Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза 20 века » Цені забытых продкаў
Цені забытых продкаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Цені забытых продкаў

Электронная книга - «Цені забытых продкаў». Краткое содержание книги:

Незвычайны лірызм таленту Кацюбінскага пранізвае ўсе яго творы і асабліва ярка выступае ў аповесці «Цені забытых продкаў» (1911). Аповесць яскрава перадае жыццё ўкраінска-карпацкага племені гуцулаў. Асабістыя назіранні пісьменніка над жыццём гэтага племені і сабраны ім этнаграфічны матэрыял паслужылі нагодай для стварэння вельмі каларытнага, стылізаванага пад паэтычны гуцульскі «сказ» твора. На фоне карцін гуцульскага побыту, пераплятаючы казачнае з сапраўдным, рэальнае з фантастычным, Кацюбінскі паказвае на ўзоры дзвюх процілеглых натур два пачаткі ў развіцці жыцця: Іван Палійчук, які выхаваны і сфармаваўся пад вырашальным уплывам прыроды ва ўмовах старых традыцый — натура шчырая, паэтычная, што пакорліва прыстасоўваецца да сіл прыроды, і таму адчувае ўсе яе хароствы і таямніцы. Ён у гэтым жыцці няшчасны. Яго нявесту Марычку, такую ж паэтычную натуру, выносіць горная рака. Жаніўшыся на багатай гаспадыні Палагне, Іван тужыць, марыць і чэзне, набліжаючыся да трагічнай смерці. Тым часам яго сусед Юра — поўная супрацьлегласць яму. Ён валодае грубай сілай, казачнымі сакрэтамі чарадзея, праз якія ўмацоўвае сваю гаспадарку і вядзе актыўнае змаганне з прыродай як з варожай яму сілай. Ён спакушае жонку Івана Палагну; ён заўсёды перамагае, уносячы ў жыццё пачатак грубай актыўнай сілы. Простая паэтычная натура — Іван Палійчук — гіне. У пісьменніка сумнае, трохі песімістычнае пачуццё ад таго, што яму даводзіцца канстатаваць перамогу грубай сілы ў жыцці. Грубая, сурова-фантастычная казка як бы робіцца рэчаіснасцю, а простая паэтычная непасрэднасць — легендай. Такая асноўная канцэпцыя аповесці, напісанай напярэдадні смерці Кацюбінскага, калі здароўе яго было ўжо моцна падточана хваробай, што не магло не ўнесці песімістычных нотак у гэту аповесць. Над гэтым творам, напісаным хутчэй у рамантыка-сімвалічных, чым у імпрэсіянісцкіх тонах, Кацюбінскі доўга працаваў. Глыбокае, працяглае аздабленне твораў увогуле было вельмі характэрна для Кацюбінскага. Ён прад’яўляў да сябе як пісьменніку вялікія патрабаванні. «„Пачуццё незадаволенасці сабой у мяне вельмі развіта, казаў неаднойчы Кацюбінскі» — расказвае ў сваіх успамінах пра яго М. Горкі. Не раз здаралася, што яго твор ужо набіраўся, а ён усё яшчэ пасылаў тыя ці іншыя змены тэксту, што адносяцца да стылю, да асобных фраз, слоў. Гэтым тлумачыцца незвычайнасць кампазіцыі яго твораў, сіметрыя іх асобных частак. У творчасці сваім Кацюбінскі шырока скарыстаў сімволіку народнай мовы. Міхайла Кацюбінскі увайшоў ва ўкраінскую літаратуру як адзін з лепшых стылістаў, майстроў украінскай прозы.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 23
Перейти на страницу:

— Чуеш, Івась? — шаптала Марычка.

— Чаму не чую? Чую.

Яны абое ведалі, што гэта блукае па лесе нябачная сякера, стукае па дрэвах і хакае стомленымі грудзямі.

Страх праганяў іх адтуль у даліну, дзе паток плыў спакайней. Яны рабілі сабе калдабан у ручаіне і, раздзеўшыся, боўталіся ў ім, як двое лясных зверанят, што не ведаюць, што такое сорам. Сонца спачывала на іх светлых валасках і біла ў вочы, а ледзяная вада з ручая шчыпала за цела.

Марычка першая замярзала і кідалася бегчы.

— Стой, — гукаў яе Іван, — адкуль ты?

— З Я-вар-рова, — стукацела зубамі ссінелая Марычка.

— А чыя ты?

— Кавалёва.

— Бывай здарова, Кавалёва! — шчыпаў яе Іван і пускаўся наўздагон, аж пакуль, натомленыя, але сагрэтыя, яны не падалі на траву.

У ціхім плёсе ручая, над якім сонцам блішчаў лужок і сінелі боцікі, жалобна крумкалі жабы.

Іван нахіляўся над ручаём і пытаўся ў жабы:

— Кума-кума, што варыла?

— Бурак — боршч. Бурак — боршч. Бурак — боршч… — крактала Марычка.

— Буракі-кі-кі! Буракі-кі-кі! Буракі-кі-кі! — верашчалі абое, заплюшчыўшы вочы, ажно жабы здзіўлена змаўкалі.

Гэтак пасучы, яны не раз гублялі авечак.

Калі падраслі, забавы сталі ўжо іншыя.

Цяпер Іван быў юнаком, стройным і моцным, як яліна, намазваў валасы маслам, насіў шырокі чэрас і шыкоўны капялюш. Марычка хадзіла з каснікамі, а гэта павінна было значыць, што яна ўжо на выданні. Не пасвілі больш ягнят разам і страчаліся толькі на свята ў нядзелю. Сыходзіліся каля царквы або недзе ў лесе, каб старыя не ведалі, як любяцца дзеці варожых родаў. Марычцы падабалася, калі ён іграў на флаяры. Задуменны ўвесь час, ён узіраўся кудысьці за горы, нібы бачыў, чаго не бачылі іншыя, прыкладваў узорыстую дудку да поўных вуснаў, і цудоўная песня, якой ніхто не іграў, ціха спадала на зялёную атаву царынак, дзе прывольна паслалі свае цені яліны. Холадна было і мароз ішоў па скуры, калі выляталі першыя гукі. Нібыта зімы ляжалі на мёртвых гарах. Ды вось з-за гары ўстае ўжо бог-сонца і кладзе сваю галаву на зямлю. Зрушыліся зімы, збудзіліся воды, і зазвінела зямля ад спеву ручаёў. Рассыпалася сонца пылам кветак, лёгкім крокам ступаюць па царынках маўкі, а пад нагамі ў іх зелянее першая трава. Зялёным духам дыхнулі яліны, зялёным смехам засмяяліся травы, на ўсім свеце толькі дзве фарбы: у зялёнай — зямля, у блакітнай — неба… А долам Чарамош імчыць, гоніць зялёную кроў гор, неспакойную і шумлівую…

Трамбіта!.. Туру-рай-ра… Туру-рай-ра…

Затахкала сэрца ў аўчароў, забляялі авечкі, учуўшы пашу… Шуміць травой халодная паланіна[11], а з дзікага ламачча, з берлагу, устае на заднія лапы мядзведзь, спрабуе голас і ўжо бачыць заспаным вокам сваю спажыву.

Хвошчуць ліўні вясновыя, грукаюць громам горныя вяршыні — і злы дух холадам вее ад Чарнагоры… а тут раптам з’яўляецца сонца — быццам божы лік — і ўжо звоніць у косы, што кладуць сена ў пракос. З гары на гару, з ручаіны ў ручаіну пырхае каламыйка, такая лёгенькая, празрыстая, што чуеш, як у яе за плячыма трапечуцца крыльцы…

Ой, прыбегла з паланіны Белая авечка — Люблю цябе, мая любка, І тваё славечка.

Ціха звоніць ігліца ялін, ціха шэпчуць лясы халодныя сны летняй ночы, плачуць званочкі кароў, і горы няспынна спускаюць свой сум у патокі.

З ляскам і стогнам ляціць недзе ў даліну ссечанае ў лесе дрэва, аж горы ў адказ уздыхаюць, — і зноў плача трамбіта. Цяпер ужо на смерць… Спачыў нехта навекі пасля цяжкае працы. Закувала зязюленька дый каля Мянчыла… ой чыясьці галованька ды ў зямлі спачыла…

Марычка адгукалася на ігру флаяры, як галубка да шызага голуба, — каламыйкамі. Яна іх ведала безліч. Адкуль яны браліся — не магла б расказаць. Яны, здаецца, гушкаліся з ёй яшчэ ў калысцы, пялёхкаліся ў калдабане, узыходзілі ў яе грудзях, як узыходзяць кветкі-самасейкі на сенажацях, як яліны растуць па гарах. Куды б ні кінула вока, што б ні сталася на свеце: прапала авечка, пакахаў хлопец, здрадзіла дзяўчына, захварэла карова, зашумела елка — усё вылівалася ў песню, лёгкую і простую, як тыя горы ў іх даўнім, пачатковым жыцці.

Марычка і сама ўмела складаць песні. Седзячы на зямлі поруч з Іванам, яна абдымала свае калені і ціха гайдалася ў такт. Яе круглыя лыткі, апаленыя сонцам і голыя ад калень да чырвоных анучак, чарнелі пад падолам сарочкі, а поўныя губы міла ламаліся, калі яна зачынала:

Закувала зязюленька у зялёным лесе. Ой, склалася ў Марычкі каламыйка-песня…
вернуться

11

Паланіна — высакагорны луг.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)