Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Здалёку на хутары пад ліпамі замігаў чырвоны агеньчык у акне, яна падумала: значыць, прыехаў Пятрок — і парадавалася маладой бабскай радасцю — уся сям’я ўрэшце сабралася, скончыліся дзённыя турботы, цяпер да заўтра душа спакойная. На белым ад месячнага святла падворку стаялі сані з рэштаю сена, конь ужо быў упарадкаваны, карміўся ў хляве. Можа, Пятрок разжыўся на газу, падумала Сцепаніда, бо ў газнічцы яе засталося дужа мала — на адзін, можа, вечар. Яшчэ наказвала папытаць наконт ботаў у аднаго знаёмага жыда-шаўца на станцыі. На боты, канешне, было мала грошай, усяго дзесяць рублёў, але, можа б, як дамовіўся напавер ці паабяцаў якую бараннюю лапатку, фунты два масла ці яшчэ чаго, як-небудзь сплацілі б. А то ў адных валёнках дваім яўна нявыкрутна, калі хто абуе, дык другому хоць сядзі дома, нікуды не вытыкайся. А вытыкацца трэба, як во сёння, кожны дзень не гэта, дык тое, усё клічуць, абавязваюць, трэба ісці-бегчы.
Дзверы ў сенцы былі не зашчэплены, яна пераступіла парог і зашчапіла іх, увайшла ў хату. Адразу сцяміла: дзеці ўжо спяць, у дымнаватым прыцемку хаты было ціха і цёпла, смярдзела газай і тытунёвым дымам, на канцы стала гарэла газнічка, і Пятрок пры ёй перабіраў нейкія паперкі, мусіць, квіткі, вывяраў плацяжы: што сплаціў, што пратэрмінавалі, колькі нарасло пені і што засталося.
— Даўно прыехаў? — сцішана запыталася Сцепаніда.
— А нядаўна.
— Еў што?
— Елі тут. Крупнік.
Яна пачала распранацца, павесіла на цвік кажушок, зняла з галавы цёплую хустку.
— Ну як камуна? — запытаў ад газнічкі Пятрок. — Сарганізавалі ўжо?
— Пастанавілі Гужа раскулачыць, — сказала яна аб іншым. — Прыязджаў Новік. Як сабатажніка і што наёмная сіла.
Пятрок падняў да газнічкі немалады, зморшчаны і зашчацінелы твар і ўважліва паглядзеў на яе. У ягоных вачах спярша адбілася трывожнае здзіўленне, якое хутка саступіла месца паныласці.
— Што робіцца на свеце! — трудна сказаў Пятрок. — Наёмная сіла. Якая наёмная сіла?
— А такая, — сказала яна. — Памагалі ставіць трысцен. Наймаў. І на жніве таксама.
— Бога на вас няма! — уздыхнуў Пятрок. — Раскулачыць. Наёмная сіла. У таго ж старшыні Лявона таксама была наёмная сіла. Як малацілі. Во, Ладзіміравы мальцы памагалі. Адной рукой што ж ён — і цэпам не ўдарыць. Дык і яго раскулачыць?
— Тут, бач, яшчэ сабатаж, — сказала Сцепаніда. — Заўчора ж ён на сходзе ўпёрся і сарваў калгас.
Яна села на нізкі ўслончык і пачала разбэрсваць свае наледзянелыя за дарогу чуні. Пятрок за сталом не мог супакоіцца.
— Калі ўжо да такіх дайшла вочарадзь, дык што ж пасля будзе? Каго ж вы праз год-два будзеце раскулачваць?
— А тады, можа, не будзе каго. Усе ў калгас паўступаюць.
— Можа, і паўступаюць. Але як жа з класавай барбой? Класавая ж барба не адмяняецца?
— Можа, і адменяць. Калі ворагаў не стане. Дужа ты знаеш, — незадаволена абарвала яго Сцепаніда.
Сапраўды, што ён знаў, гэты цёмны мужык, які не хадзіў нават на сходы, рэдка калі браў у рукі газету, з начальствам ніколі не гутарыў. Мог толькі цьмяна меркаваць аб усім сваім небагатым мужыцкім розумам.
— Што гэта ў нас усё не так, як у людзей, — раздумна казаў Пятрок, пазіраючы на мільготкі агеньчык газнічкі. — Вунь на станцыі гаварыў з адным мужыком аднекуль з-пад Улы. У іх нічога. Ціха. І калгасаў не чуваць, ніхто не прыязджае, не заганяе. Нікога яшчэ не раскулачылі.
— Чакай, дабяруцца. У глушы, можа, жывуць. За балотам дзе.
— Можа, і за балотам. А ў нас?..
— А ў нас во, у раёне пад носам. Ды і з акругі не прамінаюць: пры дарозе ж. Яно і добра, што пры дарозе, у тым тожа выгода, — сказала Сцепаніда і ўспомніла: — Газы купіў?
— Далі. Адну літру. На пай. Дужа яе хопіць, гэтае літры?
— Ну колькі хопіць. А там падвязуць. Дарога ж усталявалася. А пра боты пытаўся?