Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 254
Перейти на страницу:

На хутары ў істопцы Сцепаніда развязала хусцінку з кулічом, адкроіла кавалак і занесла ў хату пану Адольфу. Той, як здалося, спаў у запечку, бо ў хаце яго не было відаць, і Сцепаніда паклала куліч на белую талерку, што ўзяла з пасудніка, паставіла на стол. У хаце было надта ціха, але яна не звярнула на тое ўвагі — наогул, яна не мела звычаю затрымлівацца тут: зробіць што ці возьме і — у сенцы, нашто турбаваць старога чалавека. У істопцы яны з’елі рэшту таго куліча з малаком, і Пятрок пайшоў на падворак. Яго ўжо ахапіў веснавы неспакой, трэба было ладзіць плуг для баразны, пад павеццю ён не мог знайсці ворчык, а без ворчыка як запражэш? Сцепаніда ж у вялікім чыгуне пачала боўтаць пойла карове — Чарняўка любіла менавіта такое, трохі забоўтанае мукой пойла і зусім не піла ваду.

Так яна боўтала, прысеўшы над чыгуном, як у расчыненыя дзверы неяк хістка сунуўся Пятрок і здушана крыкнуў ёй з неспакоем, спалохам, нават жахам у голасе:

— Сцепаніда!

Яна ўскочыла з долу, здалося, што Петраку блага, ён і сапраўды як палатніна пабялеў з твару, выцягнутыя да яе яго рукі нядобра дрыжалі.

— Сцепаніда!!!

Яна кінулася да яго, але ён адступіўся, памкнуўся назад на падворак, скіроўваючы яе ўвагу ў другі бок, да хлява. Яна кінула позірк далей і згледзела, што дзверы ў свірне насцеж расчынены, чаго не было ніколі, заўжды там грувасціўся вялікі замок, чорны ключ ад якога вісеў у хаце на цвіку ля парога. Адчуўшы благое, яна подбегам кінулася да дзвярэй і яшчэ з падворка ў свірановых прыцемках убачыла няпэўную чалавечую постаць. Неяк, быццам схіліўшыся над засекам, нерухома стаяў на падкурчаных у каленях нагах Адольф Яхімоўскі. Не сваім голасам яна крыкнула: «Паночку Адоля!» — але ён не азваўся. Тады яна ўскочыла ў свіран і зразумела ўсё. Зверху ад бэлькі звісала туга напятая вяроўка, жоўтая, бы голая косць, галава Яхімоўскага скруцілася набок разам з шыяй, рукі ўпалі ўздоўж худога абвіслага цела, адно плячо неяк ненатуральна паднялося вышай, а другое апусцілася. Яна схапіла яго за гэтыя кастлявыя пад суконным каптаном плечы, і цела грузна павярнулася. Ён вісеў так нізка, што падкурчаныя ногі яго ў святочных хромавых ботах з шоргатам пасунуліся на земляной падлозе. Не ў лад са сваім спалохам Сцепаніда падумала, што нават і тут, каб павесіцца, чалавеку не хапіла прасторы, так было нізка і нязручна.

Праз два дні яны з Петраком адвезлі не дужа зграбна змайстраваную з старых дошак труну на каталіцкія могілкі ў мястэчку і закапалі. Яшчэ праз дзень з мястэчка прыехаў арандатар Мацкевіч, які пагрузіў у параконную фуру грувасткае дубовае крэсла, гадзіннік у даўгім футарале і прыгожую чырвонага дрэва канторку, казаў, што за доўг, які не сплаціў яму Яхімоўскі. Сцепаніда з Петраком не пярэчылі, сказалі: бяры! Ім заставалася болей — лічы, уся сядзіба, дзве дзесяціны зямлі, кабылка, карова. Хіба па тым часе гэтага было мала?

На пачатку вясны яны перацягнулі з істопкі свой небагаты набытак і так сталі жыць у хаце.

Стары Яхімоўскі пакрысе стаў забывацца. Часам успамінаўся, але той успамін не прыносіў радасці, і яны стараліся думаць пра іншае. Тым болей што бедаў і клопату хапала ўсе тыя гады.

Азіміна сабе расла, клопат пра яе быў невялікі, але ж яе пасеяна было ўсяго дзве ніўкі, а галоўную частку надзела, што была на пагорку, трэба было араць пад ярыну. Яно б нічога, канешне, неяк бы ўзаралі, але горш, што самы верх гэтай гары з пазалеташняга года ляжаў аблогай. Яхімоўскі яго не араў, арандатар некалі кінуў, бо зямля там была не дай Бог — гліна, якая ў сухі год камянела, бы тая скала. Але лацвей было Яхімоўскаму мець якую дзесяціну аблогай, у яго хапала і лепшай зямлі, а як во было ім? Пабедаваўшы крыху, Пятрок запрог маладую кабылку ў ладны, новы яшчэ плужок і паехаў узнімаць аблогу.

Ён біўся там ад раніцы да паўдня, Сцепаніда, занятая іншымі справамі на сядзібе, чакала яго палуднаваць і не дачакалася. Адчуўшы благое, кінула недаробленае на падворку і ўзроўкам пабегла на той іх новы надзел, на тую халерную выспу, дзе змагаўся з зямлёй Пятрок.

Яшчэ здалёку, з узроўка, яна ўбачыла кабылку і Петрака ля яе, якраз тыя стаялі на самае выспе, але чамусь Пятрок кінуў плуг і нешта тузаўся ля кабылы, якая апанурылася ў баразне сярод ссохлага леташняга быльнягу і стаяла з мокрымі бакамі, нізка звесіўшы голаў. Сцепаніда падбегла бліжэй, выскачыла з аблогі на некалькі вузкіх баразёнак і ледзь не войкнула, пакалоўшы ногі аб калючы глей, які, нібы бітая цэгла, чырванеўся ўперамешку з хамлакамі ссохлага гною і леташнім быльнягом. Дзіва што кабылка ўходалася, тут і стары харошы конь, мусіць, надарваў бы жылы, пацягаўшы за сабой плуг. Вараная іхняя кабылка і яшчэ пацямнела ад поту, які ручаямі ліўся па яе выпнутых скабах, а бакі яе дыхавічна хадзілі ад ператомы, і галава апушчалася ўсё ніжэй. З трывожным адчаем у голасе нешта гукаў да яе Пятрок, босы, у зрэбнай непадпяразанай кашулі, з узмакрэлымі ад поту плячыма — ён зірнуў на Сцепаніду, тузануў кабылку за аброць, і тая раптам хіснулася — заднія ногі яе раз’ехаліся, і яна села ў пастромках на мулкае ворыва.

1 ... 53 54 55 56 57 58 59 60 61 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)