Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:

Другая кніга «Сякера пры дрэве» працягвае знаёміць чытача з захапляльным раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі. У другой кнізе аўтар распавядае пра падзеі што адбываліся ў Беларусі і былі прадвесьнікамі крывавага жніва, што прынесла паўстаньне. Моладзь з плянамі ідэямі і надзеямі на лепшую будучыню роднай Беларусі, яшчэ не ўсьведамляе цяжкі лёс абраны імі. Літаратурныя прыўкрасы пераплятаюцца з гістрычнымі фактамі зьвязанымі зь лёсам кіраўніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага і чытаючы ня хочацца верыць, што вынікам усіх мараў і летуценьняў моладзі таго часу стануць шыбеніцы і высылкі. Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 164
Перейти на страницу:

…Дзейнасць цвярскога камітэта скончылася разгонам і расправай. Дзейнасць прыдняпроўскіх камітэтаў, праз шэсць год пасля іх арганізацыі, выбухнула магутным пажарам спачатку шляхецкага, а потым сялянска-шляхецкага паўстання. Адны пайшлі ў ссылку, другія — на эшафот і пад карцеч. Адны не дабіліся нічога, акрамя славы высакародных пакутнікаў, другія ўласнай крывёй купілі свайму народу неадкладную адмену грабежніцкіх часовых абавязкаў, выкуп зямлі і павелічэнне надзелаў.

Але пакуль што да гэтага было далёка.

Пакуль што губернскі камітэт, якім кіраваў пан Юры і ў складзе якога быў дэлегатам ад Сухадольскага павета стары Вежа (упершыню за пяцьдзесят з лішнім год пайшоў на грамадскую пасаду), лаяўся, ваяваў і штурхаў дваранскую масу на ўсё больш і больш левы шлях. Гэта ўдавалася рабіць таму, што пан Даніла з сынам асабіста раскатурхвалі дробную шляхту, якая мела права голасу, але ніколі дагэтуль ім не карысталася, не мела прыгонных і таму магла галасаваць за як мага больш ільготнае вызваленне чужых мужыкоў.

Падтрымлівалі Загорскіх і буйныя землеўладцы.

Сярэдзіна чартыхалася, але, сціснутая з двух бакоў, нічога не магла зрабіць. Пан Юры атрымаў нечаканую падмогу жонкі. Пані Антаніда была абурана царскім рэскрыптам.

…На абшарах імперыі сапраўды ішла бойка.

Сярэднія і дробныя ўладары душ разлютавана крычалі супраць адмены. Звязаныя з рынкам багацеі патрабавалі неадкладнага скасавання рабства.

Цалкам у духу рэскрыпта выступіў пецярбургскі камітэт. Праект Пятра Шувалава ўзнялі на шчыт самыя абрыдліва-правыя элементы. Пакінуць мужыку толькі прысядзібны ўчастак, прымусіць яго арандаваць зямлю на тых умовах, якія прадыктуе гаспадар. Пакінуць за сабою ўсю паўнату эканамічнай улады і значную частку юрыдычнай.

Праекту Шувалава ў пэўнай ступені падтаквалі гаспадары Украіны і чарназёмнага поўдня. Палтаўскі праект патрабаваў, каб уся зямля па сканчэнню пераходнага перыяду падпала пад адчужэнне ад сялян і зноў была аддадзена ў рукі памешчыкаў. Калі ж мужык захоча купіць зямлю ў свайго былога пана, у другога пана ці ў казны — хай сам урад дае яму крэдыт. Ведалі, што пры ўбостве казны, спустошанай пенсіямі і марнатраўнай раскошай вярхоў, пры шматлікасці абяздоленых, якія будуць прасіць крэдыту, сума пазыкі можа быць толькі мізэрная.

Значыць, сялянская сям'я з купленай зямлі не пражыве. Да былога ж гаспадара прыйдзе прасіць працы і хлеба. Нэндза прымусіць пірагі есці.

Супраць гэтага ўсеагульнага, з поўначы і з поўдня, віску прыціснутых і таму раз'юшаных уласнікаў, супраць гэтага ўзбаламучанага мора трэба было змагацца.

Пан Юры разумеў: паддацца гэтаму — і канец, крах.

I ён вырашыў змагацца за зямлю для сялян, пакуль будзе жывы. Узнімаць на гэта людзей, катурхаць іх, лаяцца, ціснуць на непакорлівых грашыма і ўладай.

Праект Ункоўскага быў для яго таксама занадта правы.

Ункоўскаму не трэба было біцца за грамадства, якое дыхае на ладан. Ён мог сабе дазволіць даць му-жыку зямлю за выкуп, які паможа яму, Ункоўскаму, і тысячам такіх сабраць капітал на новую гаспадарку. Ен мог крычаць аб тым, што за зямлю няхай мужыкі плацяць самі, а за мужыцкую волю памешчыкаў павінна ўзнагародзіць дзяржава.

Параіўшыся, Вежа і пан Юры вырашылі паступова, але цвёрда, не падымаючы залішняга шуму, не грэбуючы нічым, нават грашовым прэсам, дабівацца ад як мага большай часткі прыдняпроўскага панства ажыццяўлення іхняга праекту.

Дзве трэці зямлі, якой уладаў да вызвалення мужык, пераходзяць да яго без выкупу. Мала, але пражывуць. Адрэзаная трэць забяспечыць прыплыў рабочай сілы ў буйныя гаспадаркі. Выкуп за асобу намінальны, толькі каб не вякалі Шувалавы ды Позены, каб на пераходны перыяд трохі прытрымаць людзей і даць ім магчымасць асталявацца.

Гэта была адзіная ўступка ўсёй гэтай хаданскай навалачы, якую яны вымушаны былі зрабіць.

Энергічна рыхтаваліся свае людзі на ўсе пасады ў камітэтах. Праз Ісленьева ўдалося абалваніць губернатара Беклемішава да таго, што ён прызначыў "сваімі" членамі ў камітэт Юлляна Раткевіча і Януша Біскуповіча.

Тыя адразу паставілі перад губернатарам яшчэ прапанову: выкуп мужыкамі астатняй, адрэзанай трэці зямлі. Губернатар засумняваўся. "Прызначаныя" паднялі галас, што ён хоча пазбавіць цукраварні і гуты рабочых рук. Беклемішаў падумаў хвілінку і падпісаў.

Калі пасля гэтага "двойца" выступіла на зборні "ад імя губернатара" з гэтай прапановай — прыдня-проўскае "балота" аж вадун завадзіў. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але прывезеная панам Данілам дробная шляхта (гісторыя з прапановай Раткевіча трохі-такі навучыла Загорскіх метадам палітычнай барацьбы) пачала шумна гарлаць, ухваляючы прапанову.

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 164
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)