Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 254
Перейти на страницу:

— Дык ён жа другіх не падбухторваў. Ён сам не пайшоў, пры чым жа тут зрыўшчык! Ці сабатажнік? — напружана разважаў за сталом Лявон, перакладваючы з месца на месца паперку.

— Як вы не разумееце?! — урэзаў кулаком па сталешніцы Новік. — Яго вы не зрушыце — за ім не зрушацца іншыя. На яго ў сяле азіраюцца: аўтарытэт! Во мы і ўдарым па гэтым аўтарытэце! Тады запяюць інакш. Пабаяцца.

— А ці правільна гэта? — набраўшыся духу, сказала Сцепаніда. — Раскулачваць, каторыя кулакі. А Гуж серадняк. Не, я не сагласная.

— Ну і кіраўніцтва! Ну і актыў! — пакутна застагнаў Новік. — Галавацяпы вы! Ён жа горш, чым кулак. Ён — сабатажнік! Зрывае калектывізацыю ў Выселках. А Выселкі зрываюць тэмп у раёне. Раён-зрыўшчык, вы разумееце, што гэта такое? Мусіць, за гэта цяпер па галоўцы не гладзяць. І нас, і вас!

— Як хочаце, а несправядліва гэта, — не здавалася Сцепаніда. У горле ў яе зацяло, і яна ўжо гатова была спрачацца, але Новік раптам усхапіўся і так закрычаў, нібы яна абразіла яго.

— Якая справядлівасць, цётка? У вас цемрашальства ў галаве, адсталае ўяўленне пра нейкую някласавую справядлівасць! А мы, бальшавікі, кіруемся адно класавай справядлівасцю: ніякай пашчады ворагу! Той, хто стаіць на нашым шляху, нам вораг, і мы яму ламаем хрыбет. Інакш новага жыцця нам не бачыць. Нас саміх сатруць у парашок. У вас капітулянцкія, праваўкланісцкія погляды, якія трэба бязлітасна выкараніць!

Сцепаніда маўчала. Яна ўжо ўсумнілася, падумала, можа, і так. Можа, гэты Новік і мае рацыю, ведама ж, ён разумны, адукаваны, не тое што яна — ходзіць у другую клясу лікбеза. Але ж Сцепаніда як уявіла сабе тое раскулачванне, плач, гора, высылку, дык ёй стала моташна. Што было рабіць?

— Як я скажу дзеравенцам? — пакутна круціўся за сталом Лявон. — Што сабатажнік? Ці зразумеюць? Не, не зразумеюць. Бо я і сам не разумею, — казаў ён памяркоўна і ўсё перакладваў на стале паперку — то бліжэй, то далей, то па адзін бок, то па другі.

У гэты час разгоніста-шырока расчыніліся дзверы, і ў хату ўскочыў высокі хлопец у шынялі з яркімі малінавымі пятліцамі на каўняры, зняў з галавы вастраверхі шлем з шырокаю зоркай на лбе. Сам быў счырванелы, запыханы, мусіць, спяшаўся, а вочы яго свяціліся жвавасцю і задавальненнем.

— Познішся, Ганчарык, — змрочна папракнуў Лявон. — Даўно трэба…

— Толькі прыбег з мястэчка, маці кажа: камбед.

Васіль Ганчарык павітаўся за руку з Новікам, пасля з Лявонам, абышоў астатніх — Недасеку, падаў руку Патапу, паціснуў сцюдзёнымі пальцамі далонь Сцепанідзе.

— Я каля вас, цётка.

— Сядай, — пасунулася трохі Сцепаніда. Ёй, аднак, было не да Ганчарыка — вялікі клопат затлуміў яе галаву.

— Пра што гамана? — запытаў Ганчарык, усё яшчэ ўсміхаючыся прывабнымі ямкамі на зружавелых шчоках. Ён толькі ўвосень прыйшоў з войска, адслужыўшы недзе на Далёкім Усходзе, цяпер збіраўся жаніцца. На ягонае пытанне, аднак, ніхто не адказаў, усе клопатна надзьмуліся, і ён, нешта адчуўшы, таксама сагнаў з твару мілую ўсмешку. Сцепаніда шапнула:

— Гужа раскулачваць…

— Во што!

— Так, раскулачваць, — зноў пачаў Новік. — І няма чаго рассусольваць. Калгас пад пагрозай зрыву. А Гуж… Наёмны труд быў? — раптам запытаў Новік і насцярожыўся, чакаючы адказу.

— Які там наёмны! — сказаў, нібы адмахнуўся, Лявон.

Але ў той час ля грубкі заварушыўся Новікаў брат Антось Недасека.

— А гэта… Як трысцен ставіў. Наймаў, ага. З Заграззя дзеда аднаго. Яшчэ за грошы сварыліся, Гуж яму тры рублі скруціў.

— Во, бачыш! — ажывіўся Новік і аж угнуўся перад Лявонам. — Было!

— Дык ці мала… Будаваў трысцен! Яно, калі так…

— Не так, усё правільна. Наёмная рабочая сіла — першая адзнака эксплуататара. Няважна, што мала зямлі.

— І гэта… Жаць памагалі, — узрадаваны сваёй кемлівасцю, гаманіў малодшы Недасека. — Наймаў ці за так — не ведаю. Але памагалі. Краўцова дачка Маруся жала.

— Тым больш! — яшчэ болей узрадаваўся Новік і задаволена адкінуўся за сталом. — Усё ясна. Давай стаў на галасаванне.

Сцепаніда захвалявалася, аж млосна стала, расшпіліла кажушок, зноў пачала зашпільваць. Разумела, Новік гаварыў правільна: гэты Гуж упёрся, не зрушыш, і на яго азіраюцца іншыя, можа, і была наёмная сіла — на будове ці ў жніво, але ж… Было дужа шкода гэтага старога, асабліва ягоных жанчын — цётку Фрузыну, хваравітую дачку Настульку, з якой яна тое лета адбывала радоўкі на пасце. Не, не магла яна пераступіць цераз гэтую жаласць нават дзеля агромністых класавых інтарэсаў. І не ведала, што рабіць.

— Што ж, — апанурана сказаў за сталом Лявон. — Калі так, прагаласуем. Хто, значыць, каб не раскулачыць, пакінуць…

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)