі і ледзьве паддаваўся людзям. Вогнішча тым часам пачало слабець, чырвоныя языкі паменшалі, толькі валіў чорны дым ад нафты, якой аблілі скалу. Але ўжо дагарала і нафта.

Шланг, урэшце, падцягнулі, і да рабочых падскочыў той хлопец у клятчастай чырвонай кашулі. Ён схапіў канец шланга і закрычаў некаму ўгору:

— Вады давай! Вады!

Ён увесь разгарачыўся, кашуля шырока расшпілілася на яго грудзях, валасы разварушыліся на галаве. Хлопец нецярпліва тузануў шланг, ямчэй перахапіў яго і скіраваў канец у агонь. Нарэшце, відаць, пусцілі ваду — шланг, наліваючыся ёю, варушыўся на зямлі, бы гіганцкая жывая вужака, набрак, надуўся, і хутка з яго хлынуў бліскучы шырокі струмень вады. Хлопец засцярожліва крыкнуў на людзей, што заміналі яму ля вогнішча — тыя паслухмяна падаліся назад, а ён, ледзьве спраўляючыся з тугім пругкім шлангам, упіраўся ў зямлю шырока расстаўленымі нагамі і ліў у агонь ваду. Адтуль разам з чорным дымам нафты заклубіліся ў неба шэрыя воблакі пары, густы туман папоўз па катлаване. У схаваным парай вогнішчы шумна сквірчала, шыпела, і ў гэтым шуме прападалі людскія галасы і крыкі таго зухаватага хлопца.

Тым часам з другога боку катлавана на абрыве з’явіліся яшчэ людзі — яны валаклі другі шланг, і хутка зверху ў дым і пару паліўся яшчэ адзін шырокі вадзяны струмень. Людзі ў катлаване і на абрыве адышліся далей, зблізку засталіся толькі гэты хлопец у чырвонай кашулі і яшчэ двое, што памагалі яму. Побач на абрыве таксама падаліся назад, будаўнік у камбінезоне сказаў:

1 ... 56 57 58 59 60 61 62 63 64 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)