Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 124
Перейти на страницу:

Пранціш паднёс лінзу да самых вачэй.

— «Глінішчы, чэрвень 1743 году». Наколькі я разумею, дзесьці праз некалькі месяцаў нарадзілася наша агульная знаёмая Саклета.

Пан Агалінскі недаверліва зірнуў на надпіс, злосна сыкнуў нешта скрозь зубы і адвярнуўся да вакна. Толькі калі Лёднік схаваў шкельца ў куфэрак, Амерыканец суха вымавіў:

— Я быў бы вельмі ўдзячны пану Лёдніку, калі б ён прадаў мне гэта падарунак. За любыя грошы. Пяцьдзесят дукатаў, скажам. Альдону тую шылахвостку я ўспомніў, а калі пойдуць чуткі…

— Вось цікава, а нашто пану Лёдніку грошы, калі вашамосць усё роўна яго заб’е? — не прамінуў паздзеквацца Пранціш. Доктар сярдзітым позіркам спыніў Вырвіча, які дужа ўзрадваўся магчымасці прышпіліць фанабэрыстага Агалінскага ганебнай таямніцай.

— Няхай вашамосць паабяцае, што дэкляраваныя грошы панна Саклета, незаконнанароджаная сястра пана, атрымае ў пасаг, і я зараз жа перадам вам куфэрак. Разам з нашым абяцаннем маўчаць.

Пан Агалінскі скрывіўся, як паўтара няшчасця, але прамовіў, апусціўшы вочы.

— Слова гонару. Пяцьдзесят дукатаў пашлю дзеўцы.

За вокнамі карэты зноў пачаў накрапваць паскудны восеньскі дождж, і індускі бог Яма адклікаў сваіх чатырохгаловых сабакаў, што беглі за дармезам без гербаў, у больш прыветнае, але не менш грэшнае, месца.

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

ЯК ПРАНЦІШ З ПАНАМ ПАЛОНІЕМ ПАЗНАЁМІЎСЯ

Пераступіць цераз ганак — гэта вам не лыжку заціркі глынуць. Нездарма ў новы дом першым пускаюць котку альбо пеўня — каб прынялі на сябе тое, што пад ганкам хаваецца, гнеў нябачнага вартавога… Адкупіцца ж ад таго вартавога хто як спрабаваў. Закопвалі пад ганкам манеты, кропельку іртуці, змяіную скурку, кавалак жалеза, ваўчыную галаву альбо чорную курыцу, ці яшчэ страшней — хавалі памерлых няхрышчанымі немаўлятаў.

На парозе нельга есці, бо плёткі прыцягнеш, нельга праз ганак выплюхваць на двор брудную ваду — курыная слепата надарыцца. Калі штось будзеш на ганку сячы — напусціш у дом ведзьмаў і жабаў. Затое ад спалоху няма больш вернага сродка, чым калі шаптуха спырсне цябе праз расчыненыя дзверы нагаворанай вадой, ці «заб’е» перад імі спалох нажом альбо сякерай.

На гэтым ганку ляжаў раздушаны начны матыль, яго абсыпаныя шэрым бліскучым пылком крылцы бездапаможна прыліплі да мокрага каменю, і не верылася, што ў іх некалі жыло вольнае паветра.

Доктар Лёднік забабонаў не прызнаваў, таму цераз ганак дому Рэнічаў, мёртвага матыля і жывыя перасцярогі пераступіў, не вагаючыся… А вось Пранціш Вырвіч на ягоным месцы добра падумаў бы, чаму гэта на стук ніхто не адгукнуўся, а дзверы адчыненыя. Як казалі лаціняне, нават паміж кавалкам і ротам шмат што можа здарыцца. Частку дома, які калісь належаў бацьку пані Саламеі, кніжніку Івану Рэнічу, Лёднікі здавалі ў арэнду — там, дзе пераплётная майстэрня. І па ўсяму выходзіла, што арандатар ці хтось з ягонай чэлядзі павінны быць на месцы… Але майстэрня на замку. Пранціш дастаў шаблю і заўважыў, што доктар таксама паклаў руку на дзяржальна — значыць, усё-ткі не страціў да канца пільнасці, і жэстам загадаў Хвельку заставацца на двары.

— Гэй, ёсць хто ў хаце?

Цішыня… Але Вырвіч быў упэўнены, што яны ў будынку не адны.

Так і здарылася. У гасцёўні чакала чалавек дзесяць — узброеныя да зубоў ваякі, якім не ўпершыню пільнаваць у засоцы. Пасярэдзіне пакоя, у фатэлі, нерухома сядзела пані Саламея Лёднік, збялелая, напятая, у вялікіх сініх вачах адчай. А за яе спінай, прываліўшыся да падваконня, у вольнай позе застыў белавалосы волат са страшным, пакрытым шнарамі, ружовым тварам, з бяздоннымі вачыма, якія здаваліся то празрыста-светлымі, то барвовымі… На вуснах волата лунала іранічная ўсмешка, нібыта ён прысутнічаў пры лёгкай застольнай размове.

— Нарэшце мы вас дачакаліся, вашыя мосці! Забавіліся ж дарогай…

— Пан Герман Ватман…

Калі Лёднік паспеў агаліць шаблю — ніхто ўцяміць не паспеў. Але што тая шабля, калі на цябе скіраваныя пісталеты, а за спінай тваёй каханай стаіць спрактыкаваны забойца.

— І нашто было чапаць маю жонку? — холадна прагаварыў доктар.

— Ну, я ж ведаю, што ў прысутнасці красунек размова лягчэй ідзе, — лена-дабразычліва прамовіў Ватман, пацягнуўся, наблізіўся ўшчыльную да Саламеі. — Вядома, зараз усе аддаюць перавагу маладзюсенькім, трапятлівым, як стракозкі. Але ж мы з табой, доктар, мужчыны сталыя, жыццём бітыя, мы цэнім кабетаў з досведам…

Ватман абвёў пальцам, не датыкаючыся, абрыс твару Саламеі. Лёднік рыпнуў зубамі.

1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)