За кiпучай чэкiсцкай работай
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «За кiпучай чэкiсцкай работай». Краткое содержание книги:
А як растлумачыў яшчэ таварыш Сталін, «для шараговых членаў партыі знаходжанне альбо выключэнне з партыі — гэта пытанне жыцьця і сьмерці». Праўда, так было пры таварышу Сталіне. Пры іншых таварышах было іначай.
Нягледзячы на сакавіты партрэт нораваў эпохі, гэтую ўнутрыпартыйную перапіску можна было б і ня згадваць, калі б не адна даведка, якая таксама была падшытая ў папку. У ёй паведамлялася, што Гарбачэўскі Макар Давыдавіч апошнім часам быў начальнікам улікова-архіўнай управы КГБ Берасьцейскай вобласьці. Загадам КГБ пры Савеце Міністраў СССР 27 сьнежня 1955 году звольнены з-за службовай неадпаведнасьці, на ўліку асобай інспэкцыі як парушальнік савецкай законнасьці ня значыцца. Даведку падпісаў маёр КГБ Камароў.
Такім чынам, берасьцейскі Казанова быў зь ліку чэкістаў… Датэрміновае спыненьне службы ў 1955 годзе сьведчыла, што ён патрапіў пад хвалю адлігі, калі пасьля прыходу да ўлады Мікіты Хрушчова некаторых асабліва заслужаных спэцыялістаў адпраўлялі на пэнсію. Але пазбаўляліся далёка не ад усіх. Да таго ж, калегі Гарбачэўскага даводзілі, што савецкай законнасьці той не парушаў. Тады за што звольнілі чэкіста ў росквіце сілаў (калі верыць скаргам падманутых мужоў)?..
З анкеты
члена КПСС з кастрычніка 1929 году, партбілет № 05820215, Гарбачэўскага М. Д., беларуса, 1906 г. н., паходжаньне — зь сялянаў вёскі Багданава Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці:
1925–27 — працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоў
1927–28 — тэхнічны сакратар Лёзьненскага райкаму партыі
1928–29 — курсант школы аднагадзічнікаў 3-га сапёрнага батальёну, г. Уладзімір
1929–30 — загадчык улікова-статыстычнага пададдзелу акругкаму партыі, г. Віцебск
1930–35 — супрацоўнік ОГПУ НКВД БССР, г. Менск
1935–36 — слухач Цэнтральнай школы НКВД, г. Масква
1937 — начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД
Як вынікала з далейшай анкеты, праца на раённым узроўні для сталічнага спэцыяліста працягвалася менш за два гады. Спачатку яго ўзялі ў рэспубліканскі апарат НКВД, пасьля даверылі самастойны ўчастак у Заходняй Беларусі — ён ўзначаліў Пінскую абласную ўправу наркамату. А потым, усяго празь сем гадоў пасьля прызначэньня ў Старобін, Гарбачэўскі ўзьляцеў на ключавую пасаду ў службовай ерархіі — стаў намесьнікам наркама дзяржбясьпекі Лаўрэнція Цанавы па кадрах.
Але гэта будзе потым. Падмурак прафэсійнага посьпеху закладаўся на нізавым, самым важным і самым цяжкім участку будзённай, непасрэднай, канкрэтнай працы — у райаддзеле. Тут ажыцьцяўлялася партыйная лінія, тут праходзіла перадавая, тут, недасыпаючы, працуючы без выхадных, па шаснаццаць гадзінаў у суткі, трэба было на практыцы паказаць усё, чаму навучыўся.
Гарбачэўскі прыехаў у Старобін з найвышэйшай магчымай у 1937 годзе тэарэтычнай падрыхтоўкай. Ён праходзіў курс навук у Цэнтральнай школе НКВД якраз пад час падрыхтоўкі і правядзеньня адкрытых працэсаў над «правымі цэнтрамі» і «трацкісцкімі блёкамі»; супрацоўнікі і курсанты НКВД адыгрывалі ролю публікі на такіх працэсах, вучыліся найвышэйшаму пілатажу сацыялістычнай законнасьці. Адным з тых, хто рыхтаваў працэсы ў падвалах Лубянкі, быў Барыс Берман, чыя ўзорная праца была аддзячаная званьнем камісара дзяржбясьпекі З-га рангу і прызначэннем у Менск, на пасаду наркама ўнутраных справаў. У тым жа 1937 годзе, крыху раней за Бермана, разьмеркаваньне ў Беларусь атрымаў і выпускнік Цэнтральнай школы Макар Гарбачэўскі.
Архіўныя дакумэнты дазволілі заглянуць глыбей у адзін старобінскі дзень адстаўнога банвіяна Макара Гарбачэўскага. Гэты дзень — субота, 18 верасьня 1937 году. У гэты дзень начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД выпісаў ордэры на арышт з нумару 161 па нумар 231, усяго, калі верыць лічбам, на семдзесят чалавек.
1937. «Чыста савецкі чалавек…»
На стандартным бланку стаяла назва арганізацыі — НКВД, нумар ордэру, дата выдачы і тэрмін дзеяньня — адны суткі. Гарбачэўскі зацвярджаў ордэры на арышт і вобыск чырвоным алоўкам. (Увогуле архіўныя матэрыялы сьведчаць, што камуністычная бюракратыя ахвотна карысталася алоўкамі. Нават подпісы членаў бюро ЦК КПБ пад пастановамі нярэдка зробленыя сінім альбо чырвоным алоўкам. Мясцовыя кіраўнікі ў гэтай справе бралі прыклад з маскоўскага начальства гэтаксама, як са сталінскага галіфэ і кіцеля пераходзілі на хрушчоўскія вышытыя кашулі, а потым на брэжнеўскія двубортавыя гарнітуры. Магчыма, прычына карыстання алоўкам, а не чарнільнай ручкай — у тым, што грыфэльныя запісы лёгка сьціраць, а значыць, падпяваць, хістацца ўсьлед за генэральнай лініяй партыі.)
У Старобінскім райаддзеле, апроч начальніка, працавалі яшчэ два апэратыўныя работнікі, Казлоў і Карнееў. Яны вялі апэратыўную распрацоўку, зьбіралі агентурныя зьвесткі і давалі матэрыялы Гарбачэўскаму на подпіс. Апроч таго, начальнік райаддзелу асабіста вёў сьледчыя справы, дапытваў, дамагаўся хуткіх і поўных прызнанняў; яго падследныя звычайна ішлі па «першай катэгорыі».
Трыццаціпяцігадовы жыхар памежнага Старобінскага раёну, старшыня Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпан Белавец пісаў лісты да маці і таму, на думку начальніка райаддзелу НКВД, несумненна падпадаў пад гэтую катэгорыю. У сакрэтнай даведцы, на падставе якой начальнік падпісваў ордэр, пазначаная непасрэдная прычына арышту: «У Польшчы пражываюць сваякі Белаўца — маці і стрыечныя браты. Меў сувязь са сваякамі шляхам перапіскі».
Подпіс Гарбачэўскага ўключыў звычайны мэханізм: прыехалі, падпісалі акт, забралі. Невядома, ці пасьпеў Сьцяпан Белавец разьвітацца зь дзесяцігадовым сынам Васілём і пяцьцю дочкамі, ад чатырнаццацігадовай Любы да шасьцігадовай Каці, патлумачыць жонцы, што ён ні ў чым не вінаваты. Яго адвезьлі ў Слуцкую турму. Жонка панесла перадачу, першы раз узялі, а другі адмовілі і сказалі больш не дакучаць — маўляў, арыштаваны памёр.
Ахоўнікі схлусілі. Белавец быў жывы, але яго сапраўды не было ў Слуцку. Мясцовая турма была настолькі перапоўненая ў канцы 1937-га, што канвэер Слуцкай акруговай управы НКВД захлынаўся, не пасьпяваў перапрацоўваць масу чалавечага матэрыялу, якую пастаўлялі райаддзелы. Шпіёны, дывэрсанты, контррэвалюцыянэры, антысаветчыкі вялі прапаганду, спляталіся ў клубкі тэрарыстычных арганізацыяў, рыхтаваліся паліць калгасы, агітавалі супраць заёмаў і іншых мерапрыемстваў савецкай улады. Райаддзелы давалі па два-тры выкрыцьці ворагаў у дзень на супрацоўніка, некаторыя давалі па пяць. Тыя, хто падпісаў прызнанне, у турме звычайна затрымліваліся нядоўга — лясоў пад Слуцкам хапала, камэнданцкая каманда добра адпрацавала свае маршруты. І ўсё ж сустракаліся аб'ектыўныя цяжкасці: у камару, разьлічаную на пяць чалавек, ніяк не ўдавалася заштурхнуць больш за дваццаць. Некаторых трэба было вадзіць на допыты, часам карміць, па пары тыдняў чакаць пастановаў тройкі альбо асобай нарады. У канцы 1937-га частку арыштаваных са Слуцкай турмы перавялі ў большую Магілёўскую.
Перавезьлі ў Магілёў і Сьцяпана Белаўца. Першы запіс зьявіўся ў ягонай справе больш чым праз два месяцы пасьля арышту. Пратакол допыту кароткі і можна прывесьці яго цалкам:
«Пытаньне: Следзтву вядома, што вы зьяўляецеся агентам польразьведорганаў. Раскажыце, калі і кім вы былі завэрбаваныя?
Адказ: Так, я сапраўды зьяўляюся агентам польразьведорганаў. Завэрбаваны я быў у 1934 годзе польскім агентам Казьлянковым Іванам Фёдаравічам. Казьлянкоў стаў даваць мне даручэнні дывэрсійнага характару, г. зн. паліць калгасы, даведацца пра настрой насельніцтва суседніх вёсак і пра эканамічную магутнасьць калгасаў».