Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Карнэлій сустрэў мяне досыць цёпла, але ў нашых адносінах ужо з'явілася напружанасць. Раз-пораз ён употайкі пазіраў на мяне ці не з жахам. Я стрымаў сябе, каб не прыступіць адразу да тэмы, якая хвалявала мяне больш за ўсё. Спачатку спытаўся, як ён даляцеў і як скончыліся раскопкі.
— Вынікі фенаменальныя! — загарэліся ў яго вочы. — У мяне ў руках неабвержныя доказы!
Карнэлій не мог не пахваліцца сваім поспехам. Зіра сказала праўду: Карнэлій і праўда разрываўся паміж любоўю да навукі і малпавым абавязкам. Але цяпер са мною гаварыў вучоны, апантаны даследнік, які вышэй за ўсё цаніў перамогу сваёй гіпотэзы.
— Мы знайшлі шкілеты, — расказваў ён. — Не адзін шкілет, а мноства, і размешчаны яны такім чынам, што гэта, несумненна, могілкі. Ёсць чым пераканаць сама тупагаловых. Але нашы арангутаны, вядома, бачаць у гэтым толькі дзіўнае спалучэнне акалічнасцей.
— І што гэта за шкілеты?
— Шкілеты не малпаў.
— Зразумела.
Мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы. Энтузіязм Карнэлія адразу апаў, і ён гаварыў ужо больш павольна:
— Не буду ўтойваць: вы ўгадалі — гэта чалавечыя шкілеты…
Зіра, пэўна, ужо была ў курсе справы, бо не здзівілася ані кроплі. Мы зноў сустрэліся з Карнэліем позіркамі. Я чакаў. Нарэшце ён рашыўся.
— Цяпер я ўпэўнены, — сказаў Карнэлій, — што некалі на нашай планеце існавала чалавечая раса, надзеленая здольнасцю мысліць, раса людзей, падобных вам і іншым людзям Зямлі. Пасля яна дэградавала, і нашыя людзі ператварыліся ў жывёлін… Да таго ж, вярнуўшыся, я знайшоў тут новыя доказы сваёй гіпотэзы.
— Новыя?
— Але. Іх адкрыў загадчык энцэфалічнага аддзялення, малады шымпанзэ з вялікай будучыняй. Гэта нават геній… Не варта думаць, — з горкай іроніяй усміхнуўся Карнэлій, — што малпы заўсёды былі толькі пераймальнікамі. У некаторых навуках мы зрабілі багата адмысловых адкрыццяў і асабліва вялікіх поспехаў дасягнулі ў вывучэнні мазгавой дзейнасці. Калі змагу, пазнаёмлю вас неяк з вынікамі. Упэўнены, вы будзеце здзіўлены.
У мяне стварылася такое ўражанне, што ён сам стараўся запэўніць сябе ў геніяльнасці малпаў, а таму гаварыў з залішняй гарачнасцю. Але ж я ніколі і не спрабаваў спрачацца з ім на гэтую тэму. Карнэлій сам паскардзіўся якія-небудзь два месяцы назад на адсутнасць у малпаў стваральных здольнасцей. А цяпер з гонарам дакляраваў:
— Паверце, настане дзень, калі мы пераўзыдзем людзей ва ўсіх сферах. Мы невыпадкова сталі нашчадкамі чалавечай культуры, як вы можаце гэта ўяўляць сабе. Гэта здарылася ў выніку нармальнага ходу эвалюцыі. Эра разумнага чалавека прайшла, і на змену яму з'явілася больш дасканалая істота, якой было наканавана захоўваць асноўныя дасягненні людзей доўгі перыяд адноснага застою, каб пасля ўзляцець да новых вяршынь.
Такі падыход да гэтай праблемы быў мне новы. Я мог бы адказаць Карнэлію, што многія мысліцелі Зямлі прадчувалі і прадказвалі з'яўленне вышэйшай істоты, якая калі-небудзь заступіць людзей, але ніводзін вучоны, філосаф ці паэт не ўяўляў сабе гэтую звышразвітую істоту ў малпіным абліччы. Але мне не надта хацелася спрачацца пра такія драбніцы. Галоўнае было ў тым, што думка знайшла сабе іншае ўвасабленне ў жывым стварэнні, ці ж не праўда? Цяпер мяне займала іншае, таму я перавёў гамонку на Нову і стан яе здароўя. Карнэлій не сказаў мне нічога новага, але паспрабаваў усцешыць:
— Не хвалюйцеся! Спадзяюся, усё абыдзецца. Напэўна, гэта будзе звычайнае дзіця, такое ж, як і ўсе чалавечыя дзеці Сароры.
— А я спадзяюся, што не. Я ўпэўнены: дзіцёнак загаворыць!
Мне было цяжка схаваць сваё абурэнне. Зіра нахмурылася, каб прымусіць мяне змоўкнуць.
— На вашым месцы я не зычыў бы яму гэтага, — змрочна заўважыў Карнэлій. — Гэта не ў яго і не ў вашых інтарэсах.
І ўжо амаль па-сяброўску дадаў:
— Калі ён загаворыць, не ведаю, ці змагу я бараніць вас далей, як рабіў дагэтуль. Вы, напэўна, не ўсведамляеце, як устрывожыўся Вялікі Савет. Я атрымаў найстражэйшы загад захаваць гэтае нараджэнне ў тайне. Калі ўлады даведаюцца, што вы ў курсе справы, я буду тут жа звольнены, і Зіра таксама, а вы застанецеся адзін на адзін з…
— З ворагамі?
Карнэлій адвёў вочы. Значыцца, я зразумеў правільна: мяне разглядалі як пагрозу малпавай расе. І ўсё ж было радасна, што ў асобе Карнэлія ў мяне ёсць калі не сябар, дык саюзнік. Відаць, Зіра бараніла мяне нашмат больш горача, чым я думаў, а Карнэлій не пасмее пайсці супраць яе ні ў чым. Вось і цяпер ён дазволіў мне наведаць Нову, вядома, употайкі.
Зіра правяла мяне ў маленькую ізаляваную хацінку, ключы ад якой былі толькі ў яе. Мы ўвайшлі ў невялічкі пакой. У ім стаялі тры клеткі, дзве былі пустыя. Трэцюю клетку займала Нова. Яна пачула, як мы ўваходзілі, і інстынктыўна ўгадала, што і я тут, бо, яшчэ не ўбачыўшы нас, ускочыла і працягнула мне насустрач рукі. Я таксама працягнуў да яе рукі, пацёрся тварам аб яе твар. Зіра пагардліва паціснула плячыма, аднак дала мне ключ ад клеткі, а сама адправілася ў калідор пільнаваць, каб сюды не прыйшоў хто іншы. Якое добрае сэрца ў гэтай шымпанзэ! Нам так трэба было цяпер выказацца адно перад адным!