Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Гэта эфект ланцуговай рэакцыі, — спакойна сказаў Гелій. — Ён добра вывучаны і звычайна заканчваецца канвульсіямі, якія бываюць пры эпілептычных прыпадках. Але гэта дзіўная эпілепсія, якая захоплівае толькі палову цела…
— Досыць! — закрычаў я раз'юшана.
Усе малпы падскочылі ад нечаканасці і з неадабрэннем утаропіліся на мяне. І тут увайшоў Карнэлій.
— Разумею, — па-сяброўску паляпаў ён мяне па плячы. — За гэтымі эксперыментамі, пакуль не прывыкнеш, цяжка назіраць. Але падумайце пра тое, што менавіта дзякуючы ім наша медыцына, хірургія зрабілі фенаменальны прагрэс за нейкую чвэрць стагоддзя!
Мяне гэты довад ніяк не пераканаў, як і ўспамін пра падобныя вопыты на шымпанзэ, убачаныя мною ў адной з нашых зямных лабараторый. Карнэлій паціснуў плячыма і павёў мяне ў вузкі калідор, які злучыў залу, дзе мы цяпер знаходзіліся, з меншым памяшканнем.
— Тут вы ўбачыце нешта дзівоснае і зусім новае, — сказаў ён урачыста. — Сюды маюць доступ толькі тры асобы: Гелій, які асабіста займаецца вопытамі і ўжо дасягнуў выдатных поспехаў, я і адзін санітар-гарыла, выбраны намі з найвялікшай асцярожнасцю. Ён нямы. Мне ён адданы і душою і целам, да таго ж ён яшчэ і дурань з дурняў. Так што вы разумееце, якое значэнне я надаю сакрэтнасці гэтай працы. Але вас я з ёю пазнаёмлю, бо вы, я ўпэўнены, будзеце маўчаць. Гэта ў вашых інтарэсах.
Раздзел VIII
Увайшоўшы ў залу, я не прыкмеціў спачатку нічога такога, што магло б вытлумачыць дакляраваную таемнасць. Апаратура была падобная на тую, што я ўжо бачыў у папярэдніх памяшканнях: тыя ж генератары, трансфарматары, электроды. Тут былі толькі два паддоследныя: мужчына і жанчына, якія ляжалі на двух пастаўленых паралельна канапах, прывязаныя рамянямі. Толькі мы з'явіліся, яны адразу ж утаропіліся пільнымі позіркамі.
Санітар-гарыла сустрэў нас невыразным бурчаннем. Гелій абмяняўся з ім некалькімі фразамі на мове глуханямых. Гэта было рэдкаснае відовішча: гарыла і шымпанзэ размаўлялі між сабою з дапамогаю мігаў! Не ведаю чаму, але мне гэта здалося настолькі недарэчным, што я ледзь не зарагатаў.
— Усё ў парадку, — сказаў Гелій. — Яны спакойныя. Можна адразу пачынаць дослед.
Вы не можаце ўвесці мяне спачатку ў курс справы? — папрасіў я ўмольна, баючыся, што ўбачу зараз новыя жудасныя эксперыменты.
— Я хацеў бы здзівіць вас, — усміхнуўшыся, адказаў Карнэлій.
Санітар увёў падвопытным наркоз і, калі яны спакойна заснулі, пачаў уключаць розную апаратуру. Гелій наблізіўся да мужчыны, асцярожна разматаў павязку ў яго на галаве і, выбраўшы на чэрапе патрэбную кропку, падвёў да яе электрод. Мужчына па-ранейшаму ляжаў абсалютна нерухомы. Я дапытліва зірнуў на Карнэлія, і тут здарыўся цуд.
Мужчына загаварыў.
Ягоны голас прагучаў у маленькай аперацыйнай зале гэтак раптоўна, што я ажно падскочыў. Карнэлій і Гелій зрабілі мне знак маўчаць і слухаць. Не, гэта не была галюцынацыя: ён гаварыў гучна, заглушаючы брунжанне генератара. І гаварыў на малпавай мове. Гаварыў зусім паўнацэнна, як зямны чалавек або сарорская малпа.
На тварах у абодвух вучоных успыхнула радасць. Яны самазадаволена глядзелі на мяне, адчуваючы асалоду ад маёй збянтэжанасці.
Тое, што казаў мужчына, не мела ніякага сэнсу. Напэўна, ён вельмі доўга знаходзіўся ў інстытуце, таму што цяпер бясконца паўтараў абрыўкі фраз, якія звычайна прамаўляюць вучоныя або санітары. Неўзабаве Карнэлій загадаў спыніць эксперымент.
— Ад гэтага мы нічога больш не даможамся, — сказаў ён. — Але вы чулі галоўнае: ён гаворыць!
— Неверагодна! — прамармытаў я.
— Ну, гэта яшчэ што! — заўважыў Гелій. — Ён гаворыць, як аўтамат ці папугай. А вось ад гэтай самкі мы дамагліся нашмат большага.
Ён паказаў на жанчыну. Тая ціха спала.
— Большага?
— У тысячу разоў большага, — пацвердзіў Карнэлій, такі ж усхваляваны, як і яго калега. — Слухайце мяне ўважліва. Гэтая жанчына таксама гаворыць, і вы яе пачуеце. Але яна не паўтарае фраз, пачутых у палоне. Яе словы маюць выключнае значэнне. З дапамогаю камбінацыі электрахімічных уздзеянняў на мозг гэтай падвопытнай — я не буду распісваць вам яе, — нашаму маладому генію ўдалося абудзіць не толькі індывідуальную, але і родавую памяць. У ёй пад уздзеяннем току ажываюць успаміны вельмі далёкіх продкаў, ажывае атавістычная памяць пра падзеі тысячагадовай даўнасці. Вы разумеце, Уліс?