У капцюрох ГПУ
- Автор: Олехнович Франтишек
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-01311-1
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «У капцюрох ГПУ». Краткое содержание книги:
Сярод галякоў былi постацi з накiненымi на плечы мяшкамi, якiя хiба-ж мала грэлi iхныя намерзлыя целы. Але на 200 вязьняў гэтае партыi я налiчыў 32 зусiм голых, г. зн. такiх, што нават i палатнянага мяшка на плячох ня мелi. I гэтыя людзi пераплылi 5 кiлёмэтраў на чаўнох морам з абтоку Анзэру на Салаўкi, а пасьля ад прыстанi Пэрт iшлi пехатой 8 кiлёмэтраў да Крамля.
Я глядзеў iз жахам, ня веручы сваiм вочам. Гэта-ж дзеiлася не пад тропiкамi, а на Белым моры, пад 65 градусам геаграфiчнае шырынi, у вадлежнасьцi толькi 200 кiлёмэтраў ад палярнае краiны — i да таго-ж у сьнежнi!..
— Quelle horreur! quelle horreur! — выкрыквала экс-гэнэральша, заломваючы рукi.
Прызнаюся, што зьява гэная была для мяне так неспадзяваная, гэтулькi страшнейшая за ўсе бачаныя дагэтуль жахi, што я ня мог нават, як экс-гэнэральша, абурацца. Я стаяў астаўпеўшы i глядзеў на гэтую дзiўную працэсiю, заiнсцэнiзаваную хiба самiм чартом у часiну злога настрою…
Хутка гэтае нязвычайнае здарэньне выясьнiлася.
Партыя складалася iз «шпаны», значыць зладзейскай кампанii. Калi iх пасадзiлi на абток Анзэр i далi скарбовую вопратку, яны лёгкамысна папрагульвалi ў карты свае собскiя апранахi, вiдаць, не спадзяючыся, каб тыя маглi iм яшчэ прыпатрэбiцца.
A як прыйшоў загад прыслаць партыю на Салоўкi, адмiнiстрацыя Анзэру, якая пры адсыланьнi вязьняў на iншую «камандыроўку» мусiла здымаць дадзеныя вязьням скарбовыя рэчы, загадала iм распранацца i пусьцiла ў дарогу галяком.
Галоўная рэч, каб давераная адмiнiстрацыi скарбовая маёмасьць не пагiнула, каб можна было ў кажны мамэнт «отчитаться».
Людзi — глупства!
Адмiнiстрацыя Анзэру складалася з «каэраў».
Трэба адзначыць, што пару год пазьней падобны факт ня мог-бы стацца. Гэта дзеялася ў той час, калi «шпана» была ў пагардзе, калi яе пасылалi на найцяжэйшыя работы, бiлi, усяляк зьдзеквалiся й наагул старалiся вынiстажыць яе фiзычна.
Пасьля дачыненьнi былi зусiм iншыя. Пасьля на шпану ў канцлягеры ўлада глядзела як на сумную «спадчыну старога капiталiстычнага ладу».
Савецкая палiтыка пачала iмкнуцца да таго, каб зладзеяў узгадоўваць i перарабляць на прававерных савецкiх грамадзянаў. Цi гэта ўдавалася — гэта iншая рэч. Пасьля зладзеi й бандыты пачалi займаць у канцлягеры ўпрывiлеяваныя палажэньнi, а калi ўмелi пiсаць, дык iх прызначалi за камандантаў ротаў, за кiраўнiкоў лягернае гаспадаркi.
Да палiтычных вязьняў («каэраў») пачалi ставiцца зь недаверам i стаўляць iх на апошнiм месцы.
Спасярод прывезеных тады з абтоку Анзэру галякоў колькi таею-ж начою памерла ў тэатральным файе.
Рэшта — яшчэ жывыя, але ў безнадзейным стане, — была назаўтрае адасланая ў больнiцу.
Сэнсацыйная нататка
Каля месяца перад гэтым здарэньнем у Кракаўскай газэце «Illustrowany Kurjer Codzienny» зьявiлася гэткая нататка:
Бунт вязьняў на Салаўкох.
Група савецкiх вязьняў на Салавецкай катарзе, на чале з беларускiм пiсьменьнiкам з Вiльнi Францiшкам Аляхновiчам, напала на канвой, абяззброiла i паперабiвала чырвонаармейцаў, iз зброяй у руках пайшла праз тундру ў кiрунку фiнскай гранiцы…
I гэтак далей.
Мае вiленскiя прыяцелi нецярплiва чакалi ад мяне тэлеграмы з Фiнляндыi.
А я ў той час сядзеў у чатырнаццатай «запрэтнай роце».
Праз пару дзён камандант 14-ай роты сказаў:
— Аляхновiч! На заўтра на 10 гадзiну ранiцы цябе клiчуць у IСО.
Ня весела! 3 якой мэтай клiчуць? Нешта нядобрае.
Аляхновiч тады яшчэ ня ведаў аб сваiх «гэройскiх подвiгах, аб сваiм атаманстве над узбунтаванымi салавецкiмi вязьнямi»…
«Мусiць, нейкi данос…», — падумаў.
На другi дзень пад канвоем днявальнага пайшоў у IСО.
— Хто? чаго? да каго?
— Гэта Аляхновiч. Клiчуць яго да начальнiка.
— Добра. Пачакай.
Паклiкалi ў габiнэт начальнiка.
— Ты Аляхновiч?
— Але.
— Iмя, отчество?
— Франц Карлавiч.
— Сколько лет?
— Дзесяць гадоў.
— Статья?
— 58, пункт 5.
Начальнiк уважна прыглядаўся да барадатага згорбленага вязьня. «Не, гэты не выглядае, каб мог паперабiваць варту… Гэта нешта ня так».
— Ну, ступай в роту. Когда надо будет, вызову.
Аляхновiч пайшоў назад у 14-ую роту.
Прыяцелi
Прыяцелi не дачакалiся тэлеграмы зь Фiнляндыi, але дачакалiся 1932 г., калi быў абмен палiтычных вязьняў мiж Польшчай i Саветамi.
Зь лiстоў маткi Аляхновiчавай ведалi, што ён сядзiць, як сядзеў, на Салоўках i што сэнсацыя «Кур'ера Штодзённага» ня мела нiякiх падставаў.