Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Віктар раптам перарваў сам сябе і задумаўся. Потым хітравата ўсміхнуўся:
— Гісторыя… Мне здаецца, супраць яе больш за ўсё лямантуюць тыя, каму нявыгадна, каб людзі разабраліся ў сённяшнім дні.
Абаяльнасць гэтага чалавека была такая вялікая, што Алесь раптам падумаў, ці не варта яму ва універсітэце акрамя філалогіі заняцца яшчэ і гісторыяй. Бадай, так і трэба будзе зрабіць.
Ён думаў аб сваёй будучыні шмат. Юрыдычны факультэт яго не вабіў: якому праву могуць навучыць у краіне бяспраўя? Добра, на факультэце выкладаюць такія велічыні, як Уцін, будуць выкладаць, з гэтага года, людзі, пра якіх шмат гавораць за апошні час, — Кавелін і Спасовіч. Кавелін будзе гаварыць пра грамадзянскае права ў той час, калі ў дзяржаве няма грамадзян, а ёсць абываталі. Уцін будзе параўноўваць заканадаўства імперыі з заканадаўствам іншых краін, у той час, калі ўсім вядома, што законаў "ад Пермі да Таўрыды" няма, а ёсць замест іх паліцэйскае самавольства.
Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі.
Статыстыка і палітэканомія былі надзвычай цікавай штукай. Але хто дазволіць сумленна падлічваць галодных і раздзетых?
— Дзе вы? — спытаў Віктар.
— Думаю аб сваёй дарозе. Разумееце, люблю пісьменства, люблю філалогію. З ахвотаю пайшоў бы туды. Але ж я таксама сучасны чалавек. Ведаю, людзям зараз патрэбна фізіялогія, батаніка, хімія, медыцына. Патрэбна практычная дзейнасць…
— Лухта, — сказаў Віктар. — Добры філолаг лепшы за дрэннага медыка. Нашто ж вам перці супраць схільнасці? Чалавек павінен сваёй справай займацца з асалодай.
— Але карысць…
— А што карысць? Што, можа, у нас ёсць лішнія філолагі? Вы якія мовы ведаеце?
— Беларускую, рускую, польскую (апошнія дзве не так добра). Ну і яшчэ французскую, амаль як сваю, нямецкую, амаль як сваю, англійскую значна горш… I яшчэ італьянскую, каб чытаць.
— Ён яшчэ думае. Жаб ён будзе трыбушыць з такім багажом. Дурны смех! Ды вы разумееце, якую карысць вы можаце прынесці для нашай мовы?
— Я і сам думаў, — сказаў Алесь. — У нас няма ні слоўніка, ні мовазнаўчых прац, ні нататак аб старажытнай і сучаснай літаратуры. Але ў мяне, відаць, не будзе часу, каб скончыць усё гэта.
— Ва ўсіх не будзе часу, — сказаў Віктар. — I ўсё ж пачынаць трэба. Паміраць збірайся, а жыта сей… — I раптам перайшоў на "ты", нібы адзначыў: "Свой". — Я табе свой слоўнік архаізмаў аддам. Усё, што выпісаў з грамат. Дзевяць тысяч слоў ужо ёсць… Універсітэт табе дасць — благую ўжо ці добрую, не ведаю — сістэму. Пастарайся стаць бліжэй да Ізмаіла Сразнеўскага, прафесара. Выключны філолаг, вер мне. Ды ён і сам ад цябе не адчэпіцца. Шмат, думаеш, адукаваных людзей, што так па-беларуску шпараць? Адзінкі. А ты унь проста як салавей на ёй спяваеш, натуральна. Аж зайздрасць бярэ… Ну, а Ізмаіл Іванавіч наконт новых ведаў проста цмок.
Ускінуўся:
— Адразу ж і сядай. Вялікую справу зробіш. А то хто наша слова ад пляўкоў адмые, хто давядзе, што яно павінна жыць, хто слоўнікам нехлуслівым фарпосты яго замацуе, каб не забылі ўнукі? Хто скарбы збярэ? Літаратура ім, бачыце, лухта! Паэзія ім, бачыце, дрындушкі!
— Маеш рацыю, Віктар, — таксама перайшоў на "ты" Алесь. — Сэрцам мяне і, скажам, іспанца можа яднаць толькі пісьменства… Значыць, мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка, усё такое, гэта не дрындушкі, а сродак сувязі між душамі людзей. Вышэйшы сродак сувязі.
— I вось яшчэ што, — сказаў Віктар. — Ты чалавек начытаны, ведаеш шмат. Табе лёгка будзе. Ты паспрабуй запісацца адразу на два факультэты і за два гады іх скончыць. Скажам, на філалагічны і, калі так ужо хочаш, на нейкае натуралісцкае аддзяленне. А потым займіся, ну хоць бы…
— Я думаю, лепей будзе так, — сказаў Алесь. — Два-тры гады я займуся больш сумежнымі прадметамі. Скажам, філалогіяй і гісторыяй… А потым можна заняцца і прыродазнаўствам.
— А што? I праўда. А здужаеш?
— Здужаю. Трэба.
— Ой, братка, як трэба! Як нам патрэбны адукаваныя людзі! Куды ні зірні — усюды дзірка. А па гісторыі ў нас тут зусім нядрэнныя сілы. Благавешчанскі — па Рыму. Паўлаў — па агульнай гісторыі. Кажуць, па рускай гісторыі будзе Кастамараў. Стасюлевіч — па гісторыі сярэдніх вякоў. Нічога, што самы крывавы час. Затое не такі свінскі, як наш. Дый Міхал Мацвеевіч ліберал. Беларуссю цікавіцца, бо паходжанне абавязвае.