Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
I Анісім скіраваў лодку да берага. Пры святле ліхтарыка яны выбралі сетку, папляваліся, пагаравалі: «Здаецца ж, білася, а ўцякла, няма рыбы. Куды тая рыба падзелася...» Перакурылі, седзячы на борце лодкі, і зноў пачалі заводзіць сетку і аддаляцца. Пайшлі, схаваліся разам уначы, вада замыла іх сляды, зноў стала вусцішна. Маўчала, спала вёска за спіною Уладзіка, як яе і не было. Паснулі прыбярэжныя лозы і дубнякі, нябачныя і нячутныя. Усё схавалася, паснула і, здавалася, ніколі ўжо больш не абудзіцца. Сон гэты будзе доўжыцца стагоддзі, стагоддзі ўсё вакол будзе ахутана змрокам, спавіта спакоем і дрымотаю. Нікому не абудзіць ночы, усё і ўсе аддаліся ёй, уціхамірыліся і спадзяюцца толькі на яе літасць.
Ноч, ноч, на сотні і сотні кіламетраў, на пакаленні і гады, і трэба вялізная званіца, каб нешта абудзіць, ускалыхнуць, разагнаць цемру, што згусцілася над вёскай. Да самых нябёс прывязаць язык і ўдарыць тым языком у званіцу неба, па зоркавых вачах яго, трэба месяцам біць у неба, званіць месяцам, пакуль яно не расколецца, а з расколу, прарэхаў не лінецца гарачае абуджальнае святло. I тады ўсё вакол ускалыхнецца, пачне рухацца, спадзе з вачэй туман, што спавіў іх.
Уладзік працёр вочы, не жадаючы паддавацца салодкаму ў гэтую глухую пару сну. Ён добра ведаў, што цішыня і змрок, якія, здавалася, непадзельна ўладараць зараз над зямлёю, падманлівыя. Жыццё, ноч і дзень тояць мноства такіх падманаў, і толькі паддайся ім, будзеш хадзіць і спаць на хаду, як сонны цецярук з адплюшчанымі вачыма і разяўленым ротам. Толькі што ж тут былі людзі, і яны не так далёка адышліся ад яго. Не, не спіць, не спіць і вёска, толькі чым яна займаецца цяпер, гэта ўжо іншая справа. Да ўсяго ён, Уладзік, быў здольны добра бачыць і ў цемры. I бачыць не проста, скажам, цёмнае дрэва ўночы, ахутанае змрокам, а ў колеры, такім, якім яно бачыцца пры святле дня, зялёным і ў квецені. Гэтая здольнасць бачыць уночы, адрозніваць колеры даўно ўжо ў яго. З таго часу, як пачаўся і прайшоў першы прыступ яго хваробы. Здарылася гэта ноччу. Уладзік быў у ложку і сніў сон. Сніліся яму горы, у якіх ён ніколі не быў, скалы з усіх бакоў. У скал чамусьці былі людскія твары, твары мужчын з яго вёскі, шэрыя, маршчыністыя, змрочныя. Ён ішоў праз гэты строй з твараў, скал, каменна-нерухомых, застылых, углядаўся ў іх, змеціў, што яны не такія ўжо і нерухомыя, скалы раптам крануліся з месца, пачалі наплываць на яго, бурыцца, падаць. Спачатку ён нават і не спалохаўся, здзівіўся, і здзіўленне не пакідала яго да той пары, пакуль скалы не завалілі Уладзіка каменнем да пояса. А потым яны пасыпаліся на галаву яму, вялізныя камяні, булыгі, чамаданы. I тут яго агарнуў такі жудасны жах, якога ён не ведаў ніколі раней, таму што не было паратунку, уцячы нельга, ногі знерухомелі і засыпаны каменнем, а каменне падае, скалы бурацца, і кожная глыбіна наравіць ударыць яго па галаве. Ён закрычаў і прачнуўся і больш не валодаў сабою, не мог справіцца са сваім крыкам. Ускочыў з ложка і пабег па хаце, скідваючы чыгуны, вёдры, гладышкі, крэслы: «Мамо, спасі, мамо, спасі!»
Слоў гэтых, праўда, у памяці яго не засталося, у памяці назаўсёды толькі зараджэнне спалоху і крыку. А пазней, калі спалох адрынуў, адышоў у сэрца і сэрца пачало скідвацца ў грудзях, біцца ў рэбры, вырывацца з рэбраў і бязгучна там, у грудзях, крычаць, ён, асавелы, лежачы зноў у ложку, адчуў: нешта перайначылася ў навакольным свеце, нешта зрушылася, але ўхапіць, асэнсаваць гэты зрух ён быў не здольны. I толькі калі выйшла з запечча і прайшлася па падлозе кошка, якую ён жа і напалохаў, чорненькая, з белым бантам на шыі, ён уцяміў, што адбылося, што скранулася ў свеце. Кошка свяцілася чорным ад лоба і да хваста і зіхацела белым бантам на шыі. Свяцілася, зіхацела і хата, быццам сонца ў хату закацілі і яно вісела цяпер у красным куце, які знаходзіўся справа ад яго, і ўсё, што знаходзілася ў хаце, ён бачыў як пры сонечным святле. Нежывое, праўда, цьмянае, як нежывое. Сякера, хаця і сярэбрана адлівала лязом пад лаваю, высвечвала адпаліраваным тапарышчам, але неяк вяла, млява, не сваім святлом, у якім адчуваецца струменне жыцця, а водсветам тых рук, якія карысталіся ім. Таксама цьмяна высвечвалі крэслы і лава, стол, вядро. А вось вазоны, кветкі, што стаялі на падаконніку, тыя раптам ажылі ўночы, зазелянелі звонку і забялеліся ўсярэдзіне да тоненькіх пражылак. I над кожным вазонам зіхацела вясёлкаю дрыготкае серабрыстае мроіва. «То яны дыхаюць так вясёлкава,— падумаў Уладзік і пабег вачыма да бацькоўскага ложка, яшчэ не ўцяміўшы, што ж гэта адбылося, сустрэўся з вачыма маці і бацькі. Напалохаўся, што яны бачаць, як ён глядзіць на іх. Але яны нічога не бачылі, яны проста пазіралі ў яго бок, яшчэ, пэўна, не пазбавіўшыся спалоху ад таго, што адбылося з ім, узрушаныя, устрывожаныя. I яму было соладка паглядваць за гэтай іх трывогай, застаючыся нябачным. Ён разгледзеў нават колер гэтай трывогі, шэра-бляклы, як іх твары. Уладзік тае ночы зразумеў, што ў кожным чалавеку пераважае адзін які-небудзь колер — колер яго душы. Ён, канечне, няўстойлівы і мяняецца ў залежнасці ад таго, у якім настроі знаходзіцца чалавек, радуецца ён ці смуткуе, мяняецца не вельмі моцна, робіцца бледным ці зыркім, можа бляднець ці цьмянець, асноўны колер, які сыходзіць ад людзей, а асноўных колераў у чалавека не так ужо і багата, столькі, колькі і ў вясёлкі. Уладзік нікому не сказаў аб гэтым сваім адкрыцці, таму што яно напалохала яго. Амаль што дарэмна атрымаў такое багацце.