Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
— Аўсееў, — глухаватым, але рашучым голасам пасля паўзы сказаў Карпенка, — бяры вінтоўку — і на варту.
Аўсееў крута павярнуўся на падлозе.
— А чаго я? Што я, горшы за ўсіх?
— Без размоў.
— Давай, давай, паніч, — загаварыў Свіст. — Не бойся, кашы не празяваеш. Пакінем, клянуся салёным агурком з хвастом асяледца.
Аўсееў пасядзеў яшчэ, пасля нетаропка зашпіліўся і неахвотна выйшаў, мацней чым трэба прыстукнуўшы дзвярыма.
Каша выдалася надзіва смачная. Свіст неўзаметку паклаў на спод кацялка выцягнутае ў Пшанічнага сала, ад чаго ўсё гэта несалёнае месіва атрымалася вельмі тлустае і наварыстае. Елі ўсе разам, з адной пасудзіны, згодна шкрэбаючы драўлянымі і алюмініевымі лыжкамі, а Свіст — нават трафейным відэльцам на тронку лыжкі. Калі ўжо на сподзе засталося нямнога, Карпенка аблізаў лыжку і сказаў:
— Годзе. Рэшта Аўсееву і Фішару…
— Ну, братка Мурло, як кашка? — хітравата спытаў Свіст.
— А нішто. З галадухі сама ў роце растае, — задаволена сказаў Пшанічны. На яго мардаты, з тлустымі вуснамі твар лягла ленаватая сытасць.
— За гэта дзякуй самому сабе. Добрае ў цябе было сальца.
Пшанічны здзіўлена залыпаў вачыма, здагадаўся і адразу ўхапіўся за торбу.
— Зладзюга ты, Свіст, вось хто, — злосна кінуў ён з цемры, мацаючы свой напакаваны мяшок. — За такія ўчынкі табе трэба морду біць, блатняга.
— Для твайго ж бруха, дзівак, — жартаваў Свіст. — А то кокнулі б цябе заўтра, галоднага, і які-небудзь Ганс пакроіў бы тваё сала тоненькімі скрылікамі на свой бутэрброд. А так вось і жысць павесялела, бы сто грамаў прапусціў.
Пшанічны яшчэ бурчаў нешта ў сваім куце, а размораны сытасцю Свіст соладка разлёгся на падлозе, раскінуўшы крываватыя ногі.
— Ну вось і цудоўна, — казаў ён, пагладжваючы свій жывот. — Даўно такой асалоды не меў. Хіба тады, як з лагера выйшаў, от.
— Слухай, Свіст, а завошта ты ў лагер трапіў? — спытаў Карпенка, скручваючы цыгарку.
Ён зноў размясціўся на тапчане, таксама падабрэў ад цяпла і ежы і стаў па-хатняму просты, свойскі, прыязны — такі, як і ўсе.
— Ат, доўгая гісторыя. Гісторыя з геаграфіяй. Была справа, ага.
— Можа, нізавошта?
— Не скажу, — адразу пасур’ёзнеўшы і нешта ўспамінаючы, сказаў Свіст. — Было за што. Маглі б і болей прыпаяць, адбрыкаўся двума гадамі. Магу расказаць, калі цікавіць.
Ён памаўчаў, пазіраючы ў задымленую столь, услухаўся ў гукі непагоды знадворку, пасля ўздыхнуў і пашураваў у грубцы. Там нешта стрэльнула ў прыску, ярчэй загарэліся дровы, асвяціўшы насупленага ў куце Пшанічнага, цікаўны кірпаты твар Глечыка і задуменныя твары астатніх байцоў.
7
— Дурны я чалавек… вось. Шалёны, безгаловы… — казаў Свіст. — Наогул абармот. Толькі цяпер зразумеў гэта. Як кажуць, не вошы мяне заелі, а маладосць загубіла. Жыў у Саратаве, на Манастырцы. Любата гарадок, скажу вам, першы сорт — Саратаў… так… — Ён памаўчаў, летуценна прыпамінаючы штось і ўсё пазіраючы ў грубку— Чатыры гады ўжо як не быў, душа занылася. Так… Дык вось, вучыўся троху. Вучыцца не любіў. Ды і з дысцыплінай не ладзілася. Матка, бывала, ходзіць, ходзіць у школу па выкліках, лупіць мяне, а толку мала… А наогул мала біла. Трэба было б болей, тады, можа, і чалавек выйшаў бы, а так — аскалёпак.
Падрос крыху, зашыўся ў кампанію — дружкі-мілушкі, ярына зялёная. А ўсё ж ладны быў час. Раздолле, асабліва ўлетку. Маці на працы (на падшыпнікавым заводзе рабіла), а я — бы ў раі. Па могілках у вайну гуляем — дарэчы, там у нас Чарнышэўскі, пісьменнік, пахаваны, — дзелавіта паведаміў Свіст, паварочваючыся да Карпенкі. — Такі помнік вялізны, як будан, стаіць. Дык вось — на могілках, на Лысай гары, у сасняку, а калі вырвемся і на Волгу. От, браце, шчасце, ярына зялёная, сто чарцей і бочка рому. Ніхто там не бачыў Волгі? Не? О, гэта ёсць на што паглядзець. Шыр, прастор, вада, сонца, неба і, каб вы ведалі, райскі куток — Зялёны востраў насярэдзіне. Схопім чыю лодку, перабяромся туды і — забаў на два дні. Маці шукае — і ў міліцыі, і ў калоніі, і ў турме, а мы на востраве кінжалы выстружам і разбойнікаў строім.
Пасля пайшоў працаваць. — Віцька ўздыхнуў, запхнуў у грубку канец нейкай дошкі, заклапочана пашураваў там шчэпкай. — Спачатку Рыгор Сымонавіч, сусед наш, мяне да такарнай справы прыладзіў. Працаваў на тым жа падшыпнікавым, утулкі рабіў. Спярша нішто, а пасля абрыдлі — гарчэй за рэдзьку. Уранку — утулкі, увечары — утулкі, учора — утулкі і заўтра — утулкі, зімой і летам — адны ўтулкі. Ужо гэтыя кольцы ды дзіркі сніцца ўначы пачалі — атрута! З нуды да гарэлкі прыладзіўся. Выпіваў. Неяк у піўной пазнаёміўся з адным чалавекам — Фраловым звалі, каб яму дышла ў пуза! Так лоўка да мяне пад’ехаў, і так і сяк, гляджу — мілы чалавек. I грошай не шкадуе. Пілі. Спрытна ён мне жытуху атруціў, і не прыкмеціў, як ачмурыў дурня. Ты, кажа, свой хлопец, нашто табе мазоль натруджваць? Хочаш уладжу, работка — лахва. I што ж? Уладзіў прадаўцом у хлебны магазін. Працую месяц, другі. Не скажу, каб вельмі падабалася. Праўда, наеты (а тады галаднавата было на Волзе), а так амаль як і на падшыпнікавым — нудная праца, знай, рэж кілаграмы. Пяць тон сёння, пяць тон заўтра. Не глядзі, што хлеб, а нарэжашся за дзень, дык горш, чым на заводзе, зняможаш.