Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
З наўмыснай абыякавасцю крок за крокам набліжаюся да маёй былой клеткі, скоса пазіраючы на яе. Але я не бачу працягнутых мне з-за кратаў рук Новы, не чую яе радасных крыкаў, якімі яна пачала вітаць мяне апошнім часам. Мною авалодвае цяжкае прадчуванне. Я больш ужо не магу стрымліваць сябе, кідаюся наперад…
Клетка пустая…
Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клічу вартаўнікоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маім падначаленым, але Зіра строга загадала выконваць усе мае ўказанні.
— Дзе Нова? — пытаюся я.
Ён змрочна адказвае, што не ведае. Аднойчы яе павялі адсюль, нічога яму не растлумачыўшы. Я настойваю — марна. На шчасце, нарэшце ўваходзіць Зіра. Яна робіць чарговы абход. Заўважыўшы мяне перад пустой клеткаю, яна адразу ж здагадваецца, што так расхвалявала мяне. Але нешта замінае ёй пачаць гаворку з Новы, і яна паведамляе мне:
— Толькі што вярнуўся Карнэлій. Ён хацеў бы бачыць цябе.
У гэты момант мне напляваць на Карнэлія, на ўсіх шымпанзэ, гарыл і іншых пачвар, якія толькі могуць быць на зямлі і ў небе. Я паказваю пальцам на клетку і пытаюся:
— Дзе Нова?
— Яна нездаровая, — адказвае Зіра. — Яе перавялі ў спецыяльнае аддзяленне.
Яна робіць мне знак і вядзе за сабою, далей ад вартаўніка.
— Дырэкцыя ўзяла з мяне слова, што я захаваю гэта ў тайне, — кажа Зіра. — Але я думаю, што ты павінен гэта ведаць.
— Яна хворая?
— Нічога страшнага. Але сама па сабе гэтая падзея досыць значная, каб занепакоіць нашыя ўлады. Нова загрубела.
— Яна… што?
— Я ж сказала: зацяжарала.
Зіра з цікавасцю назірае за мною.
Раздзел VI
Ад такой навіны я ажно здранцвеў. Я яшчэ быў няздольны ўсвядоміць, да чаго можа прывесці гэтая падзея. Спачатку мяне захліснула хваля розных не дужа рацыянальных пачуццяў, а больш за ўсё ўстрывожыла пытанне: чаму мне дагэтуль нічога не паведамілі? Але Зіра і слова не дала мне сказаць.
— Я сама заўважыла гэта ўсяго два месяцы назад, калі вярнулася з падарожжа. Гарылы нічога не зразумелі. Я патэлефанавала Карнэлію, а ён у сваю чаргу меў доўгую размову з дырэктарам. Яны сышліся на тым, што лепей захаваць усё ў тайне. У курсе справы толькі я ды яны двое. Нову памясцілі ў ізаляваную клетку, і я сама яе даглядаю.
Я ўспрыняў скрытнасць Карнэлія як здраду і адчуў, што Зіры таксама няёмка. Мне здалося, што за маёй спінаю пачынаюць рабіць нешта нядобрае.
— Не хвалюйся, — паспрабавала супакоіць мяне Зіра, — яе добра даглядаюць, яна ўсё мае — я за гэтым сачу. Яшчэ ніхто ніколі так не аберагаў цяжарную самку чалавека.
Пад яе насмешлівым позіркам я апусціў вочы, усё роўна як вінаваты шкаляр. Зіра старалася захаваць іранічны тон, але я адчуваў, што яна ўсхваляваная. Вядома, я ведаў, што мая фізічная блізкасць з Новаю стала непрыемная Зіры з таго самага моманту, калі яна зразумела, што я разумная істота, але цяпер убачыў у яе позірку не грэблівасць, а нешта іншае. Ну вядома, яна была занепакоеная! Таямнічасць, з якою гаварыла цяпер Зіра пра Нову, наўрад ці была добраю прыкметаю. Я здагадваўся, што Зіра не сказала мне ўсёй праўды: напэўна, Вялікі Савет таксама быў у курсе справы, і з гэтай нагоды ўжо не раз склікаліся нарады на сама высокім узроўні.
— Калі Нова павінна раджаць? — спытаўся я.
— Праз тры-чатыры месяцы.
І тут я раптам уцяміў нарэшце ўсю трагікамічнасць майго становішча: я стану бацькам у сістэме Бетэльгейзе! У мяне будзе дзіця на планеце Сарора, народжанае жанчынаю, да якой я адчуваю неадольнае фізічнае імкненне, іншы раз жаль, але ў жанчыны гэтай — мазгі жывёліны. Напэўна, ніводная разумная істота ва ўсім сусвеце яшчэ не зведвала такога! Мне хацелася адначасова і плакаць і смяяцца.
— Зіра, я хачу яе бачыць!
Яна адказала мне прыкрай грымаскаю.
— Я ведала, што ты гэтага захочаш. Я ўжо гаварыла з Карнэліем, і, думаю, ён не будзе пярэчыць. Ён чакае цябе ў сваім кабінеце.
— Карнэлій — здраднік!
— Ты не маеш права гаварыць так. Ён разрываецца паміж любоўю да навукі і сваім малпавым абавязкам. Натуральна, што цяжарнасць Новы вельмі яго палохае…
Пакуль я ішоў услед за Зіраю па калідорах інстытута, трывога мая ўсё ўзрастала. Я здагадваўся, пра што думалі вучоныя-малпы: яны баяліся, што можа ўзнікнуць новая раса, якая… Чорт!.. І тут да мяне дайшло, якім чынам я змагу здзейсніць ускладзеную на мяне лёсам місію!