Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Год: Цэнтр Эўрапейскага Супрацоўніцтва ЭўроФорум, часопіс Фрагмэнты
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Краткое содержание книги:
Праўда, калі мы кажам, што расейская апалягетыка Бахціна, у пэўных мейсцах прысьпешваючы хаду, спрабуе як мага хутчэй прамінуць залежнасьць бахцінскіх канцэпцыяў ад запанаваўшых тады на Захадзе тэорыяў, то адначасна мусім сказаць, што не абыходзіцца і бяз фактаў цьвярозага стаўленьня да стасункаў: Захад — Бахцін. Да прыкладу працытуем Н.Банецкую (“М.М. Бахцін і традыцыі расейскай філязофіі”): “Бахцін як мысьляр належыць эўрапейскай культуры. І тое, што дасьледаваньне яго творчасьці распачалося на Захадзе, мае глыбокія ўнутраныя прычыны. Ідэі Бахціна ня проста спасьцігаюцца — яны асымілююцца заходнім інтэлектам; чужое, іншароднае ня можа быць засвоена гэтак натуральна. І справа тут не ў фантастычнай папулярнасьці працаў Бахціна; кнігі Бярдзяева ня менш вядомыя на Захадзе, але ўспрымаецца Бярдзяеў як філёзаф спэцыфічна расейскі і, болей за тое, праваслаўны. А вось у Бахціне эўрапеец бачыць свайго, зьмяшчае яго ў шэраг заходніх мысьляроў, выбудоўвае шматлікія сэнсавыя паралелі ягоных ідэяў з традыцыямі эўрапейскай філязофіі. Расейскія літаратуразнаўцы, якія “адкрылі” Бахціна і кантактавалі зь ім у апошнія гады ягонага жыцьця, сьведчаць, што сам Бахцін прызнаваў асновапалеглымі для свайго філязофскага станаўленьня ідэі Ґермана Кагена. І Бахціна разглядаюць, зыходзячы з гэтага факту: аўтарытэтным сталася ўзьвядзеньне меркаваньняў Бахціна да інтуіцыяў Кагена ў манаграфіі пра Бахціна Майкла Холквіста і Катарыны Кларк. Ужо асэнсаванае ўзьдзеяньне на Бахціна абедзьвюх школаў нэаканціянства, суадносіны ягоных ідэяў зь філязофіяй Марціна Бубэра, вытокі якой — у Марбургскай школе, а таксама з фрайдызмам, марксызмам, філязофскай анталёгіяй, экзістэнцыялізмам — думкі Бахціна цяпер успрымаюцца ў параўнаньні менавіта з гэтымі філязофскімі накірункамі”.
Магчыма, цытаваньне залішне доўжылася, але, думаецца, тут Н.Банецкая сьцісла і выразна акрэсьліла прычыны, якія вылучылі Бахціна з расейскай традыцыі і ўлучылі ў эўрапейскую.
Аднак тое, што Бахцін, як мысьляр, спароджаны эўрапейскай культураю, толькі напалову тлумачыць сёньняшнюю ўвагу да ягонай творчасьці на Захадзе. Ня ў меншай ступені зацікаўленасьць Бахціным вынікае з таго, што ён выяўляў сваю эўрапейскую сутнасьць праз спосабы і формы расейскага мысьленьня.
Бахцін для Захаду — экзатычная вэрсія эўрапейскага інтэлектуалізму XX стагодзьдзя. Ён — той другі для заходняга мысьленьня, які з прычыны свайго падабенства празь інакшасьць дае магчымасьць Захаду зірнуць на сябе як бы збоку, у нейкай нязвыклай праекцыі, “варварской, но верной”. Адначасна Бахцін у гэтым сваім інакшым падабенстве — аргумэнт, на які можна абаперціся, дадатна трамбуючы грунт для большай трываласьці як тых тэарэтычных канструкцыяў, што ўжо паўсталі, так і тых, што яшчэ толькі паўстаюць...
Адным словам, Бахцін — да мейсца сказаны камплімэнт эўрапейскаму інтэлектуалізму з боку містычна заангажаванай Расеі. На ўлады камплімэнт немагчыма не зьвярнуць увагі, асабліва калі ў ім твой сыход (мысьленьня XX ст.) далікатна здымаецца напамінам аб тваёй маладосьці...
На гэтым можна было б паставіць кропку, каб ня ўзьнікла пачуцьцё, што скепсіс, прагучаўшы тут у дачыненьні да мейсцамі залішняй апалягетыкі Бахціна, раптам абернецца ў чытача думкай, быццам гэта скепсіс да самога мысьляра, жыцьцё і творчасьць якога сталася сапраўды яшчэ адной “падзеяй быцьця” XX стагодзьдзя.
Зваба мэта ўнівэрсалізму
Усё памірае ў свой час — людзі і дзяржавы. Несьмяротныя толькі Дух, які ад Бога, і культура, створаная народамі.