Райскія яблычкі
- Автор: Астравец Сяргей
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Райскія яблычкі». Краткое содержание книги:
Першы снег, як першая закаханасць, нетрывалы. Ён распускаецца на непрамерзлай яшчэ зямлі, на траве, на пакуль даволі цёплым асфальце, нібы духмяная пена ў ваннай. А потым доўга і нудотна, з перапынкамі, падае маркотны і ёдкі восеньскі дождж. Райскія яблычкі, быццам здзіўлены абыякавасцю да сябе, нават птушак яны пакуль не цікавяць. З цягам начных прымаразкаў паступова абсыпаецца лісце. Яблычкі галеюць чырвоным россыпам. Як аздобленыя гірляндамі на навагодні час вулічныя дрэвы. Потым яблыньку спляжаць…
Бацькоўскі садок каля рэчкі, якая праз некалькі кіламетраў трапляе ў Нёман. Лета атрымалася спякотнае. Для вінаграднічка бацькавага найспрыяльнае надвор’е. Але потым неабходна ўпільнаваць, каб вераснёўскія прымаразкі не знішчылі ўраджай ці, прынамсі, каб не папсавалі. І вы з бацькам па тэлефоне пачалі ўмаўляцца. Каб разам паехаць і пазрываць гронкі. І табе, як звычайна, кожнага разу будзе штосьці перашкаджаць. У выхадныя таксама трэба працаваць, інакш можна апынуцца ў апошніх шэрагах. У цябе не атрымалася, і бацька паехаў з суседам. І той яму дапамог абсячы вінаградную лазу. Бязлітасна, як ты потым змог пераканацца. Чым яна яму перашкаджала? Абвіла сьцяну, сягнула да вільчыка? Гэта ж вінаград! У цябе рука не ўзнялася б.
Сумны настрой спараджаюць восеньскія садочкі. Пусты дом з мансардай. З астылым агменем. З пыльным сеннікам. З плеценымі матамі на масніцах. Праз плот прапануе жоўтыя вераснёўскія плады лімоннік. Абцяты вінаград з апошнімі гроначкамі сярод рэдкай лістоты. Сіне-чорныя ягадзіны ў пажоўклай траве. Пад абцяжаранымі ўраджаем дрэвамі яблычныя паляны. Вы з бацькам выбіраеце ў траве самыя вялікія і найлепей захаваныя яблыкі. Немагчыма ўстрымацца, каб не ўзяць прыгожы жаўтаваты — нібы парафінавы з вітрыны — і не адкусіць, не зважаючы, што адваротны бок ужо згнілы. Адзін такі яблык выгрызены са споду. Ты бачыш, што ён ляжаў на кратовай норцы, і кладзеш на ранейшае месца.
Старая сумная позневосеньская казка. Пра дзяўчынку Цалёўку, сляпога крата, з якім яе пашлюбілі, цёмны падземны лабірынт. Пра надзею, ластаўку, вырай і далёкую вабную краіну, дзе заўжды лета. Стаіш наверсе перад расчыненым акном. Падаюць яблыкі. Чуеш, як скрозь лістоту абарваўшыся ляціць яблык. Глухі стук. Наступны не толькі чуеш, бачыш, як падае на зямлю. Трэба з’яжджаць.
Райскія яблычкі не абсыпаюцца, трымаюцца моцна, учэпіста, самааддана. Як усе вы, большасць, але пачынаюць гнісці. У рэшце рэшт не сарванае і не знесенае ветрам лісце ападае, творачы жоўта-рудаватую палянку пад дрэвам. Каляровая пляма на шэрым абліччы восені. А яблычкі застаюцца на дрэве. Што такое, па сутнасці, змяніць краіну, горад? Свой пакой, вуліца, сцень дамоў. Змяніць няўтульную сумную познюю восень на вечнае гарачае лета. Ананасы, гранаты на вулічных дрэвах, цытрусавыя, вялізныя крамяныя яблыкі з бананавым прысмакам.
2002
ФАБРЫКА СФІНКСАЎ
Апавяданне з бюстамі багоў
“Яны выглядаюць як сфінксы, якія смяюцца”,