Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Што ж да вышэйшых сфер адміністрацыі, дык там перайманне, як мне здаецца, займае яшчэ большае месца. Каб кіраваць нашай сістэмаю, гарылам трэба было хіба што засвоіць некалькі поз і прамоў, скапіраваўшы іх з аднаго ўзору.
Так я пачаў глядзець новымі вачыма на сама разнастайныя сферы чалавечай дзейнасці, уяўляючы ў іх замест людзей малпаў. Я з пэўным задавальненнем аддаваўся гульні фантазіі. Уявіў сабе ўсе шматлікія палітычныя сходкі, на якіх прысутнічаў як журналіст. Згадаў штампаваныя адказы тых, у каго давялося браць інтэрв'ю. Асабліва ярка запомніўся славуты ў свой час судовы працэс, апісаны мною за некалькі гадоў да адлёту.
Адвакат быў адзін з прызнаных зуброў юрыспрудэнцыі. Але чаму ж ён бачыўся мне цяпер ганарлівай гарылаю, зрэшты, як і не менш знакаміты пракурор? Чаму паслядоўнасць іх прамоў і жэстаў асацыіравалася ў мяне з умоўнымі рэфлексамі, якія выпрацаваліся ў выніку добрай дрэсіроўкі? Чаму старшыня суда зліваўся ў маім усведамленні з важным арангутанам, які механічна прамаўляў завучаныя на памяць фразы, рэфлекторна рэагуючы на тыя ці іншыя словы сведкаў або гоман публікі?..
Да самага канца нашага падарожжа я не мог пазбавіцца ад такіх супастаўленняў. Калі я падумаў пра нашую фінансавую і дзелавую алігархію, у памяці паўстала суцэльна малпавае відовішча, убачанае нядаўна на Сароры: біржа, куды зацягнуў мяне адзін сябар Карнэлія, — яна лічылася знакамітай выдатнасцю сталіцы…
Біржа размяшчалася ў велізарным будынку. Далёка ад яго чуўся густы і няясны гул, які, пакуль мы набліжаліся, ператвараўся спакваля ў аглушальную какафонію. Мы ўвайшлі і адразу ж апынуліся ў цэнтры нейкай неверагоднай калатнечы. Я схаваўся за калону. Я ўжо даўно прывык да асобных малпаў, але ў іх натоўпах усё яшчэ бянтэжыўся. А тут быў такі натоўп, што ў параўнанні з ім нават кангрэс малпаў-фізіёлагаў здаўся мне маленькай сходкаю.
Уявіце сабе каласальных памераў залу, бітком набітую малпамі, якія гарлапанілі, жэстыкулявалі, мітусіліся, кідаліся ў нейкай істэрыі ў розныя бакі, сутыкаліся і разбягаліся не толькі на падлозе, але і на самай столі, на такой вышыні, што ў мяне ажно кружылася галава. Бо паўсюды тут былі зладжаны лесвіцы, трапецыі, канаты, каб малпы маглі перамяшчацца, калі хацелі, у любым кірунку. Такім чынам малпы запаўнялі ўвесь аб'ём залы, якая была падобная на гіганцкую клетку для паказу чацверарукіх у нейкім фантасмагарычным цырку.
Малпы літаральна лёталі, заўсёды паспяваючы за што-небудзь зачапіцца ў той самы момант, калі падзенне здавалася непазбежным — і ўсё гэта пасярод пякельнага гвалту воклічаў, пытанняў, адказаў, крыкаў і, нарэшце, проста дзікіх енкаў і стогнаў, якія не мелі нічога агульнага з цывілізаванай моваю. Там былі, напрыклад, малпы, якія брахалі, так, брахалі без усялякай на тое прычыны, пералётваючы на канцы каната з аднаго кута залы ў другі.
— Вы калі-небудзь бачылі штосьці падобнае? — з гонарам спытаўся ў мяне сябар Карнэлія.
Я ахвотна прызнаўся, што не. Але мне прыйшлося доўга ўспамінаць усё добрае, што я дагэтуль зведаў пра малпаў, каб па-ранейшаму ставіцца да іх, як да разумных істот. Любое стварэнне, здольнае мысліць, трапіўшы ў гэты цырк, непазбежна прыйшло б да высновы, што прысутнічае на шабашы вар'ятаў або шалёных звяроў. У гэтым роі нельга было вылучыць хоць адну непадобную на астатніх малпу, ні ў кім не было і найменшай іскрынкі думкі. Усе былі аднолькава адзетыя, і на ўсіх мордах застыла адна і тая ж вар'яцкая маска.
Згадваючы гэта, я з горыччу адчуваў, як па ўжо выпрацаванай адваротнай сувязі, дзякуючы якой удзельнікі зямных падзей набывалі ў маім усведамленні знешнасць гарыл ці арангутанаў, цяпер гэты звар'яцелы натоўп малпаў паўставаў перада мною ў чалавечым абліччы. Гэта людзі рыкалі, гаўкалі і хапаліся за канцы вяровак, каб, разгойдаўшыся, найхутчэй дасягнуць другога канца залы. Усё новыя і новыя падрабязнасці гэтае сцэны мільгацелі ў маёй разгарачанай памяці. Згадваю, як пасля доўгіх назіранняў мне ўдалося выявіць некаторыя дэталі, якія падказвалі, што ўся гэтая дзікая мітусня мае ўсё ж дачыненне да разумнай дзейнасці. Сярод звярынага рыку праслізгвала іншы раз зразумелае слова. Самец-гарыла на высачэзным памосце раз-пораз, не перапыняючы істэрычнай жэстыкуляцыі, хапаў нагою кавалак крэйды і пісаў на дошцы лічбу, якая мела, напэўна, нейкае значэнне. Ён таксама згадваўся мне цяпер у чалавечым абліччы.