Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Сотнікаў
Сотнікаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сотнікаў

Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:

Аповесць Сотнікаў - аповесць-разважанне аб вечных філасофскіх пытаннях - цане жыцця і смерці, баязлівасці і гераізме, вернасці абавязку і здрадзе, - пытаннях, з усёй варожасцю зададзеных героям Васіля Быкава вайной.
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 67
Перейти на страницу:

Размова на тым абарвалася, Рыбак і Пётра сцішыліся кожны ў сваім кутку. Сотнікаў не то задрамаў ці, можа, забыўся ў гарачцы. Акенца зусім пагасла і ледзь шарэла пад столлю, раздзеленае жалязякамі кратаў на чатыры квадраты. У камеры стала зусім цёмна. Гаварыць нікому не хацелася, кожны паглыбіўся ў сябе і свае невясёлыя думкі.

І тады зноў на прыступках затупалі, расчыніліся надворныя дзверы і нечакана лязгнуў засоў іхняе камеры. Яны ўсе насцярожыліся, сцятыя аднолькавым у такіх выпадках пытаннем: па каго? Тым не менш і цяпер, відаць, не забіралі нікога, - наадварот, некага вялі сюды.

- Ну, марш!

Хтось нябачны і амаль нячутны прашмыгнуў у дзверы і стаіўся каля парога ля самых ног Рыбака. Калі дзверы за ім зачыніліся і паліцай, пасвістваючы, замкнуў надворны замок, Рыбак кінуў у цемру:

- Хто тут?

- Я.

Голас быў дзіцячы, гэта стала зразумела адразу - невялічкая постаць сцялася ля самых дзвярэй і маўчала.

- Хто я? Як завуць?

- Бася.

«Бася? Што за Бася? Быццам жыдоўскае імя, але адкуль яно ўзялося, гэта дзяўчо? - здзівіўся Рыбак. - Усіх жыдоў у мястэчку расстралялі яшчэ ўвосень, здаецца, не асталося ніводнага - як гэта апынулася тут? І чаму яе прывялі ў іхнюю камеру, а не да Дзёмчыхі?»

- Адкуль ты? - не тоячы заклапочанае цікаўнасці, запытаў Рыбак. Дзяўчынка маўчала. Тады ён запытаў другое: - А колькі табе гадоў?

- Трынаццаць.

У куце заварушыўся Пётра.

- Гэта самае... Ці не Мэера-шаўца ты дачка?

- Ну, - ціха пацвердзіла дзяўчынка.

- А-я! Мэера ж тады застрэлілі з усімі. Як жа ты ацалела? Мусіць, схавалася дзе?

У адказе было ціхае, насцярожанае, а можа, недаверлівае, маўчанне. Зрэшты, Рыбак ужо не чакаў яе адказу, ён раптам згубіў усякую цікавасць да гэтай дзяўчынкі, устрывожаны іншым: чаму яе сюды прывялі? У склепе ж былі, напэўна, і яшчэ месцы, недзе паблізу сядзелі жанчыны - навошта дзяўчынку падсадзілі ў мужчынскую камеру? Які ў гэтым сэнс?

- І чаго ім трэба ад цябе? - тым часам распытваў Басю Пётра.

- Каб сказала, у каго хавалася.

- А-а, во як! - зразумеў у кутку Пётра. - Ну што ж... Гэта так. А ты не сказала ж?

Бася зацялася, нібы і не дыхала, абмерла і маўчала.

- І не кажы, - проста адобрыў стараста. - Нельга такое казаць. Людзі дабро зрабілі, дык і маўчы. Калі і біць будуць. Ці, мусіць, цябе ўжо білі?

Замест адказу ў парозе пачуўся хліп, за якім прарваўся нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата.

Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.

- Рыбак!

- Я тут.

- Там вада была.

- Што, піць?

- Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш!

Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.

- Не плач. На вады.

Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.

- Ідзі да мяне, - паклікаў Пётра. - Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.

Дзяўчынка ўстала і, нячутна ступаючы ў цемры босымі нагамі, паслухмяна перайшла да старога. Той трохі пасунуўся, даў ёй месца поруч з сабой.

- Да-а! Папаліся... Што яны яшчэ зробяць з намі?

Рыбак засяроджана маўчаў, не маючы ахвоты падтрымліваць размову; побач ціхенька стагнаў Сотнікаў. Яны чакалі. Уся іх увага цяпер міжвольна засяродзілася на прыступках - адтуль ішла бяда.

І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.

Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» - «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» - «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» - злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было - гэта вялі Дзёмчыху.

Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру - крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:

- Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..

- Давай, давай! Чорт цябе не возьме! - прыкрыкнуў Стась. - Да ранку перабудзеш!

- А ўранку што? - запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 67
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)