Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 124
Перейти на страницу:

— Толькі гэтага не хапала… — прасычэў Лёднік.

На вуліцы было шэра і тужліва, і дождж, драбнюткі, як інфузорыі, наліпаў на твар, асядаў на валасах срэбным пылком, так што можна было ўявіць сябе раздушаным матылём пад чужым жорсткім абцасам. Хвельку, перапалоханага і здарожанага, пакінулі прыбіраць дом.

Аптэка знаходзілася побач, нават калі ісці нага за нагу, аддаючыся сусветнай нудзе. Звычайны двухпавярховы дамок, з чатырохсхілым чарапічным дахам, з шыльдай, на якой зялёным з пазалотай былі намаляваныя кубак і змяя… Ціхі такі дамок у атачэнні старых ліпаў… Але калі Вырвіч узяўся за клямку, за дзвярыма пачуўся рэзкі пранізлівы крык, проста нечалавечы, у якім чуліся абурэнне і злосць. Рука Пранціша сама выхапіла зброю… Лёднік таксама напяўся, прыўзняў шаблю да ўзроўню плеч, перазірнуўся са студэнтам і асцярожна штурхануў дзверы. Тыя са здрадлівым рыпеннем адчыніліся… Магчыма, самым разумным было б не лезці ў новую пастку, але калі пачуўся голас дзядзькі Лейбы — дзядзька заклікаў на дапамогу ўсіх праайцоў на чале з Абрамам — Лёднік рынуўся ў пакоі, за ім Пранціш. Раптам нешта звяглівае і імклівае кінулася ў ногі гасцям, ледзь не паваліўшы.

— Трымайце! Вох, пакаранні ягіпецкія!

Незразумелая істота верашчала, шаргацела і шастала па паўцёмнай вітальні, дзядзька Лейба ўзмахваў шырокімі рукавамі і лаяўся.

— Дзверы зачыняйце! Вось паганае стварэнне!

Пранціш, нарэшце, злаўчыўся і кінуўся на звера… Дакладней, птушку: бо лапаталі крылы, пад рукой зміналіся пер’і, а дзюба пацэліла дакладна Пранцішу ў падбароддзе.

— Ай, халера!

Вырвіч ледзь не выпусціў дзюбатую страшыдлу, але аптэкар спрытна падхапіў яе, адной рукой прыціснуўшы тулава, другой схапіўшы за доўгую шыю.

— Дзядзька Лейба, нашто табе паўлін? — папытаўся агаломшаны Лёднік, абтрасаючы пух з дарожнага камзолу.

Задыханы аптэкар запхнуў угневаную птушку ў клетку памерам з ладную шафу. Паўлін распрастаў пёры і пранізліва патлумачыў, чаму ўбачыць яго ў сне азначае хуткую жыццёвую буру.

— Пайшлі адсюль, а то пагаварыць не дасць, каб яго пярун… — пракрычаў аптэкар. І ўжо ў сваім пакойчыку, завешаным паліцамі з кнігамі, распавёў:

— Пан пісар падарунак зрабіў. Я ягоную мосць ад лястыру вылечыў, а ён мне — гэтага птаха… Прыдумаў, што крык паўліна дадае лекам ад лёгачных хваробаў асаблівую моц.

— А адкуль у пісара паўлін? — пацікавіўся Пранціш. Дзядзька Лейба ўздыхнуў.

— Ад самога яснавяльможнага ваяводы полацкага, пана Аляксандра Сапегі. Паўлін гэты асабліва злосны, брэцёр гэткі сярод паўлінняга народу, ну і, мусіць, нехта з птаства яму адпомсціўся ці з прыслугі, так што птах дастаўся пану пісару паўдохлым… Карацей, на табе, нябожа, што мне нягожа. А я перадарыць каму радасць гэтую не магу. Пан пісар — кліент пастаянны, вось і даводзіцца цярпець…

Паўлін абражана крумкнуў, зусім як варона, і адвярнуў ад крыўдзіцеляў галаву на тонкай шыі. Лейба нарэшце засяродзіўся на гасцях і іх праблемах, акінуў вострым позіркам светлых вачэй былога свайго падмайстра Бутрыма і ягонага цяперашняга студэнта, фізіяноміі ў абодвух былі даволі панылыя і знерваваныя.

— Значыць, з Саламеяй і ейнымі гасцямі пабачыліся… — задумліва прамовіў аптэкар. — Я быў сунуўся ў дом, але мяне не пусцілі й на ганак. Паглядзеў я ў вочы пана, які мяне праганяў, і зразумеў, што зноў ты, Бутрым, улез па самыя вушы ў нейкую нядобрую авантуру, і Саламейку за сабой пацягнуў.

— Улез, дзядзька Лейба, — са скрухай прызнаўся Лёднік. — Не змог пераадолець сваю цікаўнасць… Пачаў даследваць хітрую прыладу, замест таго, каб адразу з рук збыць альбо ў каморы замкнуць. Вось і… Зноў мая Саламея — у закладніцах. І яшчэ адзін маленькі хлопчык можа паплаціцца… І патрэбна мне ад цябе, дзядзька Лейба, кніжка…

Пачуўшы, які менавіта трактат хоча пагартаць Бутрым, аптэкар ажно ўсхадзіўся: шалберствам займацца! Але здабыты з нетраў гаспадарскага дому слоўнік янохскай мовы з малюнкамі лёг на пашарпаны дубовы стол. А яшчэ былы алхімік запатрабаваў геаграфічныя карты, самыя дасканалыя.

Лічбы і літары з малюнка Пандоры Лёднік аднавіў лёгка, хто б сумняваўся ў дасканалай памяці гэтага зануды. Ні разочку беднаму студэнту не запамятаваў найменшай правіны. А потым пачалася доўгая нецікавая праца, у якой госцю трохі дапамагаў аптэкар, але ў асноўным сам Лёднік гарбаціўся, шаргочучы паперамі, як вецер сухім лісцем.

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)