Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 254
Перейти на страницу:

— Не так! — усхапіўся Новік. — Няправільна! Хто за тое, каб Гужава Івана раскулачыць, падняць рукі, — аб’явіў ён і высока задраў сваю руку.

Ля грубкі ахвотна падняў руку яго брат. Патап Каландзёнак, стоячы на каленях ля топкі, азірнуўся з разяўленым ротам, як на нешта дужа цікавае, глядзеў на галасаванне. Сцепаніда, хаваючы вочы, спадылба касіла позірк у застолле, каб бачыць, як будзе Лявон. Той, аднак, яшчэ болей угнуўся, аблёгся на сталешніцу, а рукі не падняў.

— Дык што ж, — незадаволена сказаў Новік і апусціў руку на стол. — Хто супраць раскулачвання?

Не паднімаючы галавы ад стала, варухнуў у паветры даланёй Лявон, і Сцепаніда тады таксама трохі прыпадняла руку.

— Два на два, значыцца! — расчаравана абвясціў Новік. — Дзяла! А ты, Ганчарык? — раптам уставіўся ён на Васіля, і Сцепаніда сцяміла, што хлопец не галасаваў ні за, ні супраць.

— Я ўстрымаўся, — проста сказаў Васіль.

— Як гэта — устрымаўся? — аж страпянуўся Новік і ўскочыў з лавы. — Як гэта — устрымаўся? Ты — камсамолец, дэмабілізаваны чырвонаармеец? Хочаш працаваць у чырвонай міліцыі і ўстрымліваешся ад вострай класавай барацьбы? Дык што ж ты — сазнацельна іграеш на руку класаваму ворагу? — гняўліва крычаў ён, усё бліжэй падступаючы да Васіля. Той толькі міргаў прыгожымі, нібы ў дзяўчыны, вачмі.

— А калі я не разабраўся!

— Разбірайся! Справа калектывізацыі пад пагрозай зрыву. Камбед напалову заражаны правым ухілам. Сельсавет праяўляе апартунізм. Актыў — спрэс галавацяпы. А ён — не разабраўся. Тры хвіліны табе на роздум, і каб вызначыўся: хто? За калгасную палітыку ці супраць калгаснай палітыкі? Вызначы сваё палітычнае ліцо.

Сцепаніду аж трэсла, нібы ў ліхаманцы, целу стала нясцерпна горача, пот плыў па спіне, адчула: зараз штосьці рашыцца. Ад Васілёвага голасу будзе залежыць лёс Гужовых і, можа, лёс калгаса таксама.

Сапраўды, Васіль думаў не болей за тры хвіліны, штосьці прыкінуў, угнуўшы твар да падлогі, і ягоныя пальцы на каленях у сініх галіфэ ціхенька дрыжалі. Новік стаяў насупраць, чакаў.

— Ну?

— Так, ладна. Я — за, — рашыў Ганчарык і выпрастаўся.

Новік крута павярнуўся ад яго да Лявона.

— Усё! Прынята! Большасцю галасоў. Аформіць у пратакол. Гужоў Іван падляжыць раскулачванню.

13

Каб гэта было дадзена чалавеку — хоць трошачкі зазірнуць наперад, угледзець наканаванае яму, але схаванае за пластамі часу, тое, што з усёй відавочнасцю адкрыецца ў наплыве наступных дзён. Дык дзе там! Нічога не можа чалавек уведаць з свайго будучага і, бывае, радуецца з таго, што неўзабаве зробіцца прычынай гора, а то плача над тым, што пасля выклікае хіба што ўсмешку.

Сцепаніда той вечар усё ж не прамінула лікбеза, і хоць не пахвалілася ладна напісанымі радкамі (не было ўжо часу бегчы на хутар па сшытак), затое добра прачытала зададзенае, толькі адзін раз збілася на слове, якое цяпер часцей за іншыя гучала ў чалавечых вуснах: калекцівізацыя. «Калектывізацыя, — паправіла Роза Якаўлеўна, іхняя настаўніца на лікбезе, і паўтарыла: — Калектывізацыя! Запомніце ўсе, як гэта вымаўляецца па-беларуску».

Ды ўжо ж, мабыць, запомніла яна і ўсе іншыя, хто быў той вечар у няпаленай школцы — болей дзецюкі і пераросткі, што сабраліся на лікбез, і сярод іх толькі дзве жанчыны — Сцепаніда Багацька і Ганна Багацька, або, як яе звалі, — Анюта. Не, не радня — чужыя, проста ў Выселках паўвёскі былі Багацькі, а яшчэ паўвёскі — Недасекі, Гужовы, невялікая сям’я Ганчарыкаў. Пад поўнач, як скончыліся заняткі, яны ўдзвюх выйшлі са школы і нетаропка пайшлі ў канец Выселак.

Анюта ўвесь вечар была невясёлая і, чытаючы, рабіла памылкі, Сцепаніда нават падказала ёй двойчы: «Да працы ўсе, хто чуе сілу, пад сцяг чырвоны, вольны сцяг!» — а тая ўсё роўна не запомніла. Нешта з ёю рабілася незразумелае. Праўда, Сцепаніда не мела такога звычаю — лезці з роспытамі ў чужую душу, хапала свайго ўласнага клопату. Аднак Анюта сама не ўтрымалася.

— Ці ведаеш, цётачка, радасць жа ў мяне. Але ж во, нярадасна.

— Чаму ж нярадасна, калі радасць? — падзівілася Сцепаніда.

Яны ішлі вузкай, укатанай саньмі вуліцай, угары над стрэхамі пазірала ва ўсё сваё зіхоткае вока поўня, густа раіліся зоркі; ладны мароз браў за шчокі і пальцы — Сцепаніда схавала рукі ў рукавы кажушка, сашчапіла на жываце. Але было дужа слізка, ішлі дробненькім няпэўным крокам. Каб не ўпасці, Анюта ўзяла Сцепаніду за локаць.

— Дык гэта ж, дамовіліся з Васілём Ганчарыкам на жэнскі дзень ажаніцца. Учора быў, з бацькам раіўся ўвечары.

1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)