За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
Наступная сакрэтная паперка ў справе Бунцэвіча зьявілася праз восем месяцаў пасьля пастановы аб яго вызваленні: усю справу адправілі зь Менску ў Старобін — для дасьледаваньня. Загадвалася сьведку Кандрата Карабу перадапытаць з мэтай «удакладнення і пацверджання паказанняў». Заданне было недвухсэнсовае, і 9 студзеня 1941 году ахоўнік Старобінскага банку Караба, як і патрабавалі зь Менску, свае паказанні супраць Бунцэвіча пацьвердзіў.
У пратаколе допыту запісаныя яго адказы: «Паміж удзельнікаў банды «Беларускай Рады» знаходзіўся Бунцэвіч, які разам зь іншымі накіроўваўся ў Завішчыцы. З размоваў удзельнікаў банды ведаю, калі з майго возу здымалі скрыню з патронамі, дык павінны былі накіравацца ў Семежава. І больш аб удзеле Бунцэвіча ў бандзе «Беларуская Рада» мне нічога не вядома. Бунцэвіч гаварыў, што жывецца дрэнна, няма хлеба, раней жылося ў некалькі разоў лепей, чым цяпер». Сьледчыя папрасілі Карабу назваць сьведкаў антысавецкіх размоваў Бунцэвіча. Той адказаў так: «У памяшканні банку я зьмяняў Бунцэвіча і ён адразу дахаты не пайшоў, бо быў моцны дождж, і ўсе размовы, апроч яго і мяне, ніхто ня чуў».
Сьледчыя дапыталі яшчэ сем чалавек. Ніхто болей не пацьвердзіў ніякіх абвінавачанняў. Тым ня менш, сьледчы ўправы НКВД па Менскай вобласьці сяржант ГБ Парахневіч напісаў і падпісаў пастанову, згодна зь якой папярэдняе рашэнне аб вызваленні Бунцэвіча адмянялася, скарга асуджанага прызнавалася неабгрунтаванай. Гэтую пастанову трэба быдо падпісаць начальніку ўправы НКВД Менскай вобласьці Васілеўскаму, начальніку сьледчай часткі Сімахіну, зацвердзіць пастанову павінен быў сам царкам Цанава. Ні даты, ні патрэбных подпісаў, апроч подпісу сяржанта ГБ Парахневіча, на дакумэнце няма.
Як будзе сьцьвярджаць у 1959 годзе пракурор Менскай вобласьці І. Шнітко пад час перагляду справы, пастанова, якая адмаўляла Бунцэвічу ў вызваленьні, ня мела ніякай юрыдычнай сілы нават у тыя часы. Але былі іншыя сілы, зацікаўленыя, каб арыштаваныя на падставе іхных ордэраў не вызваляліся датэрмінова…
Бунцэвіч адбыў у лагеры ўвесь тэрмін і вярнуўся ў Старобін у 1946 годзе. Жыць яму заставалася нядоўга — праз тры гады, на 54-м годзе жыцьця ён памёр. Удава прасіла назначыць ёй пэнсію, але ёй адмовілі. Ворагам народа і членам іх сем'яў пэнсіяў не давалі — трэба было забясьпечваць пэнсіянэраў НКВД.
1961. «Прашу пераканаўча ўсё ўлічыць»
Новыя запісы ў схуднелым блакноце адзін да аднаго паўтаралі тое, што Гарбачэўскі пісаў амаль чвэрць стагодзьдзя таму. У лютым 1961-га яму ўдалося дамагчыся доступу да справаў, якія ён вёў у 1937-м. Перагарнуў пажоўклыя старонкі, перагледзеў пастановы на арышт і свае подпісы, выпіскі з рашэньняў НКВД і паведамленьні аб іх выкананні. Не, яму няма чаго саромецца перад партыяй — усе арыштаваныя былі сапраўднымі ворагамі. Органы не памыляліся, сьцьвярджаць адваротнае — значыла абвінавачваць органы ў шкодніцтве, паклёпнічаць, паўтараць здобныя контррэвалюцыйныя выдумкі. Аднак часы дзіўна памяняліся. Арыштавалі Берыю, зьнік Цанава, замахнуліся на самога Сталіна. Правадыр ляжыць у маўзалеі побач зь Леніным і сам ня можа за сябе пастаяць. Быў бы жывы, хіба давялося б тлумачыць відавочнае?.. Ён вырываў чарговыя аркушы з блакноту.
«У дадатак да майго тлумачэння адносна справаў 1937 году паведамляю. Бунцэвіч М. удзельнік атраду, створанага Беларускай Радай, змагаўся супраць чырвонага войска, праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю; Белавец С. займаўся кантрабандавай дзейнасцю, меў сувязі з Польшчай, дзе пражывалі маці і стрыечны брат; Герасіменя В. у Польшчы меў сястру, зь якой у 1933 годзе меў падазроныя сустрэчы. У 1935 годзе за азначаную дзейнасьць выключаны з ВКП(б); Аліноўскі А. былы кулак, меў 20 га зямлі, чатыры каровы, быў завэрбаваны для правядзеньня контррэвалюцыйнай агітацыі польшпіёнам Сасноўскім; Лазоўская М. таксама мела непасрэдную сувязь з польшпіёнам Сасноўскім; Сідарук Ф. працаваў лесьніком, перадаваў матэрыял аб настроях сялянаў і разьмешчаньні частак РККА, дрэнна адпускаў матэрыял для дзяржбудоўляў… Паводле ўказаньняў таго пэрыяду яны падлягалі арышту, тым болей, што Старобінскі раён быў памежным і на ўсіх гэтых асобаў меліся ў райаддзеле матэрыялы агентурных справаў. Прашу пераканаўча пры разглядзе пытаньня ўсё гэта ўлічыць…»
Матэрыялы агентурных справаў былі першаснай і найважнейшай крыніцай інфармацыі, паводле якой выбіраліся ворагі. Гарбачэўскі ведаў напэўна, што пераправерыць іх, нават калі б захацелі, будзе немагчыма. У 1941-м, пад час маланкавага наступу немцаў, у райаддзелы паступіў загад паліць апэратыўныя дакумэнты. Пасьля вайны, працуючы намесьнікам Цанавы, ён на свае вочы мог бачыць справаздачу супрацоўніка Старобінскага райаддзелу НКВД Бялько, якая пацьвярджала зьнішчэньне першаснай дакумэнтацыі.
Праўда, зьвесткі аб некаторых памочніках органаў меліся ў архіўных справах арыштаваных, ён сам часам упісваў іх у даведкі, паводле якіх арыштоўваў ворагаў. Але Гарбачэўскі мог спадзявацца, што аб тых запісах паклапоцяцца калегі.
І сапраўды, пад час кампаніі рэабілітацыі, калі органы пераглядалі справы — пісалі даведкі, правяралі былых так званых «польскіх шпіёнаў» з выездам на месца, — у КГБ не забываліся і на сваіх верных памочнікаў. Вырываць аркушы са справы было строга забаронена інструкцыяй, але ніякая інструкцыя не перашкаджала ставіць густыя чарнільныя кляксы на мянушкі і прозвішчы асьведамляльнікаў. Некаторыя акалічнасці і дакумэнты дазваляюць датаваць адну з такіх замазак у архіўнай справе, пачатай Старобінскім НКВД і перададзенай у спэцархіў у Менск, 10 сакавіка 1953 года. І тыдня не мінула, як сканаў Сталін, а нечая спрытная рука пачала клапаціцца пра памочнікаў катаў.
У 1961 годзе ніхто сапраўды ня стаў корпацца ў агентурных матэрыялах — доказаў віны палкоўніка хапала і бязь іх. Аднак Гарбачэўскі памыляўся, калі думаў, што ніхто ніколі ня ўведае імёнаў старобінскіх юдаў…
1992. «Матэрыял асьв. «Горкі»»
Пад час кароткай беларускай адлігі, калі кампартыя была зацугляная пасьля путчу 1991 году, пад ціскам грамадзкасьці КГБ пачаў даваць абмежаваны дазвол навукоўцам, журналістам, кінематаграфістам на знаёмства зь некаторымі справамі. Як член парлямэнцкай камісіі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, непрацяглы час меў магчымасць пазнаёміцца са справамі закатаваных і я.
Справы Сьцяпана Белаўца, Міхаіла Бунцэвіча, як і іншых ахвяраў Гарбачэўскага, адкрываліся даведкамі, паводле якіх іх арыштоўвалі, выносілі пастановы і расстрэльвалі альбо везлі ў лагеры. У справе Бунцэвіча, напрыклад, пасьля апісаньня яго ўдзелу ў Слуцкім паўстаньні рукой энкавэдыста ў дужках было нешта пазначана, але разабраць заштрыхаваны запіс было няпроста.
Папера, на якой друкаваліся даведкі і прозьвішчы асьведаміцеляў, як знарок падабраная, каб ня можна было прачытаць з адваротнага боку — грубая і тоўстая. І літары звычайнай друкарскай машынкі не праціскалі яе.
Безумоўна, сучасная крыміналістычная тэхніка лёгка справілася б з задачай: разабраць замазаныя, схаваныя прозьвішчы даносчыкаў, але наіўна было б чакаць дапамогі з боку тых органаў, якія такой тэхнікай валодаюць. Іх задача адваротная — каб ніхто не прачытаў і не назваў імёны верных сяброў чэкістаў.
Але паспрабаваць прачытаць імёны памочнікаў катаў усё ж можна, нават калі атрымаў архіўную справу ўсяго на пару гадзінаў і ў цёмны службовы пакой, які ў КГБ Беларусі часова адвялі пад чытальную залю, незнарок заходзяць прапаршчыкі і заглядаюць афіцэры. Пад мініятурным павелічальным шклом вугалкі характэрнага шрыфту друкарскай машынкі Старобінскага НКВД, якія выступалі з-пад чарнільных плямаў, складваліся ў літары, літары — у словы. Вось словы, якімі называлі даносчыкаў у Старобіне і якія стаяць на пачатку многіх справаў НКВД:
«Горкі» — менавіта паводле даносаў таго, хто зашыфраваны пад псэўданімам аўтара знакамітага афарызму «Калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць», быў арыштаваны Міхаіл Бунцэвіч, расстраляны жыхар вёскі Застарыньне Станіслаў Главінскі, які пакінуў сіротамі двух дзяцей; таксама расстраляны ягоны аднавясковец Вікенці Кальчынскі.
«Сексот» Ігнаценка — паводле ягоных даносаў арыштаваны і загінуў у Бурлагу селянін вёскі Залесьсе Сямён Чарнецкі, бацька чатырох дзяцей; арыштаваны і расстраляны калгаснік зь вёскі Застарыньне Юльян Смоліч, бацька трох дзяцей; расстраляны лясьнік зь вёскі Саковічы Андрэй Аліноўскі, бацька двух дзяцей. Прозьвішчы даносчыкаў Старобінскага НКВД Шацкага, Бобрыка, Дрызгаловіча таксама значацца ў тых некалькіх зь незьлічонай колькасьці справаў, якія ўдалося разгарнуць.