Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
— Бярыце. Цяпер жа ўсё — ваша.
Яна паварочвалася і выходзіла з хаты, паспеўшы, аднак, заўважыць на ражку стала, мусіць, не кранутую ім ежу — міску астыглай бульбы, гарлач малака і дзве лусты хлеба, якія прынесла ўранку. Стары зусім перастаў есці — невядома, як думаў жыць. Так можна было хіба паміраць.
Ёй было шкада яго, і гэтае шкадаванне надта азмрочвала іх вялікую радасць першага гаспадарання на ўласнай зямлі, усведамленне таго, што кабылка Ласка цяпер зусім іхняя, таксама як і чорная рахманая кароўка, не дужа, праўда, малочная, але маладая. Наперадзе было вольнае жыццё з безліччу клопатаў, цяжкой працай, але без прынукі, жыццё, дзе ўсё благое і добрае будзе залежаць толькі ад іх дваіх з Пётрам і ні ад каго болей. Гэта так радавала, узносіла аж пад самае неба ў шчасці, ад прадчування якога часам яна аж скаланалася — не верылася нават, што так усё павярнулася. То была ўдача, якую можна было хіба што сасніць.
Калі б толькі побач у хаце як жывы дакор ім не сядзеў днямі, саставіўшы з ложка ногі, ссохлы, лысы, раздушаны жыццём і няшчасцем стары.
Неяк яна не стрывала і ўвечары, управіўшыся са скацінай, сказала Петраку, што трэба пагаварыць з Яхімоўскім, што так нягожа, яны ж з ім столькі жылі ў добрасці і згодзе, без сваркі, а цяпер… Зноў жа трэба сказаць, што іхняй віны тут няма, што так павярнула ўлада, што тыя дзве дзесяціны ім далі, але яны іх не прасілі. Узялі, праўда, але калі б не ўзялі яны, дык бы аддалі іншым — ці мала галыцьбы на свеце. Трэба было неяк паддобрыцца да Яхімоўскага, каб не злаваў, а жыць — хай жыве ў хаце, яны пераб’юцца ў істопцы, пакуль не агораюць як-небудзь якую сваю хаціну. Як устануць на ногі. Яна ж будзе глядзець старога, няўжо ж за ягоную ласку яна не аддзячыць яму на яго ж зямлі!
Пятрок пакрактаў, не хацеў, адчуваў няёмкасць, але мусіў пайсці ў хату, і яна пачала ўслухоўвацца з сянец у не дужа ахвочую іх гаворку. Але хіба гэты Пятрок што зробіць як трэба — ён пачаў дужа здалёку, і гадзіну яны гаварылі пра іншае, успаміналі колішняе жыццё за царом, парадкі ў мястэчку і розныя навакольныя здарэнні ў лесе, на паляванні. Тады, выцершы фартухом рукі, Сцепаніда таксама сунулася цераз парог. Нешта адчуўшы, пан Адольф надзеў у рукавы свой чорны кафтан і зашпіліўся на ўвесь рад гузікаў. Яна прысела на лаве каля парога, а ён, крэкчучы, умасціўся ў старасвецкае дубовае крэсла насупраць вялікага цьмянага люстэрка ў прасценку.
— Даруйце нам, пане Адоля, — сказала Сцепаніда, як ён паправіў полы кафтана і склаў на каленях худыя рукі.
— Пан Езус даруе, — сказаў Яхімоўскі і строга, працягла паглядзеў у парог.
— Вы ж ведаеце, мы не самі. Ці ж мы прасілі? Нам далі.
— Але ж вы не адмовіліся…
— Ну як жа адмовіцца, пане Адоля? Аддалі б яшчэ каму. Вунь Ганчарыкам нічога не дасталося.
Здаецца, яна сказала трапна, Яхімоўскі хвіліну змоўчаў, мусіць, не ведаючы, як адказаць ёй. Толькі пасля вымавіў цвёрда, нібы прысуд:
— Цёнгле быў грэх квапіцца на чужое. На чужым і дармовым шчэнсця не бэндзе. Мне шкада вас.
Яны прымоўклі на парозе, а ён неяк задуменна ці роспачна ківаў голай і жоўтай, як касціна, галавой, думаў што ці дакараў іх моўчкі. Гэтыя яго словы — не пра сябе, а пра іх — неяк дужа кранулі трывогаю Сцепаніду, і яна зараз жа адчула нейкую благую праўду ў іх і замаркоцілася.