Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мэфіста. Раман аб адной кар'еры

Электронная книга - «Мэфіста. Раман аб адной кар'еры». Краткое содержание книги:

Клаўс Ман (Klaus Mann; 1906 – 1949), нямецкi антыфашысцкi пiсьменнiк, старэйшы сын Томаса Мана. 1933 г. – эмiграцыя (Амстэрдам, Парыж, Цюрых, Прага), 1936 – пераезд у ЗША. Раман Мэфiста напiсаны ў 1936 г. Галоўны яго персанаж, актор Гёфген, стаўся сiмвалам канфармiзму часткi iнтэлiгенцыi ва ўмовах тыранiчнага, варварскага рэжыму. Упершыню быў надрукаваны ў Амстэрдаме ў эмiгранцкiм выдавецтве “Querido” (1936); у 1966 г. яго распаўсюджанне ў Федэратыўнай Pэспублiцы было y судовым парадку забаронена; у 1981 г. насуперак забароне з’явiлася новае выданне, i раман стаўся культавай кнiгай: як прыкладная i ў вышэйшай ступенi павучальная гiсторыя пра прыстасаванства i супрацiў, кар’ерызм i мастакоўскую мараль. Тыповасць сiтуацый i характараў тагачаснай Германii набывае сваю пазнавальнасць ва ўмовах сучаснага сужыцця iнтэлiгенцыi i ўладаў.
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 126
Перейти на страницу:

Нікалета горда ўзняла галаву і адказала:

— Гэта высокая хвароба генія.

Барбара толькі застагнала ў адказ:

— О Божа, о Божа мой, — і засланіла твар рукамі.

Калі праз чвэрць гадзіны ўвайшлі Оскар Х. Кроге, дырэктар Шміц і фраў фон Гэрцфэльд, Нікалета ўжо спакавала ўсе свае кyфэркі і стаяла ў вестыбюлі гатэля, чакаючы машыну, каб ехаць на вакзал.

Шміц, які раптоўна страціў мяккасць у голасе, дзіка крычаў, пагражаючы паліцыяй і арыштам; Оскар Х. Кроге шыпеў, як стары кот, а Нікалета адбівалася, як драпежня птушка. Фраў фон Гэрцфэльд спрабавала апеляваць да яе розуму, але пранозлівая пагарда і ледзяны пафас Нікалеты змусілі яе замоўкнуць. Усе гаварылі наперабой: Шміц скардзіўся, што ўсе білеты прададзены, Кроге гаварыў пра недахоп мастакоўскай адказнасці і чалавечай прыстойнасці, а Гэрцфэльд ахарактарызавала паводзіны Нікалеты як пошлую істэрыку, дарэчную, бадай, ва ўзросце палавога сталення. Барбара непрыкметна пакінула гатэль. Нікалета з'ехала, не развітаўшыся з ёю.

Раптоўны ад'езд Нікалеты прычыніў Барбары не толькі боль. Ёй зрабілася і лягчэй. Паведамленне пра "ціхае, без шырокай агалоскі шлюбаванне" Нікалеты з Тэафілам Мардэрам яе не вельмі ўсхвалявала. "Няшчасная Нікалета" — вось, бадай што, і ўсё, што яна падумала. Сэрца яе ўжо спакваля прымірылася са стратай спрэчнай радасці, якую ёй давала гэтая дружба, якая столькі гадоў перапаўняла, сагравала і мучыла яе. Барбара ўжо не звязвала сябе з Нікалетай у думках пра будучыню. Аднак яна ўсё ж любіла ўспамінаць іх агульнае мінулае і перабіраць у памяці этапы прывязанасці, якая нарадзілася так незвычайна і развівалася па такіх дзіўных законах.

Вілі фон Нібур, бацька, які пражыў вельмі неспакойнае, хоць, магчыма, і не такое авантурнае жыццё, як сабе ўяўляла ягоная дачка, ніколі асабліва Нікалетай і не займаўся. Калі ён памёр у Кітаі, дзяўчынцы было ўсяго трынаццаць гадоў. Пад гэты час яе якраз са скандалам выгналі з інтэрната ў Лазане. Нібур, ведаючы ўжо, што жыць яму засталося нядоўга, напісаў з Шанхая Брукнеру, з якім сябраваў у часы студэнцтва: "Паклапаціся пра дзіця!" Тайны радца рашыў узяць дзяўчынку да сябе ў дом на некалькі тыдняў, пакуль не знойдзе іншага інтэрната альбо іншай магчымасці прыладзіць яе. Так Нікалета паявілася ў доме Брукнера — велічна-сур'ёзнае, разумнае і ўпарцістае юнае стварэнне з вялікім гарбатым носам, кашэчымі вачамі, худым і пругкім целам і гордай, пераможнай пасадкай галавы. Тайнага радцу ўсё палохала ў гэтай новай госці: спакуслівы і пагрозлівы позірк, занадта выразная мова, амаль застрашлівая халодная выхаванасць. Назіраць цэлымі днямі за дзіўнай дачкою цікавага сябра было пацешна, прыемна, але і пакутліва.

Яго здзівіла і тое, як моцна Барбара прыкіпела да Нікалеты, але ён гэтаму не заважаў. Што прывабіла яго любімае дзіця ў чужой, рэзкай і дзіўнай дзяўчынцы? Можа, гэта закон прыцягнення супрацьлеглых полюсаў? Тым не меней бацьку трывожыла гэтая дружба, і ён увесь час думаў, як пазбыцца Нікалеты. Яе паслалі ў пансіён на французскай Рыўеры. Але і там неўзабаве выбухнуў скандал, і Нікалета вярнулася ў брукнераўскую вілу. Гэтая гульня паўтаралася часта. Ад безлічы прыгодаў маладога, бурлівага і бяздумнага жыцця яна заўсёды адпачывала ў Барбары, Барбара заўсёды чакала яе і адчыняла ёй дзверы, калі б яна ні пастукалася. Тайны радца ўсё бачыў, здзіўляўся, магчыма, засмучаўся, але цярпеў. Зрэшты, ён меў магчымасць пераканацца, што яго прыгожая разумная дачка, беручы такі гарачы ўдзел у дзіўным жыцці сяброўкі, зусім не запускала сваё жыццё. Яна займалася, гуляючы, ці сур'ёзна, тысячай розных рэчаў. У яе былі сябры, з капрызамі і клопатамі якіх яна насілася. Яна бывала легкадyмнай і задуменнай, то амазонкай, то сястрой міласэрнасці, халоднай і добрай, напышлівай і заўсёды гатовай да пяшчотаў, якія, аднак, не пераходзілі пэўнай мяжы. Так жыла Барбара, і, відаць, была свая прычына, што чаканне Нікалеты, гатоўнасць у любы момант прыняць яе, магчыма, надавала яе жыццю той таемны сэнс, даць яму той загадкавы цэнтр, якога ёй якраз і бракавала.

Раней Нікалета заўсёды вярталася. Барбара адчувала, што гэтым разам яна не вернецца. Гэтым разам здарылася нешта рашучае, канчатковае. У Тэафіле Мардэры Нікалета знайшла чалавека, роўнага яе бацьку — альбо таму легендарнаму вобразу, які яна сабе стварыла замест бацькі. Цяпер ёй Барбара не патрэбная. Зноў знойдзенаму бацьку, новаму каханаму яна з уласцівым ёй драматычным бляскам даверыла сваё жыццё. Нікалета, якая так высока насіла галаву, але ўсё ж прагнула, каб ёю памыкалі, падпарадкавалася неацуглянай, бязмежнай волі. Што ж заставалася Барбары? Надта гордая, каб навязвацца, надта ганарыстая, каб скардзіцца, яна захавала ясны, радасны твар. "Бедная Нікалета, — думала яна. — Цяпер табе прыйдзецца выкручвацца самой. Нялёгкае будзе ў цябе жыццё, бедная Нікалета".

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 126
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)