Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 241
Перейти на страницу:

Поўныя маўклівай невясёласці, байцы зноў уляглі ў працу. Болей вобмацкам, чым што-небудзь бачачы, яны скраблі ў цемры лапаткамі — капалі траншэю, каб злучыць ёю ўсе стралковыя ячэйкі. Тая трывога, што нечакана ўзгарэлася ў іх ад нядаўняй перастрэлкі ў тыле, спакваля сціхала, наткнуўшыся на суровую непахіснасць старшыновай упэўненасці ў сваю сілу і ўдачу. Карпенка, здаецца, быў спакойны, ранейшы, хіба толькі меней пакрыкваў на людзей і трохі прымоўкуначы. Але іншыя таксама працавалі моўчкі, болей слухалі — ці мала чаго магла прынесці гэтая франтавая непагодная ноч?

Напрацаваўшыся і аддаўшы лапатку Аўсееву, старшына прысеў на бруствер і сцішыўся. Чым болей мінала часу з моманту іхняй ростані са сваім батальёнам, тым усё шчыльней агарталі яго клопаты-думкі. За дзень яны адарваліся ад ворага, знясілены бамбёжкамі полк спяшаўся адступіць за лес, акапацца, наладзіць абарону і як-небудзь утрымацца на лясным рубяжы. Дарогу — подступ да гэтай абароны — камбат загадаў абараняць суткі. Ноч стаіць вось ціхая, а хто ведае, які будзе заўтрашні дзень? Ці немцы пойдуць дзе іншым шляхам, ці наваляцца на гэтую дарогу, і тады, вядома, ім, шасцярым, прыйдзецца сербануць гора. Гэтая думка ўвесь час грызла старшынова нутро, пакуль ён памагаў Аўсееву капаць ці сядзеў, услухоўваючыся ў гукі ночы. З выгляду спакойны і заўжды ўпэўнены ў сваіх учынках, Карпенка на самай справе быў не такі. Але за працяглы час камандзірства ён засвоіў сабе правіла: усё няпэўнае хаваць у сабе, а напаказ выстаўляць толькі скамянелую ўпэўненасць і непахісную цвёрдасць волі. «Твая праўда ці не, а сказаў — трымай сваё», — так некалі вучыў яго старшына звыштэрміновай службы Бровараў, і Карпенка на ўсё жыццё запомніў мудрыя словы старога служакі.

Дождж усё капаў і капаў рэдкімі дробнымі кроплямі, ад якіх макрэў твар, і па скронях, сцякаючы да шыі, непрыемна каціліся халодныя струмені. Старшына ўстаў з бруствера і агледзеўся, дбаючы пра асцярогу, забывацца аб якой ім тут не выпадала. Усе капалі. Побач Свіст і Аўсееў, з таго боку старожкі — чутна было — варушыўся Глечык, а так з усіх бакоў абкладвалі зямлю глухая ноч, непагадзь, халадэча і цьмяная, як даўні забыты клопат, неўразумелая трывога.

Нічога не ўчуўшы, Карпенка ўзяў з бруствера свой мокры «ручнік» і, каб засцерагчы яго ад дажджу, паставіў пад сцяну старожкі. Пасля ён туды ж перанёс дзве скрынкі патронаў і спыніўся ля гразкай зямлі над траншэяй, дзе, сапучы і пакрэктваючы, варушыўся Аўсееў. Баец пачуў старшыну і, не разгінаючыся і ўсё дзеўбучы лапаткай, паскардзіўся:

— Сізіфава праца — дзяўбеш, дзяўбеш і ніякага следу.

— Дрэнна дзяўбеш, значыць, — думаючы аб іншым, сказаў Карпенка.

Аўсееў кінуў у цёмную яму лапатку і выпрастаўся.

— А наогул на якога д’ябла ўсё гэта? Полк адышоў, а намі прыкрыўся? Як гэта называецца?

Ён быў змораны, цяжка дыхаў і гаварыў з даўно набалелай злосцю.

— Гэта называецца: выставіць заслон, — спакойна адказаў старшына.

— Ага, заслон? А чым канчаецца такі заслон, табе, камандзір, вядома?

— На што ты намякаеш? Га? — зазлаваў Карпенка.

Аўсееў заварушыўся ў траншэі, шпурнуў у цемру груду і сказаў тонам, які гаварыў: дарэмна спрачацца аб тым, што і так зразумела:

— Што намякаць! Ты і сам ведаеш: смертнікі мы, вось хто!

— Ведаеш што, Аўсееў? — памаўчаўшы, зацята сказаў старшына. — Ты думай, што хочаш, але балбатаць не смей! Чуеш?

Ён не хацеў болей размаўляць з гэтым байцом, які дужа хутка здагадваўся аб усім, чаго лепей было б не ведаць яму, і пайшоў прэч. Боты коўзаліся па размоклых камяках зямлі, зморанае цела вярэдзілі зябкія дрыжыкі. У чорным наваколлі спорна шумеў дождж, бубніў на даху старожкі аб нейкі кавалак бляхі.

Старшыне было непрыемна, што яго затоеныя ад самога сябе здагадкі і падазрэнні так лёгка разгадаў гэты хітраваты, башкавіты баец. За колькі дзён службы з ім Карпенка так і не ведаў, які на самай справе гэты Аўсееў і як яму, камандзіру, ставіцца да яго. Было б гэта ў мірны час, дык, бадай, з Аўсеева выйшаў бы неблагі баец — такі на палітзанятках атрымліваў бы адны пяцёркі, лепей за многіх упраўляўся б з фізо, ды і наконт іншых навук таксама шмат каму давялося б пазайздросціць яму. Але цяпер, у ліхі час вайны, Аўсееў сваёй хітрасцю, празмернай здагадлівасцю і кемнасцю наконт розных ходаў-выхадаў не падабаўся старшыне. Праўда, прамых прычын для абурэння яшчэ не было, і таму не было цвёрдай упэўненасці ў справядлівасці свайго пачуцця.

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)