Авантуры студыёзуса Вырвіча
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Выдавецкі дом “Звязда”
- ISBN: 978-985-7083-16-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:
Прыдарожная карчма пад назвай «Венецыя» калі й нагадвала знакаміты італійскі горад, дык вялізнымі рудымі лужынамі, якіх аніяк было не абмінуць, заязджаючы на двор. Аднапавярховы драўляны будынак не абяцаў раскошы… Затое меліся вольныя месцы і коні. А новы спадарожнік хрыплым шэптам запатрабаваў асобны пакой, сыпануўшы аднавокаму «венецыянскаму» карчмару столькі грошай, што хапіла б зняць увесь будынак, таму жаданы пакой і атрымаў. Бутрыму і Пранцішу давялося падзяляць памяшканне з Агалінскім, які адразу ж заваліўся ў ложак і захроп… Гнілы сеннік пах балотам. Начлег ніяк не абяцаў быць прыемным, хоць Лёднік узяў з сабой некалькі фунтаў персідскага парашку ўласнага прыгатавання ад дробных крывасмокаў.
Настаў час без лішніх вушэй перамовіцца са спадарожнікам.
Спадарожнік стаяў ля вакна свайго пакоя, спіной да дзвярэй. Шчуплая постаць яго была зацягнутая ў камзол з дарагой зялёнай воўны, на галаве акуратны парычок, напудраная каса перацягнутая чорнай атласнай стужкай. Пасля таго, як рытуальныя велягурыстыя фразы прамовіліся, і прафесар пачаў злосна крывіць вусны, сузіраючы спіну фанабэрыстага юнака, які ўсё маўчаў і не рухаўся, той нарэшце павярнуўся да гасцей… Бязвінныя блакітныя вочы зірнулі так празрыста, так шчыра, носік прыўздымаўся так задзірыста, ружовыя вусны ўсміхаліся так сціпла…
На нейкі час у пакоі запанавала маўчанне, як у балагане, калі гледачы зразумелі, што індыйскі факір сапраўды растаў проста на сцэне разам з іхнімі кашалькамі, табакеркамі і гадзіннікамі.
— І што, вашамосць, абазначае гэты куншцюк у духу італьянскай народнай камедыі? — нарэшце сурова папытаўся Лёднік. Паланэя Багінская міла ўсміхнулася.
— Вы ж атрымалі ліст, пан прафесар? Вось і спраўджвайце загад. Высакародны юнак Палоній Бжастоўскі, хатнім настаўнікам якога вы калісьці працавалі, едзе з вамі ў Ангельшчыну.
Паланэя паказала на сябе, пацвярджаючы, што яна і ёсць гэты высакародны юнак. Вырвіч ураз успомніў такайскае віно з дурнап’янам і злосна выкрыкнуў:
— Вашамосць жартуе? Мы ацанілі жарты вашае княскае мосці, але дазволім сабе нагадаць яснай паненцы, што дарога нас чакае не дзеля прагулянкі, мы едзем не ў карэце, а верхам, начаваць давядзецца часам на голай зямлі, у грубай мужчынскай кампаніі, дыванкі пад ногі ніхто нам не пасцеле.
Але Багінская толькі ўсміхнулася.
— Вашамосць Вырвіч лічыць мяне падобнай да спешчаных мяшчаначак са Збройнай вуліцы, якія захінаюцца фартухом ад студэнцкіх палкіх паглядаў? Запэўніваю, што я дастаткова моцная істота. — Пагляд паненкі зрабіўся жорсткім. — Ніколі не разумела, чаму мужчыны лічаць кабетаў кволенькімі ды спешчанымі. А паспрабавалі б вы, пан Вырвіч, ад сямі гадоў хадзіць са скабамі, перацягнутымі сталёвымі абручамі, не ўздыхнуць толкам, у абутку, які сціскае нагу, у пальчатках, якія зашчыльна абцягваюць пальцы, на абцасах, ад якіх ногі, здаецца, адваляцца. А ведаеце, як гэта — насіць на галаве пару месяцаў цяжэнны каркас з дроту, абматаны чужымі валасамі, стужкамі ды кветкамі, калі спаць можна, толькі падклаўшы пад галаву драўляную падставачку, а пачухацца, прабачце за некуртуазную падрабязнасць, атрымліваецца толькі прэнтам? А спадніцы, у якіх у дзверы не ўвайсці? Колькі б вы такога катавання вытрымалі? — Паланея тэатральна ўскінула рукі, быццам крылы, і шчасліва засмяялася. — Ды я зараз узляцець гатовая! А наконт маіх баявых здольнасцяў таксама не сумнявайцеся — з цяжкім палашом не ўпраўлюся, але кінжальчык, пісталет… Урэшце, мне расказвалі, што ў вашым улюбёным Полацку жыла княжна, якая ў дванаццаць гадоў насуперак волі бацькоў пайшла ў манастыр, потым таксама насуперак усім пастрыгла ў манахіні двух сваіх сясцёр, будавала каменныя храмы, перапісвала кнігі… І нават з’ездзіла ў Ерусалім — праз усе моры і пусткі!