Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
– Хто такі? – спытаў Мсціслаў.
– Ваўкалака, – ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. – Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню – з сабою вазьму.
І цягнуў рукі да Янькі. Дзяўчаткі віскаталі, хаця Ваўкалака быў мілы і зусім не страшны і нават падабаўся Майцы.
Было весела. А потым Андрэй спяваў песню пра Ваўкалаку, і яму падцягваў нечакана прыемным голасам Мсціслаў:
Што то за сцежка – без краю, без краю?
Што то за конік – ступою, ступою?
Злыя татарнікі пад капытамі,
Воўчае сонейка над галавою.
А потым другую, як малады Ваўкалака пайшоў адбіваць у гайдукоў бацькавых валоў і не вярнуўся ў дом і як груган на сухім дубе казаў яму, што робіць у двары Ваўкалакаў бацька. А бацька ламаў рукі і прыгаворваў:
Я, жывучы, валоў нажыву,
А цябе, сыночак, увек не знайду.
Песня ляцела над морам разнатраўя, і ўсім было шкада старога бацькі, але так і карцела самім пайсці ў лес, на волю, пад воўчае сонца.
Пацягнуліся мяккія гарбы, зарослыя верасам. Сонца ўзыходзіла за спіною, калі яны ўз’ехалі на адзін такі горб, а па другі бок яшчэ ляжалі цень і туман. І тут перад вачыма дзяцей успыхнула ў тумане белая шырокая вясёлка, слаба-аранжавая звонку, шыза-блакітная знутры. Затым сонца адарвалася ад зямлі, і белая вясёлка знікла, і верас лёг перад вачыма, упрыгожаны мільёнамі павуцінак, якія ззялі ў кроплях расы.
– Што ж гэта яна? – жаласна спытала Майка. – Нашто знікла?
– Чакай, – сказаў Андрэй, – зараз будзе табе ўзнагарода.
І ўзнагарода з’явілася. На павуцінках, на росным верасе раптам з’явілася другая радуга. Выцягнутая, яна ляжала проста на траве, ззяла ўсімі вясёлкамі, уцякала ў бясконцасць ад іхніх ног.
– Ты адкуль ведаў? – спытала Майка з павагаю.
– Ведаў, – проста адказаў Андрэй.
Майка з павагаю ўздыхнула.
…А потым, як працяг гэтай феерыі, над верасам, над гарбамі, зарослымі лесам, з’явілася на збегу Папараці і другой рачулкі, на высокай гары паміж імі, вялікая руіна: тры вежы і рэшткі муроў.
Уброд перайшлі Папараць. Лазілі па каменнях. Майка, Алесь і Андрэй узлезлі нават на адну з веж. Кандрат і Мсціслаў з Янькай асталіся ўнізе.
Майка, Алесь і Андрэй стаялі ў вышыні і глядзелі на неабсяжны свет, які ўвесь, здавалася, належаў ім. Зубцы вежы сівелі палыном, рудыя ад іржы кавуны ядраў былі сям-там бы ўмураваныя ў кладку. А далей была Папараць, лугі, лясы, свет.
– Гэты замак аднойчы ўзялі мужыкі, – сказаў Алесь.
Майка міжвольна зірнула на Андрэя.
– А што ж, – сказаў Андрэй. – Што мы, зломкі?
А знізу маленькі Кандрат крычаў брату:
– Злазь ужо, галата! Злазь!
– Прывязка, – сказаў Андрэй.
– Злазь! – крычаў Мсціслаў. – Злазь, цівун Пацук! Тут цябе Ваўкалака з беларускім Ладымерам чакаюць.
Раззлаваны за “цівуна Пацука”, Андрэй палез уніз.
А яны сталі ўдваіх і глядзелі на зямлю.
– Ты атрымаў? – спытала яна.
– Атрымаў.
– Хораша тут?
– Вельмі… І… ведаеш што, давай будзем, як брат і сястра.
– Давай, – уздыхнула яна. – На ўсё жыццё?
– На ўсё жыццё.
Пасля таго як пад’елі ў ценю адной з веж, Андрэй прапанаваў падацца яшчэ далей у лес, бо там, на гэтай самай Папараці, жыве млынар, вядзьмар Грынь Паківач.
Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы.
Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты.
Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве.
Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.
Алесь і Майка, прыхапіўшы з сабою Яню, пайшлі вакол стаўка, каб паглядзець, адкуль ён бярэ ваду. Натрапілі на ручаіну, што бегла, такая чыстая, сярод свежых імхоў, і пайшлі ёй насустрач.
Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.