Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мэфіста. Раман аб адной кар'еры

Электронная книга - «Мэфіста. Раман аб адной кар'еры». Краткое содержание книги:

Клаўс Ман (Klaus Mann; 1906 – 1949), нямецкi антыфашысцкi пiсьменнiк, старэйшы сын Томаса Мана. 1933 г. – эмiграцыя (Амстэрдам, Парыж, Цюрых, Прага), 1936 – пераезд у ЗША. Раман Мэфiста напiсаны ў 1936 г. Галоўны яго персанаж, актор Гёфген, стаўся сiмвалам канфармiзму часткi iнтэлiгенцыi ва ўмовах тыранiчнага, варварскага рэжыму. Упершыню быў надрукаваны ў Амстэрдаме ў эмiгранцкiм выдавецтве “Querido” (1936); у 1966 г. яго распаўсюджанне ў Федэратыўнай Pэспублiцы было y судовым парадку забаронена; у 1981 г. насуперак забароне з’явiлася новае выданне, i раман стаўся культавай кнiгай: як прыкладная i ў вышэйшай ступенi павучальная гiсторыя пра прыстасаванства i супрацiў, кар’ерызм i мастакоўскую мараль. Тыповасць сiтуацый i характараў тагачаснай Германii набывае сваю пазнавальнасць ва ўмовах сучаснага сужыцця iнтэлiгенцыi i ўладаў.
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 126
Перейти на страницу:

Тое, што ён крыў ад сціпла-выпрабавальнай і раўніва-напружанай цікаўнасці сваёй прыяцелькі Геды фон Гэрцфэльд, тое, што ён крыў ад сяброўскай цікаўнасці свайго аднадумцы Ота Ульрыхса, у тым якраз ён і прызнаваўся Чорнай Венеры, якая адна і толькі адна магла зваць яго Гайнцам: ён спавядаўся ёй, як пакутаваў праз Барбару, з ёй і толькі з ёю ён прымушаў сябе быць шчырым. Ён нічога не хаваў ад яе, нават сваёй ганьбы. Калі фройляйн Мартэнс даведалася пра ягонае фіяска ў ложку, пра яго мужчынскую ганьбу, яна рагатала доўга, груба, ад шчырай душы. Гендрык курчыўся ад гэтага рогату, ён быў яму страшнейшы за самыя страшныя лупцоўкі. А дачка правадыра выскалялася:

— Ну, калі гэта так, салодзенькі мой, калі яно і праўда ўсё так, дык не чакай ад сваёй красуні нейкай там павагі.

Ён расказаў ёй пра ранішнія Барбарыны "канкуры", якія яму здаваліся выклікам; ён скардзіўся на ганарыстыя экстравагантнасці.

— Робіць сабе кактэйлі з сырых яец з дзесяццю вострымі соўсамі і глядзіць на мяне зверху ўніз толькі таму, што я сваё яйцо ем, як звычайны смяротны, з талеркі. Усё ў маёй кватэры павінна быць такое, як у доме яе бацькі і бабулі. Яна нават забараніла мне ўзяць слугою майго маленькага Бёка. Такі мілы і такі мне верны, з ім бы яна не магла згаварыцца супроць мяне. Але не — ці ж бо яна вытрывае ў доме такога чалавека? Вось яна і прыдумляе розныя зачэпкі і божыцца, што маленькі Бёк не можа трымаць у доме парадку, а сама ж яго нават на вочы не бачыла! Ён столькі гадоў мой касцюмер, і я магу прысягнуць, што парадак ён трымае ідэальны. І вось мы ўзялі нейкую апоўзлую старэчу, якая дваццаць гадоў служыла ў генераліхі, каб толькі нічога не мяняць у жыцці дачкі тайнага радцы.

Усё гэта Чорная Венера выслухоўвала з вялікай цярплівасцю, яна прыняла да ведаму, што Барбара круціцца ў прыстойных гамбургскіх колах ("у тайных саветнікаў і дырэктароў банкаў", — з нянавісцю сказаў Гендрык), куды яго, актора Гёфгена і на парог не пускалі, альбо запрашалі Барбару "з мужам". Ад такога пыніжэння ён адмаўляўся. Барбара наведвала месцы, якія былі яму чужыя альбо варожыя, — універсітэты, салоны. Яна бясконца пісала і атрымлівала пісьмы, а Гендрык нават не ведаў, з кім гэта яна ў такіх цесных стасунках. На ўсё гэта ён горка скардзіўся сваёй Чорнай Венеры. Ён пытаўся ў Джульеты, што яна думае, ці няма ў тых лістах, якія Барбара пасылае бацьку, генералісе альбо падазронаму сябру маладосці Себасцьяну, чаго-небудзь абразлівага для яго, Гендрыка. Прынцэса Тэбаб не магла яго супакоіць на гэты конт.

— А напэўна ж яна здзекуецца з мяне! — усклікнуў Гендрык. — Калі б сумленне ў яе было чыстае, яна паказала б мне хоць адзін з тых лістоў. А яна ніколі нічога не паказвае.

Гэта асабліва мучыла Гендрыка і асабліва яго прыніжала — ён жа колькі бо разоў паказваў Барбары лісты, якія атрымліваў ад маці, фраў Бэлы.

— Але годзе, больш яна не ўбачыць ніводнага, — заявіў ён чорнай дачцэ правадыра. — Навошта мне расхінаць перад ёю ўсю душу, калі ў яе ад мяне спрэс адны тайны? У дадатак ёй хапае нахабства смяяцца з пісьмаў маёй маці.

І сапраўды, Барбара смяялася ад душы, калі Гендрык паказаў ёй пісьмо, у якім фраў Гёфген паведамляла, як закончыліся апошнія заручыны Ёзі. "Мы ўсе вельмі радыя, што ўсё закончылася так удала", — пісала бедная маці. І тут Барбара доўга смяялася. Зрэшты, Гендрык і сам павесяліўся: у той час ён таксама лічыў гэтае месца ў матчыным пісьме вельмі смешным. Крыўда прыйшла пазней, калі ён усё прыгадаў, спавядаючыся Чорнай Венеры.

— У яе сям'і ўсё святое! — усклікнуў ён. — Пра фраў генераліху і яе ларнетку слова жывога не скажы. А з маёй маці можна смяяцца колькі ўлезе.

Такімі скаргамі і ламентацыямі канчаліся візіты ў паддашак Джульеты. Перш чым пакласці на начны столік пяць марак і пайсці, ён казаў сваёй прынцэсе, што кахае яе куды, куды больш, чым Барбару.

— Гэта няпраўда, — адказвала Джульета спакойным і глыбокім голасам. — Зноў хлусня.

На гэта Гендрык усміхаўся шматзначна, хваравіта, пакепліва, крыху прасветлена.

— Хлусня? — перапытваў ён ціха. І потым светлым голасам з паднятым падбародкам: — Ну, мне пара ў тэатр...

Рэпетыцыі новай пастаноўкі "Снy ў летнюю ноч", у якой Гендрык іграў караля эльфаў Аберона, і падрыхтоўка да вялікага рэвю былі яму важней і хвалявалі куды больш, чым складанае, але пустое пытанне, каго ён кахае больш — Барбару ці Джульету.

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 126
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)