Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая древняя литература » Аскепкі вялікага малюнку
Аскепкі вялікага малюнку - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Аскепкі вялікага малюнку

Электронная книга - «Аскепкі вялікага малюнку». Краткое содержание книги:

«Аскепкі...» — кніга не паэтычная, а эсэістычная. Пад вокладкай, якую ўпрыгожвае фрагмэнт карціны “Знакапіс на мапе майго лёсу” Аркушавай жонкі мастачкі Тацяны Козік, сабраныя асноўныя эсэ і артыкулы Алеся Аркуша, якія друкаваліся ў пэрыёдыцы за розныя гады. У першым эсэ ў кнізе Аркуш піша пра горад, у якім ён нарадзіўся, пражыў ладную частку свайго жыцьця, пасьля чаго трапіў у Полацак. Той горад — Жодзіна. Нягледзячы на тое, што Аркуш даўно пазыцыянуе сябе, як палачанін, у яго застаўся значны сантымэнт да горада свайго маленства. Ён называе Жодзіна найбольш амбітным беларускім горадам, які мусіць яшчэ заняць сваё месца ў беларускай культуры. “Азіяцкі пэрыяд” свайго жыцьця Аркуш апісвае ў эсэ “Гесэ, вярблюды і войска”. Тут ідзе гаворка пра далёкую і загадкавую Манголію, куды Аляксандар Козік быў закінуты воляю лёсу ў зусім яшчэ малым узросьце, потым была яшчэ другая пабыўка, але гэта ўжо ў сьвядомым веку. Азія знайшла сяржанта Козіка ў войску, бо большая частка жаўнераў ягонай роты былі вышлыя з краінаў Сярэдняй Азіі і Каўказу, справіцца зь якімі не было зусім лёгкай задачай. Ёсьць у кнізе невялічкае эсэ, прысьвечанае самвыдавецкаму праекту “Ксэракс беларускі”, які рэдагаваў Аркуш. Сёньня падшыўку таго выданьня спрабуе атрымаць у свае архівы брэмэнская бібліятэка. Аркуш вагаецца, ці аддаваць, б ў яго засталося ўсяго тры камплекты. Мабыць, спадзяецца, што некалі яны яшчэ спатрэбяцца на Радзіме. Кніга не магла не зьмясьціць хрэстаматыйнае эсэ Аркуша “Аскепкі вялікага малюнку”, якая ўласна і дала назву кнізе.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 34
Перейти на страницу:

Жнівень, 2004

Гесэ, вярблюды і войска 

1

З Азіяй я пазнаёміўся дзіцем. Мне яшчэ не было двух гадоў, калі майго бацьку накіравалі працаваць на электрастанцыі ў гарадку Тасонцэнгеле на паўночным захадзе Манголіі. У сьнежні 1962 году маладая беларуская сям’я – гаспадар, яго жонка і сын – накіраваліся з Масквы цягніком ува Ўлан-Батар. Надзіва лёгка мне далося тое цяжкое падарожжа, якое доўжылася амаль тыдзень. Маці чытала Маршака і Чукоўскага, а я імгненна запамінаў паэтычныя радкі і слова ў слова паўтараў за ёй. Мае здольнасьці заўважыла суседка па купэ, якая пачала нахвальваць маці яе таленавітага сына і нечакана папрасіла аддаць ёй яго на вучобу, бо яна – вядомы балетмайстар і едзе ўва Ўлан-Батар ствараць мангольскі нацыянальны балет. «Я зь яго зраблю выдатнага артыста». Маці катэгарычна адмовілася і нават спужалася гэткай прапановы. Як гэта можна аддаць роднае дзіця чужому чалавеку?! З балетам мы канчаткова разышліся ў розныя бакі.

Тасонцэнгел (часам яго называлі, нават у дакумэнтах, проста Тасон) аказаўся мястэчкам, якое месьцілася ў лагчыне сярод гор на беразе імклівай ракі Ідэр. На ўсход ад Тасону, побач з горадам Мурэн, Ідэр зьлівалася з ракой Дэлгер-Мурэн і ўтварала легендарную раку Селенгу, якая ўпадае ў Байкал. Край гэты быў дзікі і малаабжыты. Ад Улан-Батару да Тасону людзі дабіраліся пераважна на самалёце або на конях ці вярблюдах. Дарогі ў гэтых мясьцінах былі грунтовыя, часовыя (летнія) і хутчэй нагадвалі сьцяжыны ў стэпе, мастоў праз рэкі практычна не існавала. У цэнтры гарадка савецкія будаўнікі ўзьвялі пасёлак аднатыпных дамоў-катэджаў на дзьве сям’і, у якіх жылі пераважна спэцыялісты з СССР. З ускраінаў пасёлак атачалі мангольскія традыцыйныя юрты. Гарадок паўстаў пасьля таго, як тут пабудавалі дрэваперапрацоўчы камбінат і – для ягоных патрэбаў – невялікую ЦЭЦ. Былі ў Тасоне свой клюб, у якім савецкія спэцыялісты адзначалі сьвяты (самым любым і вясёлым быў, вядома, Новы год), больніца, школа, крамы, пошта. Тавары – пераважна расейскія і кітайскія. Маімі любімымі прысмакамі ў Манголіі сталі савецкія карамэлькі «Тэатральныя» і кітайскія (а можа віетнамскія) сушаныя бананы (у Беларусі сушаныя бананы ў 1960-х былі экзотыкай). У краме скрынкамі прадаваліся белыя курапаткі й глушцы, можна было купіць апэльсіны, мандарыны ды чырвоную ікру ў трохлітровых кадушках.

Гэта быў мала крануты цывілізацыяй край. У навакольных горных лясах часам сустракаліся загорнутыя ў матэрыю трупы памерлых манголаў. Дзеці прыроды вярталіся ў прыроду без пасярэдніцтва могілак.

Мужчыны ў вольны час тут займаліся выключна паляваньнем і рыбалкай. Я сам у чатырохгадовым узросьце напрактыкаваўся й цягаў вудаю харыюсаў з Ідэру, здаецца, рукі дасюль памятаюць трапяткія, пругкія рыбіны цельцы. Аднойчы з бацькам за дзень мы нацягалі іх поўны пляцак – 150 штук. Але бацька быў аматарам іншай здабычы – тайменяў. Гэта вялікая драпежная рыба сямейства ласосевых, яна дасягае 60-кіляграмовай вагі і даўжыні паўтара мэтру. Такія экзэмпляры бацьку не трапляліся, а вось каля 10 кіляграмаў – даволі часта. Вяленыя кавалкі тайменяў у нас увесь час віселі на вялікіх сталёвых круках на гарышчы дому, а сырое мяса круглы год ляжала ў склепе, які быў як лядоўня – зямля летам глыбока не адтайвала. Лавіў бацька тайменяў на сьпінінг – браў корак ад віна, абцягваў яго мышынаю шкуркай, пачапляў некалькі якарных кручкоў. Вось прынада й гатовая. Закідвай у плыню ракі й сачы, калі вялікая рыбіна дзеўбане па «мышыне». Усё астатняе залежыць ад твайго ўменьня змагацца з тайменем і трываласьці тваёй рыбалоўнай снасьці.

Палявалі тут галоўным чынам на качак, часам трапляліся дзікія гусі. На выходныя ў летне-восеньскі сэзон савецкія спэцыялісты на аўтобусе калектыўна выяжджалі на рыбалку або паляваньне. Часам гэтыя заняткі спалучалі – крыху парыбачаць, крыху папалююць. Без здабычы ніколі не вярталіся. Праўда, бацьку ня вельмі шанцавала на паляваньні, але час ад часу ён усё ж прыносіў падстрэленых качак. Я заўсёды чакаў яго з тых паездак і адразу лез у ягоны паходны пляцак. Зь нейкім страхам і жалем я разглядаў мёртвых птушак. Дзівіўся прыгажосьці качараў, гладзіў па пёрах, уздымаў шыі ўгору, расьцягваў крылы. Птушкі не ажывалі. Я толькі аднойчы папрасіў у бацькі стрэліць з паляўнічай стрэльбы – проста ў паветра. Страляць па качках мне не хацелася.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)