Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза 20 века » Цені забытых продкаў
Цені забытых продкаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Цені забытых продкаў

Электронная книга - «Цені забытых продкаў». Краткое содержание книги:

Незвычайны лірызм таленту Кацюбінскага пранізвае ўсе яго творы і асабліва ярка выступае ў аповесці «Цені забытых продкаў» (1911). Аповесць яскрава перадае жыццё ўкраінска-карпацкага племені гуцулаў. Асабістыя назіранні пісьменніка над жыццём гэтага племені і сабраны ім этнаграфічны матэрыял паслужылі нагодай для стварэння вельмі каларытнага, стылізаванага пад паэтычны гуцульскі «сказ» твора. На фоне карцін гуцульскага побыту, пераплятаючы казачнае з сапраўдным, рэальнае з фантастычным, Кацюбінскі паказвае на ўзоры дзвюх процілеглых натур два пачаткі ў развіцці жыцця: Іван Палійчук, які выхаваны і сфармаваўся пад вырашальным уплывам прыроды ва ўмовах старых традыцый — натура шчырая, паэтычная, што пакорліва прыстасоўваецца да сіл прыроды, і таму адчувае ўсе яе хароствы і таямніцы. Ён у гэтым жыцці няшчасны. Яго нявесту Марычку, такую ж паэтычную натуру, выносіць горная рака. Жаніўшыся на багатай гаспадыні Палагне, Іван тужыць, марыць і чэзне, набліжаючыся да трагічнай смерці. Тым часам яго сусед Юра — поўная супрацьлегласць яму. Ён валодае грубай сілай, казачнымі сакрэтамі чарадзея, праз якія ўмацоўвае сваю гаспадарку і вядзе актыўнае змаганне з прыродай як з варожай яму сілай. Ён спакушае жонку Івана Палагну; ён заўсёды перамагае, уносячы ў жыццё пачатак грубай актыўнай сілы. Простая паэтычная натура — Іван Палійчук — гіне. У пісьменніка сумнае, трохі песімістычнае пачуццё ад таго, што яму даводзіцца канстатаваць перамогу грубай сілы ў жыцці. Грубая, сурова-фантастычная казка як бы робіцца рэчаіснасцю, а простая паэтычная непасрэднасць — легендай. Такая асноўная канцэпцыя аповесці, напісанай напярэдадні смерці Кацюбінскага, калі здароўе яго было ўжо моцна падточана хваробай, што не магло не ўнесці песімістычных нотак у гэту аповесць. Над гэтым творам, напісаным хутчэй у рамантыка-сімвалічных, чым у імпрэсіянісцкіх тонах, Кацюбінскі доўга працаваў. Глыбокае, працяглае аздабленне твораў увогуле было вельмі характэрна для Кацюбінскага. Ён прад’яўляў да сябе як пісьменніку вялікія патрабаванні. «„Пачуццё незадаволенасці сабой у мяне вельмі развіта, казаў неаднойчы Кацюбінскі» — расказвае ў сваіх успамінах пра яго М. Горкі. Не раз здаралася, што яго твор ужо набіраўся, а ён усё яшчэ пасылаў тыя ці іншыя змены тэксту, што адносяцца да стылю, да асобных фраз, слоў. Гэтым тлумачыцца незвычайнасць кампазіцыі яго твораў, сіметрыя іх асобных частак. У творчасці сваім Кацюбінскі шырока скарыстаў сімволіку народнай мовы. Міхайла Кацюбінскі увайшоў ва ўкраінскую літаратуру як адзін з лепшых стылістаў, майстроў украінскай прозы.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 23
Перейти на страницу:

А сцежка вяла ўсё далей, кудысьці ў ламачча, дзе гнілі адна на адной калючыя елкі, без кары і шыгалля, як косткі. Пуста і дзіка было на тых лесавых могілках, забытых Богам і людзьмі, дзе толькі такавалі глушцы ды поўзалі гадзюкі. Тут была цішыня, вялікі спакой прыроды, строгасць і сум. За плячыма ў Івана раслі горы, блакітнелі ўдалечыні. Арол узнімаўся з каменных брылёў, бласлаўляючы іх шырокім размахам крылаў, адчувалася халоднае паланінскае дыханне, і разрасталася неба. Замест лясоў цяпер слаліся па зямлі ядловец, чорны дыван паўзучых ялін, у якім заблытваліся ногі, і мох, які адзяваў камень у зялёны шоўк. Далёкія горы адкрывалі адна за адной свае вяршыні, выгіналі хрыбты, уставалі, як хвалі ў сінім моры. Здавалася, марскія буруны застылі якраз у тое імгненне, калі бура падняла іх з дна, каб кінуць на зямлю і заліць свет. Ужо сінімі хмарамі падпіралі далягляд букавінскія вяршыні, спавіваліся блакітам блізкія Сініца, Дзямброня і Белая Кабыла, курыўся Ігрэц, калола неба вострым спічаком Гавэрла, і Чарнагора цяжкім сваім целам душыла зямлю.

Паланіна! Ён ужо стаяў на ёй, на гэтай высокай лугавіне, укрытай густою травою. Блакітнае мора разгневаных гор аблегла Івана шырокім колам, і здавалася, што тыя бясконцыя сінія валы ідуць на яго, гатовыя ўпасці да ног.

Вецер, востры, як наточаны тапор, біў яму ў грудзі, яго дыханне злівалася з дыханнем гор, і гордасць напоўніла Іванаву душу. Ён хацеў крыкнуць на ўсю моц, каб рэха пакацілася з гары на гару, аж да небакраю, каб захістаць мора вяршынь, але раптам адчуў, што яго голас прапаў бы ў тых прасторах, як камарыны піск…

Трэба было спяшацца.

За ўзлобкам, у далінцы, ён знайшоў закураную стаю[13]. Дзірка для выхаду дыму чарнела ў сценцы халодным правалам. Загарадкі на авечак стаялі пустыя, і аўчары ўвіхаліся там, каб было дзе начаваць пры скаціне. Старшы аўчар здабываў жывы агонь.

Ушчаміўшы ў шула лучыну, два чалавекі цягалі рэмень, ад гэтага лучына круцілася і скрыпела.

— Слава Ісусу! — павітаўся Іван.

Але яму нічога не адказалі.

Таксама фуркала лучына, і два чалавекі, засяроджаныя і строгія, тым самым рухам цягалі рэмень. Лучына пачынала курэць, і скора маленькі агеньчык выскачыў з яе і запалаў з абодвух канцоў. Старшы аўчар набожна падняў агонь і ўторкнуў у кастрышча, складзенае каля дзвярэй.

— Навекі слава! — павярнуўся ён да Івана. — Цяпер у нас ёсць жывы агонь, і пакуль ён гарэцьме, ні звер, ні сіла нячыстая не возьме скаціны дый нас, грэшных…

І завёў Івана ў стаю, дзе ад парожніх даёнак, дзежак ды голых лавак патыхала запусценнем.

— Заўтра прыгоняць нам скаціну, каб толькі памог Пан Бог усю людзям аддаць, — абазваўся аўчар і расказаў, што Іван павінен рабіць.

Штосьці было спакойнае, нават велічнае ў словах і ў рухах паланінскага гаспадара.

— Міка!.. — гукнуў ён праз дзверы. — Раскладзі барзджэй агонь у стаі…

Тонкі кучаравы Мікола, з поўным жаночым тварам, унёс у стаю агонь.

— Ты ж хто, братка, будзеш — аўчар? — зацікавіўся Іван.

— Не, я — спузар, — паказаў зубы Мікола, — павінен пільнаваць вогнішча, каб не згасла, бо будзе бяда!.. — Ён нават з жахам азірнуўся наўкола. — Дый вады схадзіць да ручая, дый у лес дроў…

Тым часам вогнішча разгаралася. Поўным павагі рухам, як даўнейшы жрэц, падкідваў у яго старшы аўчар сухі ельнік ды свежыя лапкі, і сіні дым лёгка ўзнімаўся над ім, а далей, адкінуты ветрам, чапляўся за горы, перабіраўся праз чорную паласу лясоў і слаўся па далёкіх блакітных вяршынях.

Паланіна пачынала сваё жыццё жывым нязгасным агнём, што меўся яе бараніць ад усяго ліхога. І, нібы ведаючы пра гэта, агонь горда віўся сваім змяіным целам, дыхаў усё новымі клубамі дыму…

Чатыры дужыя аўчаркі, паклаўшы на траву свае кажухі, глядзелі задумліва ў горы, гатовыя ў адну хвіліну ўскочыць на ногі, выскаліць зубы ды натапырыць поўсць.

Дзень ужо гас. Горы мянялі сваё блакітнае ўбранне на ружовыя з золатам рызы.

вернуться

13

Стая — драўляны шалаш, у якім жывуць аўчары і робяць сыр (будз, брынзу) (аўт.).

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)