Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Мяне няма: роздумы на руінах чалавека - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Электронная книга - «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Краткое содержание книги:

У сваёй кніжцы беларускі філёзаф збудаваў свой вобраз сучаснай урбанізаванай і расейскамоўнай Беларусі. Для Акудовіча “Ўся Беларусь” і “Ўласна Беларусь” — гэта дзьве канцэптуальна розныя кампазыцыі на прасторы аднаго топасу. “Уласна Беларусь” – гэта Архіпэляг. Унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданы астравы і астраўкі беларушчыны, а камунікацыі паміж імі адбываюцца дзякуючы тэкстам. Вось гэтую апалягетыку Тэксту вельмі нязвыкла ўбачыць у словах аўтара, вядомага сваім скэптычным стаўленьнем да таго меркаваньня, што літаратурны твор сам па сабе можа нейкім чынам уплываць на сацыяльнае жыцьцё, нават калі ён ствараўся з мэтаю такога ўплыву. Сучасную найбольшую ж пагрозу аўтар бачыць у тым, што, мы па-ранейшаму скіраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога — на вайну з культурай Захаду). Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калі анулюецца дыстанцыя паміж роднай і іншымі культурамі. Сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робіцца ці не найбольш драматычнай праблемай, якая ставіць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай ідэнтыфікацыі. А значыць, і саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.
1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 80
Перейти на страницу:

Няма патрэбы даводзіць — бо гэта навідавоку, — што Ўладзімер Конан належыць якраз да тых мысьляроў, якія ня мысьляць сабе мысьленьне без апірышча на нейкую ўнівэрсалію. Апошнія працы (тое ж “Сусьветнае дрэва”) яшчэ раз пацьвердзілі і з дадатнай выразнасьцю акрэсьлілі ягоную схільнасьць да сыстэматызацыі веды пра існае — цяпер ужо на аснове мэтаўнівэрсаліі Сусьветнага Дрэва, якое ахоплівае ўсю прастора-часавую рэальнасьць і зьнітоўвае сабой усе пазьнейшыя ўнівэрсаліі: ад біблейска-хрысьціянскай да рэнэсанснай і далей — Новай і Найноўшай пары.

Аднак мы ня будзем разглядаць стасункі ўсіх, пазначаных Уладзімерам Конанам, унівэрсальных міталягемаў і канцэпцыяў у кантэксьце мэтаўнівэрсаліяў Сусьветнага Дрэва, а спынімся адно на біблейска-хрысьціянскай міталягеме, бо для дэманстрацыі нашага разуменьня праблемы, здаецца, будзе даволі і гэтага. Тым болей, што і сам Уладзімер Конан менавіта ёй надае дамінуючае значэньне ў агульным полі сваіх развагаў. (“Па сутнасьці, уся Біблія ёсьць сымболем драматычнага станаўленьня духоўнага чалавека, сукупнасьцю архетыпаў яго ўзыходжаньня па Сусьветным Дрэве ад цемры падзямельля да нябеснага сьвятла”.)

У сваю пару як унівэрсалія Сусьветнага Дрэва, так і ўнівэрсалія Хрысьціянства былі запар базавымі для эўрапейскага чалавецтва і шмат у чым вызначылі абрысы ідэалягемы ў першым выпадку — паганскай, у другім — хрысьціянскай эры. Таму, калі кіравацца лёгікай гісторыка-часавай пасьлядоўнасьці, не выглядае наўмысным іх паяднаньне ў адным тэарэтычным дыскурсе, але калі яны зводзяцца ў агульную сынтэзу (як у Ўладзімера Конана), то адразу паўстае пытаньне: наколькі гэтая лягічная (у гісторыка-часавым значэньні) пасьлядоўнасьць дазваляе нітаваць у нешта супольнае дзьве розныя ўнівэрсаліі, кожная зь якіх паўстала са сваёй прычыны ісьціны быцьця?..

Вось на гэты момант у эстэтычнай і быційнай сыстэме Ўладзімера Конана і хацелася б зьвярнуць увагу і выказаць сваё разуменьне тых кардынальных супярэчнасьцяў, якія мусяць зьяўляцца кожны раз, калі робіцца спроба паяднаць некалькі ўнівэрсальных мадэляў у структуры адной лёгацэнтрычнай канструкцыі.

Усякая Ўнівэрсалія ўсеабдымная і самадастатковая (на тое яна і Ўнівэрсалія) настолькі, што не трансфармуецца ў іншую, — калі ня браць пад увагу магчымасьць трансфармацыі яе асобных фрагмэнтаў, — і, больш за тое, ня мае ў сабе мэханізму, празь які магла хаця б суладна стасавацца з сваёй папярэдніцай ці наступніцай. Эвалюцыйнае перацяканьне міталягемы Сусьветнага Дрэва ў корпус біблейскіх мітаў і далей — у міт хрысьціянскі, прапанаванае Ўладзімерам Конанам, базуецца на пераемнасьці тых ці іншых элемэнтаў, але, здаецца, ня ў поўнай меры ўлічвае тую кардынальную зьмену функцыяў, якую набываюць гэтыя элемэнты ў выніку трансфармацыі (а ў рэшце рэшт — трансмутацыі) у варожай для іх прасторы новай Унівэрсаліі. Ужо ў біблейскай міталягеме, па часе найбольш блізкай да пары міталягемы Сусьветнага Дрэва і фактаграфічна (але не ідэалягічна) яшчэ зусім паганскай, Сусьветнае Дрэва “нагружана” наскрозь адмоўнай функцыяй, якая павінна была дыскрэдытаваць яго (канчаткова і назаўжды) як вечную і крыштальна чыстую крыніцу жыцьцядайнай субстанцыі.

Да біблейскіх падзеяў Сусьветнае Дрэва ўяўляла сабой абсалютную формулу бясконцасьці жыцьця, але пасьля таго як на ім высьпелі атрутныя плады “веданьня дабра і зла”, з-за якіх чалавек і па сёньня мае столькі пакутаў і ў канчатковым выніку заўсёднае гібеньне, — Дрэва апынулася ў подзе прычыны татальнага панаваньня сьмерці.

Зрэшты, было б нават дзіўным, каб ідэалёгія новай (хрысьціянскай) Унівэрсаліі не паспрабавала зганьбіць былую — дыскрэдытацыя, як інструмэнт адмаўленьня, куды больш дзейсная за рытарычна-дэкляратыўнае “не”, а адмовіць значэньне Сусьветнага Дрэва ў якасьці адзінай падставы існаваньня існага было зусім неабходна, паколькі далей прычынай сьвету мусіў быць ужо ня сам сьвет (Сусьветнае Дрэва), а штосьці іншае, нейкая староньняя ўсяму існаму сіла, якая стварае існае сама зь сябе, але ня як свой працяг, а нешта інакшае і ў пэўнай меры нават самадастатковае...

1 ... 55 56 57 58 59 60 61 62 63 ... 80
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)