За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
У 1927-м, напярэдадні калектывізацыі, дзевятнаццацігадовым сялянскім хлопцам ён пакінуў бацькоўскі падворак і з таго часу верна служыў партыі на самым адказным участку — выкрываў ворагаў партыі. Нічога іншага рабіць ён ня ўмеў, у чым сам прызнаваўся ў скарзе сакратару ЦК КПБ П. Машэраву: «Я праслужыў больш за 25 гадоў, маю інваліднасьць, спэцыяльнасьці ніякай няма, атрымліваю 120 рублёў, сям'я і маці старая, 80 гадоў, чаму ніхто не падумаў аб маім далейшым жыцьці…»
Былы намесьнік наркама пісаў гэты ліст 13 красавіка 1961 году; ў гэты дзень партыі было не да скаргаў сваіх гадаванцаў. Партыя сьвяткавала чарговую сусветна-гістарычную перамогу — палёт Гагарына. Што з таго, што людзі з ночы займалі чэргі па хлеб, туліліся ў зямлянках, паміралі ад недахопу лекаў — партыя ішла да новых перамог, пераступаючы, як звычайна, празь лёсы і жыцьці.
Праўда, так здаралася звычайна з шараговымі камуністамі. Каштоўным кадрам, такім як Гарбачэўскі, шанцавала. Пасьля пасады намесьніка Цанавы, якую ён заняў адразу пасьля вызваленьня Беларусі ад немцаў, быў паступовы спуск зь небясьпечнай намэнклятурнай вышыні — зноў мацаваў дзяржаўную бясьпеку ў Пінску, потым у Віцебску, затым у Бабруйску. Партыі патрэбныя былі ягоны досьвед, ягоныя здольнасьці, ягонае пачуцьцё сацыялістычнай законнасьці. «З 1929 году я ў партыі і за гэты час партыйных спагнаньняў ня меў», — выводзіў ён пяром у блякноце бясспрэчны доказ сваёй ляяльнасьці й адданасьці.
Праўда, пад час працы ў Віцебску яму запісалі ў асабістую справу «вымову з апошнім папярэджаньнем». Ён арыштаваў нейкага Азарэнку і дамогся ад яго, як гаварылася ў даведцы, «выдуманых сьведчаньняў». Але ж у тым раёне быў масавы падзёж сьвіней і трэба было праявіць рашучасьць, у абкаме чакалі хуткіх вынікаў, і ён іх даў. Гэтаксама ён ня мог пагадзіцца зь яшчэ адным запісам у сваёй асабістай справе: «неабгрунтавана арыштаваў грамадзянку Глушанкову Н. Л., паводле выдуманых сьведчаньняў якой пасьля была арыштаваная яе сястра Глушанкова В. Л.» Па-першае, ня памятаў ён тых сясьцёр, ці мала каго арыштавалі, па-другое, іх паказаньні былі запісаныя і падпісаныя, так што ўсё законна. Ды хіба ўсё растлумачыш на паперы!.. Ён хадзіў на гутаркі, дамагаўся прыёму ў першага сакрартара, але той не прымаў…
Гарбачэўскі меў бясплатную кватэру, вялікую пэнсію — калгаснікі столькі не зараблялі за паўгода працы без выхадных, колькі палкоўнік запасу атрымліваў за месяц. Але хацелася большага: адчування маральнай праваты, звыклага пачуцьця ўпэўненасьці й далучанасці да асаблівага закрытага кола, якое называлі партыяй.
Аднак пасьля XX зьезду КПСС у партыйныя органы прыйшло шмат новых людзей, якія верылі ў намер партыі ачысціцца ад злачынстваў «культу асобы» і спадзяваліся на перамены да лепшага. Гэта аб'ектыўна супадала з інтарэсамі вышэйшай партнамэнклятуры, якая хацела застрахаваць сябе ад паўтарэння крывавых чыстак.
Члены парткамісіі пры Берасьцейскім гаркаме Убарэвіч і Куракевіч праверку справы палкоўніка НКВД закончылі высновай: «Са свайго боку лічым, што за ўсе зьдзейсьненыя злачынствы перад народам і партыяй Гарбачэўскі ня можа надалей заставацца ў шэрагах КПСС». Берасьцейскі абкам нават пастанавіў хадайнічаць перад Вярхоўным Саветам СССР аб пазбаўленьні палкоўніка дзяржаўных узнагародаў.
Акцыя посьпеху ня мела — адстаўнік па-ранейшаму мог з гонарам апранаць кіцель, густа абвешаны ордэнамі і мэдалямі за адданую службу.
У траўні 1961 году парткамісія пры ЦК КПБ пацьвердзіла выключэнне Гарбачэўскага з партыі. Ён зьвярнуўся ў вышэйшую інстанцыю — бюро ЦК і З ліпеня прыехаў у Менск, каб даведацца, ці задаволеная ягоная апэляцыя. Расьпіска ў азнаямленьні з пастановай бюро — апошні дакумэнт, які захоўваюць архівы ў справе члена партыі з 1929 году. Яму адмовілі.
Гарбачэўскі мог апэляваць далей да зьезду партыі, але безь вялікіх шанцаў вярнуць членскі білет — занадта сьвежыя былі выкрыцці, зробленыя Хрушчовым, ды і самога першага сакратара пакуль яшчэ ня скінулі таварышы па партыі. Пазьней, у 70–80-я тое сталася магчымым — аднавілі ж у партыі аднаго з бліжэйшых сталінскіх падручных, чый подпіс стаяў на дзясятках расстрэльных сьпісаў — Молатава. Але Гарбачэўскі да ціхай рэанімацыі сталінізму не дажыў. Ён памёр сваёй сьмерцю і пахаваны пад прыстойным помнікам, які нічым не адрозьніваецца ад іншых падобных знакаў памяці і шанаваньня. Да канца дзён ён лічыў сябе незаслужана пакрыўджаным — верна служыў партыі, выконваў усе яе пісаныя і непісаныя законы, а партыя здрадзіла яму, адхрысцілася ад сваёй палітыкі і ўсклала віну за злачынствы выключна на тых, хто ажыццяўляў партыйную лінію на практыцы. У апошняй сваёй пісьмовай заяве, на бланку расьпіскі ЦК, былы супрацоўнік НКВД цвёрда вывеў: «З рашэньнем ня згодны, бо фальсіфікацыі не было і гэта ня праўда».
Абсалютная большасць арыштаваных, якія прайшлі праз рукі Макара Гарбачэўскага, ляжаць з прастрэленымі патыліцамі ў магілах НКВД пад Слуцкам, Менскам, Магілёвам, у безыменых ямах Сібіры і Поўначы. За дзясяткі зьнішчаных лёсаў, закатаваных, расстраляных людзей Макар Давыдавіч Гарбачэўскі расплаціўся кардоннай кніжачкай у барвова-чырвонай вокладцы, так падобнай колерам на знаёмы яму колер крыві.
Справядлівасьць перамагла.
2. ПРЫРОДНЫЯ БАЛЬШАВІКІ
Лісты на «волю»
Адбылося так, як і павінна было адбыцца ў Савецкай краіне — ён ні ў чым не вінаваты і зноў на волі. Памылка выпраўленая. Перажытае хацелася забыць як дурны сон. Аднак ішлі дні, тыдні, і чамусьці нічога не забывалася, наадварот, у памяці ўставалі імёны і прозьвішчы, пабачанае і пачутае не давала спаць. Трэба напісаць, расказаць пра тое, што робіцца — але каму? Чарвякова даўно пахавалі, Галадзеда таксама няма, усё кіраўніцтва рэспублікі памянялася, новыя твары нічога не гаварылі… Можа, Надзеі Трэкавай, чыё прозьвішча нядаўна стала зьяўляцца на першых старонках газэт?
Ёй толькі дваццаць восем гадоў, былая швачка, і ўжо — сакратар ЦК і адначасна старшыня Вярхоўнага Савету БССР. Усё ж такі жанчына, здаецца, першая на такой пасадзе… Яна толькі што заняла кабінэт свайго папярэдніка, ворага народа, арыштаванага і расстралянага, і хутчэй за ўсё ня ведае, што адбываецца. Так, пісаць варта ёй — жанчына ня можа не зразумець чужой бяды. Узяць хоць бы выпадак з Марыяй Рабкоўскай — яе выпусьцілі пасьля году сьледзтва, але ў кватэры жылі чужыя людзі, рэчаў не было, невядома куды зьнік адзіны сын, сухоты ірвалі грудзі…
Вырашана, — Грэкавай. Ён абмакнуў пяро, падсунуў аркуш і вывеў зьверху імя і пасаду адрасата. Пра сваю справу ён ня будзе пісаць ні слова, імя і адрас пазначаць ня стане — хто яго ведае, як яно можа павярнуцца. Такога давялося пабачыць, што…
У сэктары рэгістрацыі пошты ЦК КП(б)Б ананімны ліст зарэгістравалі ў апошні дзень 1938 году, 31 сьнежня. На вуліцах ляжаў сьнег, у дамах стаялі упрыгожаныя ёлкі, да сьвяткаваньня чарговага году камуністычных перамогаў рыхтаваліся савецкія людзі. Навагодняе пасланьне ў ЦК пачыналася зусім не па-навагодняму:
«Я, як савецкі грамадзянін, лічу сваім абавязкам паведаміць Вам аб пабачаным і пачутым у Менскай турме НКВД. Каб ня быць галаслоўным і каб гэтая заява не насіла характар плёткі, я буду пазначаць прозьвішчы асобаў пацярпелых, пра якіх мне вядома».
Далей — толькі факты:
«Такушэвіч Канстанцін Мікалаевіч, білі на допытах і катавалі, яму пад пазногці запускалі галкі, зрывалі пазногці, пры катаваньні атрымаў больш чым 50 ранаў, 49 дзён ляжаў у шпіталі, пасьля катаваньняў рабілі апэрацыю на плячы. Заявіў сьледчаму, што піша хлусьню, на што сьледчы яму сказаў: «пішы, мне ўсё роўна».
Кіберніка на допытах білі. Ён сказаў сьледчаму: «Як вы мяне абвінавачваеце ў шпіянажы, я ж быў партызан». На гэта сьледчы яму сказаў: «Ах ты польская морда, а хто цябе клікаў у партызаны!»
Яноўскі Уладзімір Іванавіч. Білі і дапытвалі безупынна на працягу 15 сутак. Яго прымусілі ўцягнуць шмат нявінных людзей. Каб выклікаць пракурора, ён мусіў абвясьціць галадоўку.