Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0899-9
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве». Краткое содержание книги:
Загарэўся:
— Ты чалавек не бедны. Ездзіць можаш. Гэта табе не ў часы Радзішчава. Дарогі да Масквы — лухта. Можаш ездзіць туды Салаўёва слухаць. Не на кожнай жа лекцыі тут табе сядзець. Прозвішчы ўсіх, да каго на лекцыі хадзіць не варта, прачытаеш у "Северной пчеле". Каго яны хваляць — той, значыць, і ёсць самае дзярмо.
I раптам устаў:
— Значыць, вырашылі. Жаб няхай іншыя прэпаруюць. Твая справа — пачаць змаганне за слова. Слоўнік. Пісьменства. Мова. Для ўсіх гэтых, што кінулі. I для ўсіх, што ў хатах без святла. Пры лучніку.
— Страшнавата.
— Нічога не страшнавата.
На сходах загучалі крокі. Твар гісторыка расплыўся ў хітраватай усмешцы. I гэтая ўсмешка была такая дзіцячая, што чалавек, відавочна год на пяць старэйшы за Алеся, здаўся яму юнаком, якому толькі дурэць і сваволіць.
— Ідуць, — сказаў Віктар. — Хавайся.
Алесь стаў ля дзвярэй, каб, адчыненыя, яны засланілі яго.
Тупат набліжаўся. Алесь бачыў удавана абыякавы твар Віктара. Потым дзверы закрылі яго. Зайшло некалькі чалавек. Высунуўшы галаву з-за дзвярэй, Алесь убачыў Кастусёву патыліцу.
— Так, — сказаў Кастусь. — Дастаў, што праўда, пяцьдзесят капеек, дык вось хлопцы галодныя.
— Ясна, — Вiктар пачухаў патылiцу. — Добра, зараз падумаем, што на ўсё гэта зрабiць.
I раптам нібы ўспомніў:
— Дарэчы, Кастусь. Тут да цябе нейкі чалавек заходзіў. Даліктун такі — фу-ты ну-ты! Чакаў. Паспрачаліся мы тут з ім. Дык ён замест адказу выкарыстаў апошні ў палеміцы доказ: плюнуў мне ў галаву вішнёвымі костачкамі дый дзвярыма ляснуў.
— Вечна ты так з людзьмі, — сказаў Кастусь. — Што, праўда — плюнуў?
— Каб мне бацькаўшчыны не ўбачыць!
— Ч-чорт. Ты хоць прозвішча запомніў?
— Ды гэты… Як яго?.. Ну-у… Заборскі?.. Заморскі?.. Загорскі, вось як! Сказаў, што нагі больш ягонай тут не будзе.
Кастусь сеў на кніжны стаўбунок.
— Віктар… Ты што ж гэта нарабіў, Віктар?
— А што? — сказаў Вiктар. — Падумаеш!
Алесь выйшаў з-за дзвярэй і стаў сярод неўразумелых хлопцаў.
— Ды ідзі ты да д'ябла! — выбухнуў Кастусь.
— Зараз, — сказаў Загорскі.
Кастусь павярнуўся і лыпнуў вачыма. Хлопцы зарагаталі. Каліноўскага нібы падкінула.
— Алеська! Не пайшоў! Алеська!
Яны малацілі адзін аднаго па плячах і спіне так гучна, што рэха ляцела.
Хлопцы вакол глядзелі на іх і таксама ўсміхаліся шырока і шчыра. Толькі ў аднаго, высакаватага і тонкага шатэна, усмешка была паблажлівая. Усміхаўся, нібы ласку рабіў.
— Вой, хлопцы, — спахапіўся Кастусь. — Як жа гэта?! Знаёмцеся. Гэта па-старому князь, а па-новаму грамадзянін Загорскі. Зваць яго — Алесь. Добры і свой хлопец. Таму ўсе вы да яго павінны звяртацца на "ты". I ты, Алесь, пра "вы" забудзь. Французяціну гэтую — прэч. Мы тут усе — браты.
Першы, працягваючы руку, сказаў па-мужыцку:
— Хвелька Зянковіч. З універсітэта. Дражняць абрыкосам, — вінавата ўсміхнуўся ён. — Вядома, не ў вочы.
— Не буду, — сказаў Алесь.
— I не раю, — сказаў Віктар. — Ён у нас у гарачай вадзе купаны.
Другі хлопец яшчэ тады, калі моўчкі глядзеў на сустрэчу сяброў, прыцягнуў увагу Алеся. Чыстае строгае аблічча, суровае і змрачнаватае на выгляд.
— Я з ляснога інстытута, — усміхнуўся хлопец.
Па-руску ён гаварыў з даволі прыкметным польскім акцэнтам. Асабліва прыемна гучала ў некаторых словах "л", па-дзіцячы падобнае на "в".
— Прозвішча маё Валеры Урублеўскі.
— Палясоўшчык будзе, — іранічна ўставіў непапраўны Віктар. — I знаеш чаму?
— Ну? — мякка спытаў Валеры.
— Ён, праз абмежаванасць разумовых здольнасцей, з усяго "Пана Тадэвуша" сяк-так зразумеў толькі адзін слупок:
Дый вырашыў, што найлепшы шлях для змагання з урадавым уціскам — ахова лясоў.
— Маеш рацыю, — падтрымаў гульню Валеры. — Сякуць лясы, здзіраюць шкуру з зямлі. А Польшча, дый твая Беларусь, да таго часу і жывуць, пакуль ёсць пушчы. Не будзе дрэў — і іх не будзе. — Алесь раптам заўважыў амаль сур'ёзныя ноткі ў хлопцавым тоне. — Так што дазваляйце, хлопчыкі, секчы, дазваляйце.
Урублеўскі ўсміхнуўся.
— I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне — куды я заўсёды бягу? "До лясу". Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?
— Ты можаш з ім і па-польску гаварыць, калі табе зручней, — сказаў Віктар. — Ён трохі ведае.
— Чаму? — сказаў Валеры. — Я па-беларуску таксама ведаю.
22
Дрэвы, помнікі нашы, колькі кожны год вас жарэ купецкая або ўрадавая маскоўская сякера (польск.)