Пляц Волі
- Автор: Пашкевіч Алесь
- Год: 2001
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Пляц Волі». Краткое содержание книги:
Раман складаецца з некалькіх частак, маюць розных герояў, але нязьменнае толькі імкненьне да незалежнасьці Радзімы.
Першая частка распавядае пра першыя спробы стварэньня незалежнай БНР ды пра змаганьне за яе са зброяй у руках падчас Слуцкага збройнага чыну ў 1920 годзе, калі невялікая Случчына паўстала супраць бальшавіцкага прыгнёту за вольную Беларускую Народную Рэспубліку.
Кніга другая прысьвечаная таленавітаму палітыку і вайскоўцу, які у кожны момант сваго жыцьця імкнуўся дасягнуць аднае мэты ― вольнай Беларусі.
Нягледзячы на мастацкі характар твору, захапляе яго глыбокая гістарычнасьць, падмацаваная дакумэнтальнымі сьведчаньнямі.
А тады, як Случчыну маскоўцы падпарадкавалі, гэта пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе, Замак спустошылі. Йшчэ пры мне яго драўляныя вежы даруйноўвалі. У 1820-м разабралі большую — з боку касцёла бернардынцаў, дзе Случ цякла. Ацалела толькі некалькі пабудоў, у адной з якіх жыў некаторы час пан Гендэрзон, брат тайнай ложы масонаў…»
Ён неўзаметку даклэпаў на стары дзядзінец, на якім цяпер замест Замка ўзвышалася бетонная аграмадзіна Палацу культуры, і, натомлены, асеў на доўгую лаўку. Аддыхаўся. Узгорак паменшаў нашмат, паразмываўся. Трава і восенню смела зелянела, вось толькі ад рэчкі — ані следу…
Аднекуль музыка палілася, прыпеўкі… І памролася, што па прыступках ад Палацу культуры да яго батлейшчык колішні Болбут збягае, бадзёра адмерваючы ап'янелы спеў:
І тады ён вочы заплюшчыў, і знік Болбут…
Перад ім і Ігнатоўскім зноў старац Вярхоўскі сядзеў.
― А ці прыгадаеце, як раней Слуцак выглядаў? — гэта цяпер Ігнатоўскі спытаў.
― Чаму ж не… Апавядалі мне, ды і мапы даўнія бачыць даводзілася… Вот, скажам, у Слуцак вы з захаду Нясвіжскім трактам уязджалі б… З правага боку за Случчу пушча разлягалася. Туды на паляванні князі выбіраліся. А ў 1826-м вялікая бура пушчай пракацілася. Во-то дрэваў наваляла! І тады местачкоўцам дазволілі вывозіць вываратні. Так пушчу хутка зноў ачысцілі. Дык вось… (Старац нагу пакратаў — зацякла, пэўна). Далей тым Нясвіжскім трактам вы б у прадмесце Трайчаны ўехалі б. Назву сваю яно ад кляштару Святой Троіцы атрымала. Йшчэ там рачулка Тройча колісь цякла ў Случ… Пасярод вялікага пляцу, агароджанага разложыстымі дрэвамі, узвышалася мураваная царква Святога архід'якана Сцяпана. Купалы зіхоткія мела… Дзве вежы. У царкве — золатам абрамлены іканастас. Праваруч — труна княжны Сафіі Радзівілавай, апошняй з дому Алелькавічаў. На вечку надпіс па-беларуску быў:
«Сафія, княгіня Слуцкая і Капыльская, Альгердавага племені, прыставілася 1612 року».
Бліжэй да іканастасу, у неглыбокай мармуровай нішы — трумэнка Габруэла, закатаванага праз ў мястэчку Заблудаве. Ягонае цела, сколатае й прабітае, выслалі ў Слуцак… Народ наш ушаноўваў памяць княжны Сафіі й дзіцяці-мучаніка. У часы лютых хваробаў случакі святымі мошчамі-парэшткамі абносілі горад, молячы нябёсы аб заступніцтве…
Злева ад царквы стаяў драўляны палац для рэзідэнцыі біскупа. Пры мне біскупства перанеслі ў Менск, а ў палацы тым месціліся кіраўніцтва рускай семінарыі і бібліятэка. А за царквой, над ракою — старажытная званіца з адным вялікім і некалькімі малымі званамі. Набажэнствы ў Святой Троіцы праходзілі вельмі святочна. Голас вялікага Трайчанскага звону разліваўся далёка па рэчцы, і ягонае дабравесце дапаўнялі ўсе храмы места! А на свята Тройцы туды збіраўся люд з усяго горада й ваколіцаў. Хор царкоўны спяваў… Кірмаш ладзіўся… Будынак духоўнай семінарыі і праваслаўны манастыр і цяперака стаяць. Манастыр — праўда ж? — незвычайны, — як палац у вялікім горадзе![9]
Праз Трайчаны адзіная вулка йшла. Крыху наўзбоч ад яе праваслаўная семінарыя была. Яе навучэнцы ў местачкоўцаў кватэравалі. А як семінарыю ў Менск перанеслі, дык і Трайчаны абязлюднелі. У 1655 року ў вайну Расіі з Польшчай князь Трубяцкой, выціснуты са Слуцку, спаліў і Трайчаны, і другое прадмесце — Востраў… (Старац Вярхоўскі, бачна было, стаміўся. Папрасіў падаць яму вады. А глытнуў — сілы быццам зноў аднавіліся. Нават гаварыць хутчэй пачаў).
У горад жа дарогі вялі праз чатыры брамы: Віленскую (ці Нясвіжскую), Капыльскую, Астроўскую і Новамейсцавую. Апроч апошняй усе мураванымі былі. З вежамі, адкіднымі мастамі, якія ланцугамі на ноч падымаліся. Астроўская брама ацалела аж да 1835 року, астатнія раней паразбіралі… Сам жа горад колісь авальную форму меў. Доўгім ровам абнесены быў. Валамі землянымі ўзмоцнены, бакштамі. Недзе я змалёўваў старую мапу, то пазней, можа, і знайду, пакажу вам… Пасярод жа, на ўзвышку, — драўляны Замак ганарліва застываў, рэзідэнцыя Алелькавічаў…
Дык во-то ж увойдзем у горад праз Віленскую браму. (Старац раптам вочы заплюшчыў — нібыта ўяўляў сабе, пра што ціхмяным гасцям апавядаў). Злева — дзявочы каталіцкі кляштар Святога Іллі Прарока. За ягонай агароджай — дзве драўляныя цэрквы: летняя, большая, і зімняя… Званіца… Я часта хадзіў да цэркваў тых. З клопатаў пані Кахановічавай летнюю царкву новым іканастасам уаздобілі. На набажэнствах з дзесятак чарніц прысутнічала. Ох, багатым колісь кляштар іхні быў… Алелькавічы нічога не шкадавалі для яго! Затым жа ўрад расійскі ўсё багацце ў казну сваю забраў… У 1852 року большую царкву адцалі ўланам. А ў кляштар пазвозілі манашак-уніятак, якія па скасаванні уніі не схацелі прыняць праваслаўя. Тут яны і паміралі…
9
Праз некалькі гадоў і будынак духоўнай семінарыі, і Траецкі манастыр ператвораць у казармы для пяхотнага палка Чырвонай арміі, а пазней ― знішчаць.